Даволі часта ў нашым грамадстве можна пачуць думку, што бацькі запісваюць дзіця на ўрок малявання або музыкі толькі для таго, каб яно дарма не бадзялася па вуліцах. Пры гэтым трэба ведаць, што эстэтычнае выхаванне дзіцяці, развіццё густу і нагляднасці літаральна стварае з яго асобу, дазваляе бачыць свет больш шырока, фарміруе яго культурны ўзровень і каштоўныя арыенціры.

Настаўнік музыкі: “Важна вытрымаць канкурэнцыю з тэлефонам”Канцэртмайстар і настаўнік па фартэпіяна Таццяна Паўлоўская расказала “ПН”, як педагогі змагаюцца за ўвагу дзіцяці, канкурыруючы з гаджэтамі. Спойлер: паспяхова!

– Сёння ў стагоддзе інфармацыйных тэхналогій настаўніку трэба быць максімальна арыгінальным, шукаць новыя шляхі ўзаемадзеяння з вучнем і яго бацькамі, часам нават ісці на хітрыкі, – пачала размову Таццяна Сяргееўна. – Выдатна, калі дзіця таленавітае і працавітае, тады педагогу ў разы лягчэй, але ў большасці выпадкаў такіх дзяцей не так шмат, як хацелася б.

Таццяна Сяргееўна скончыла Мазырскі дзяржаўны музычны каледж, а таксама ўніверсітэт імя Максіма Танка па спецыяльнасці “Выкладчык/сацыяльны педагог”. Працуе педагогам каля 7 гадоў, калі ўлічыць, што былі перапынкі на дэкрэтны водпуск і пераезд у Гомель.

Настаўнік музыкі: “Важна вытрымаць канкурэнцыю з тэлефонам”– Так, жыццё не без перыпетый, я паспела папрацаваць нават у еўраопце, але праз час разумею: тата меў рацыю. Гэта ён заўсёды бачыў мяне музыкай, марыў, каб я пайшла па творчай плыні. Можна зараз сцвярджаць, што я ажыццявіла яго мару. Цяпер працую ў той жа школе, што і вучылася, – пазнаёміла нас з фактамі сваёй біяграфіі гераіня. – Больш за ўсё ў маёй працы мне падабаецца працаваць з маленькімі дзецьмі, якія толькі спасцігаюць асновы музыкі. У калектыве ў нас цёплыя адносіны, ансамбль “Надзея” таксама дазваляе нам быць у віры культурнага жыцця раёна, удзельнічаць у значных мерапрыемствах, што праходзяць на Петрыкаўшчыне і нават перамагаць у конкурсах.

Таццяна Сяргееўна прыгадвае сваіх музычных настаўнікаў – Алу Есьман і Галіну Смірнову з Петрыкава, Уладзіміра Прыходзька з Мазырскага музычнага каледжа, сцвярджае, што гэтыя людзі не толькі майстры сваёй справы, а і цудоўныя псіхолагі.
– Яны – арыенціры для мяне ўжо ў дарослым жыцці, – працягвае суразмоўца. – Акрамя навучання, важна атрымаць ад педагога эмацыйную падтрымку, псіхалагічную дапамогу. Сёння я ганаруся такімі вучнямі як Вікторыя Федасенка, Анастасія Шкутава. Радуюць мяне і дзеці з Капцэвічаў, куды я езджу выкладаць музыку два разы на тыдзень. Дарэчы, дзеці з маленькіх населеных пунктаў не такія разбэшчаныя, як гарадскія. Вясковыя лягчэй прыслухоўваюцца да парад, хутчэй ідуць на кантакт.
Майму сыну, напрыклад, вельмі падабаюцца заняткі на саксафоне. Бывае, калі мы робім урокі па матэматыцы, ён скажа: “Лепш я “Перапёлачку” выканаю”. Тым не менш, мне з сынам трэба заўсёды шукаць кампраміс: спачатку неабходна зрабіць урокі, затым ужо можна гуляць у тэлефоне.

Паводле слоў педагога, зараз без музычнага выхавання немагчыма паўнавартаснае разумовае развіццё. Музычная адукацыя – гэта не толькі вывучэнне музычных твораў, гэта выхаванне чалавека!

– Безумоўна, у нашай школе мастацтваў ёсць адораныя дзеці. Іх адрознівае ад іншых тое, што яны больш тэхнічныя ў выкананні музычных твораў, у іх лепш слых і пачуццё рытму, яны лёгка чытаюць з ліста. Адораныя дзеці маюць перспектыву пайсці далей вучыцца ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. І займаюцца яны па спецыяльнасці тры гадзіны на тыдзень, а не дзве.

На пытанне пра любімы музычны жанр, настаўніца адказала так:
– Я знайду каштоўнае ў любой музыцы. Люблю і класіку, і поп. Падабаецца Рахманінаў, Шапэн. У вольны ад працы час успамінаю сваю праграму, якую яшчэ вывучала ў каледжы.
У канцы размовы Таццяна Сяргееўна звярнула ўвагу на адносіны бацькоў да заняткаў музыкай:

– Ва ўсе часы былі як адказныя бацькі, так і не. Як, уласна кажучы, і самі дзеці. Бывае, што мама і тата ўсяляк зацікаўлены ў развіцці свайго дзіцяці, але ў яго не ляжыць душа да нотаў. Крыўдна, калі ў падлетка ёсць усе шанцы стаць музыкантам высокага ўзроўню, але ён выбірае іншы шлях. Але, паверце, значна больш залежыць ад педагога, які зможа захапіць дзіця, дазволіць яму самастойна адчуваць музыку.

Наталля ПЕТРУШЭНКА. Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о