Лета дае магчымасць школьнікам не толькі цудоўна адпачыць, але і зарабіць грошы. У апошнія гады такая форма работы як лагер працы і адпачынку для непаўналетніх набірае абароты і карыстаецца попытам сярод непаўналетніх і іх бацькоў.

Тэрыторыя актыўнага жыцця

Гэта добрая альтэрнатыва для сумяшчэння працы і вольнага часу падлеткаў. Сезон работы лагераў пачынаецца з пачаткам летніх канікул і доўжыцца да канца жніўня.
У пачатку чэрвеня стартаваў лагер працы і адпачынку “Лесавод” на базе ДУА “Сярэдняя школа № 1 горада Петрыкава”. Кожную раніцу дваццаць юнакоў і дзяўчат у суправаджэнні педагогаў накіроўваюцца на гадавальнік ДЛГУ “Петрыкаўскі лясгас” для праполкі саджанцаў. Па словах намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Марыны Жукавец, кантроль за ўмовамі працы ў такіх лагерах здзяйсняецца сур’ёзны. Залічаны могуць быць дзеці з 14 гадоў, працуюць падлеткі не больш за чатыры гадзіны, прычым толькі ў першай палове дня, праз кожныя 45 хвілін перапынак. Дзеці дапускаюцца да работы пасля заняткаў па тэхніцы бяспекі і забяспечваюцца неабходным інвентаром.
– Для залічаных у лагер здзяйсняецца трохразовае харчаванне і дадатковы поўднік, – працягвае Марына Міхайлаўна. – Перад адпраўкай на працу вучні атрымліваюць збалансаваны сняданак, па прыездзе – абед. У другой палове дня прапаноўваюцца мерапрыемствы для вольнага часу. Гэта спартыўныя гульні, работа аб’яднанняў па інтарэсах, удзел у маладзёжных акцыях. На працягу апошніх гадоў жадаючых для залічэння ў лагер дастаткова.
Пры гутарцы з вучнямі, тыя не хавалі асноўную матывацыю наведвання лагера – зарабіць грошы.

Нагадваем, што жадаючыя атрымаць адказы па пытаннях працаўладкавання непаўналетніх у перыяд летніх канікул могуць звярнуцца ў раённы камітэт грамадскага аб’яднання “Беларускі Рэспубліканскі Саюз моладзі” па нумары 2-70-75 з панядзелка па пятніцу з 8.30 да 13.00, з 14.00 па 17.30.

16-гадовы Марат зазначыў, што бацькі палічылі, што лепш чым сядзець дома, паспрабаваць працаўладкавацца.
– Хочацца мець свае грошы, –працягвае юнак, – каб патраціць на пакупку, не звязаную з сямейным бюджэтам. Яшчэ для мяне немалаважныя зносіны з таварышамі.
Пра сваё рашэнне быць залічанным у лагер дзеліцца Ігар:
– Пры такой працоўнай дзейнасці разумееш кошт грашаў. Бывае стамляемся, але дамаўляемся працаваць у суботу, бо наша зарплата залежыць ад выкананай работы. Я ўпэўнены, што кожны з нас не растраціць грошы бяздушна. Мне ўжо 16 гадоў і ў мяне ёсць жаданне адчуць цяжар працы.
У размову ўключаецца 15-гадовая Варвара:
– Для мяне было цікава бліжэй пазнаёміцца з асновай лясной гаспадаркі. Пабыць з сябрамі на прыродзе і з карысцю правесці вольны час.
Усе суразмоўцы ўпэўнены: для падлетка знаходжанне ў лагеры працы і адпачынку з’яўляецца магчымасцю паспрабаваць сябе ў якасці сапраўднага працаўніка, зарабіць грошы, з карысцю правесці вольны час.
Праз некаторы час вучні закончаць школу. Пасля атрымання атэстату маладыя людзі ўжо самі павінны вырашыць, якую прафесію выбраць і чым займацца ў будучым. Калі ў дзецях закладзены правільныя адносіны да працы, то яны хутка знойдуць сябе ў будучай прафесіі і рэалізуюць свае жыццёвыя пазіцыі.

Святлана Собалева,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о