Уборка зерневых у ААТ “Пціч-Агра” пачалася яшчэ ў пачатку тыдня. І калі ў маі аграрыі з нецярпеннем чакалі дажджу, то цяпер надзеі ўскладаюць на сухое і сонечнае надвор’е, якое дасць магчымасць без страт убраць вырашчаны ўраджай.

– Задача, пастаўленая перад аграрыямі кіраўніком краіны – не згубіць ні аднаго зернятка – пачутая, па-іншаму і нельга,  – гаворыць дырэктар гаспадаркі Дзмітрый Любачкін, які разам са спецыялістамі прыйшоў на палеткі,  каб патрымаць у руках першыя зжатыя каласы. – Усе мы чакаем добры ўраджай, бо работы, па яго дасягненню зроблена нямала.

У гаспадарцы гавораць, што ўраджайнасць зерневых  абнадзейвае.  Вядома, многае залежыць ад надвор’я, але пакуль што віды на каравай добрыя. Як адзначыў галоўны аграном гаспадаркі Уладзімір  Пракапенка, сёлета ім патрэбна ўбраць зерневых з 1197 гектараў. Таму кожны дзень, на вагу золата.

У гэтым годзе на жніве ў гаспадарцы працуюць шэсць камбайнаў, экіпажы якіх складаюцца з надзейных камбайнераў, што не першы сезон працуюць. Адзін з такіх – экіпаж Мікалая Лукшы,  якому ганарова  даручылі на сваім камбайне, пад пільнай увагай прысутных пакласці першы пракос.

– Уборка – гэта, напэўна, адна з самых важных кампаній, – гаварылі камбайнеры, – а таму тут нельга працаваць абы-як. Мы працуем разам не адзін сезон, таму і навучыліся ўжо добра разумець адзін аднаго, а гэта не малаважна ў нашай справе.
І сапраўды, для паспяховай працы патрэбны не толькі добрае надвор’е, добрая тэхніка, арганізаваныя гарачыя абеды, але і ўзаемаразуменне, узаемапавага паміж  працаўнікамі.

Усе мы з пачаткам жніва з павагай і хваляваннем сочым за хлебаробамі, якія  без выхадных працуюць, можна сказаць, жывуць у гэты гарачы час толькі будучым ураджаем. З ранку да вечара сельгаснікі ў полі. І няхай не заўсёды ім лёгка, але яны добра разумеюць, для чаго гэта патрэбна. Сёння менавіта хлебаробы стараюцца з усёй моцы, каб на нашых з вамі сталах круглы год быў свежы бохан хлеба. Пажадаем ім поспехаў у такой шчырай і патрэбнай працы.

Святлана СОБАЛЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о