Памылкі апошняй сустрэчы

0
430

Памылкі апошняй сустрэчы

У нядзелю, 5 лістапада, петрыкаўскі “Шахцёр” прымаў “Жодзіна-Паўднёвае” ў рамках 31-га тура першай лігі Чэмпіянату Беларусі па футболе.

Звонку здавалася, што каман-дзе з Міншчыны можна было даць бой, бо клуб знаходзіцца ў другой палове турнірнай табліцы, выступае ў дывізіёне толькі першы сезон. Але, калі прыгледзецца да саперніка больш уважліва, трэба прымаць да ўвагі і той факт, што да фінішнай прамой турніру жодзінцы падышлі ў лепшай сваёй кандыцыі: футбалісты не лічыліся з апанентамі і літаральна разбіралі ўсіх на сваім футбольным шляху, пачынаючы з 28-га тура: 4:1 з “Макслайнам”, 3:0 з “Астраўцом”, 5:1 з “Маладзечна”.

Так і на гэты раз госці вырашылі не адкладаць вызначэнне мацнейшых на доўгую перспектыву. Ужо на 6-й хвіліне гульні футбаліст з Жодзіна падабраў мяч, скарыстаўшыся няўдалым адскокам ад галавы абаронцы “Шахцёра”, і моцным ударам адправіў круглага ў левы кут брамы з паўкруга штрафной пляцоўкі. Варатар “гарнякоў” кінуўся да снарада, але не выправіў сітуацыю – 0:1.

Гульня станавілася ўсё больш вострай. Гаспадары адказалі неблагімі атакамі, але спачатку перакладзіна, а потым брамнік “Жодзіна-Паўднёвага” выратавалі гасцей ад параўнання ліку. А вось вароты жоўта-чорных засталіся без паратунку, калі на 21-й хвіліне Марат Калінчанка ювелірным ударам накіраваў мяч у “левую дзявятку” па дузе па-над Мікітай Доўнарам – 0:2.

Яшчэ праз 9 хвілін кіпера “салевікоў” літаральна расстралялі з цэнтра штрафной і калектывы падзялялі ўжо тры мячы.

У другой палове матча гульня крыху скінула абароты. Вароты Доўнара ўсё ж выратавала перакладзіна, а адказ “Шахцёра” хоць і прымусіў хвалявацца нешматлікіх заўзятараў з Жодзіна, што прысутнічалі ў той дзень на стадыёне “Прыпяць”, але лік сустрэчы не змяніў. Калі матч блізіўся да свайго завяршэння, гаспадары ўсё ж здолелі арганізаваць годную атаку: высокі навес замкнуў галавою Станіслаў Стэфановіч і запаветны мяч трапіў у сетку на 85-й хвіліне. Гол прэстыжу быў забіты і некаторыя прысутныя вырашылі накіравацца дадому, не дачакаўшыся апошняга свістка ў гэтай гульні. Дарма, наперадзе аматараў футбола чакалі яшчэ два галы…

Калі да канца асноўнага часу заставалася менш за хвіліну, нападаючы з Жодзіна, нібы па вуліцы прайшоў да варот, абыграў абаронцу і, відаць істотна здзівіўшыся, што астатнія апаненты даволі млява сцягваліся да яго, не прамаруджваючы, трапна прабіў па варотах – 1:4.

Відаць, такі ўдалы штурм натхніў гасцей і праз дзве хвіліны галкіперская статыстыка Мікіты Доўнара была пагоршана ўжо ў апошні раз у гэтай сустрэчы. Зноў выхад да паўкруга штрафной, зноў стрыманыя дзеянні абароны і вольная прастора для нападаючага, зноў удар і гол – 1:5 на трэцяй дадатковай хвіліне.

Калі адкінуць выслоўі з адценнем верагоднасці, што “Шахцёру” не шанцавала, а ў жодзінцаў заляталі хіба не ўсе мячы, то ў рэшце ўсё роўна трэба зазначыць, што госці былі нашмат мацнейшыя і здолелі выкарыстаць на сваю карысць усе хібы “калійнай” абароны.

Самы просты варыянт забіць “салевікам” – з вуглавога. Каманда з берагоў Прыпяці наўпрост не ўмее дасканала дзейнічаць у час выканання гэтага стандарту. Не заўсёды можна назіраць нават гульню на другім паверсе, а калі мяч трапляе ў поле, ігракі не разумеюць, хто першым павінен выходзіць на круглага. У гэтай разгубленасці “Шахцёр” церпіць паражэнне ўжо далёка не першы раз і чаму такія моманты грунтоўна не разбіраюцца на трэніроўках – не зразумела.

Акрамя гэтага, у той дзень мы пабачылі, па-першае, не паспяваючых у сваю штрафную футбалістаў у жоўтай форме, а па-другое, выключна слабае ўзаемадзеянне абароны і паўабароны “гарнякоў”. У выніку некалькі футбалістаў петрыкаўскай дружыны нібы і сустракалі атакі сапернікаў на пазіцыях, але былі замкнёныя ў межах сваёй штрафной, у той час як астатнія таварышы па камандзе на сваю палову поля не спяшаліся.

Такім чынам, “Шахцёр” застаецца з 19-цю ачкамі і адлегласць у тры балы з бліжэйшымі канкурэнтамі – “Слонімам-2017” – застаецца. Нагадаем, што ў “калійшчыкаў” застаецца ў календары тры сустрэчы, а вось слонімчан чакае толькі дзве сустрэчы.

У гэту нядзелю “салевікі” згуляюць з “Нівай” у гасцявым матчы, а 18 лістапада, у суботу, на стадыёне “Прыпяць” будзем чакаць магілёўскі “Днепр”. Пачатак матча ў 14 гадзін.
Усім футбола!

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о