Наканаваны шчаслівы лёс

0
466

Не ўсім традыцыям прызначана жыццё ў вечнасці. Але гэтая – ушанаванне маці – будзе жыць столькі, колькі праіснуе на зямлі род чалавечы.

Наканаваны  шчаслівы лёсЗнаёмства з Аленай Жыткавец пацвердзіла спрадвечную ісціну: галоўная місія жанчыны – быць маці. Гэтую працу нельга нічым вымераць. Алена Сцяпанаўна – маці-гераіня, разам з мужам у пяшчоце і любові выхоўваюць шасцёра дзяцей, падаючы навакольным годны прыклад дружнай і моцнай сям’і.

– Напэўна, ёсць у кожнага чалавека свой лёс і свая другая палова, якую чакаеш і абавязкова сустрэнеш. Мы з мужам абое з Петрыкаўшчыны: ён з Капцэвічаў, я з Брынёва. А сустрэліся на Магілёўшчыне, дзе Мікалай праходзіў службу ў вой-ску, а я набывала спецыяльнасць швачкі, – пачынае размову жанчына. – Пасля вяртання будучага мужа на малую радзіму, я, будучы ўжо маладым спецыялістам, паехала за ім. Стварылі сям’ю, добраўпарадкавалі дом, які застаўся яму ад родных, распрацавалі зямлю для карыстання. Хоць і жывём ужо пяць гадоў у гарадской кватэры, дом у Капцэвічах лічым сваім сямейным гняздом і спяшаемся туды пры першай магчымасці.
Гераіня дзеліцца, што сёння можна пачуць самыя розныя аргументы супраць стварэння шматдзетных сем’яў. Кажуць пра недахоп часу, пра складанасці ў пытаннях дабрабыту, пра абмежаванасць уласнай свабоды бацькоў. Але, на яе думку, усе гэтыя прычыны не павінны быць супраць нараджэння новага жыцця. З усім, пры жаданні, можна справіцца. Яна, напрыклад, паралельна выкананню бацькоўскіх абавязкаў, змагла атрымаць вышэйшую адукацыю работніка культуры, а ў мужа, які ўзначальвае Капцэвіцкі Дом-інтэрнат, наогул шчыльны працоўны графік. Хоць бывае часам і цяжка, але ўсё задуманае атрымліваецца, бо ёсць разуменне і падтрымка паміж членамі сям’і.
– Калі на мяне кладуцца больш бытавыя моманты: прыгатаваць, накарміць, прыбраць, праверыць урокі, то муж забяспечвае сям’ю ўсім неабходным. Я ніколі не заставалася адзін на адзін з праблемай, а нашых дзяцей мы выхоўваем у пары, – дзеліцца шматдзетная маці.– Старэйшыя дочкі заўсёды дапамагаюць, на іх можна разлічваць пры размеркаванні хатніх абавязкаў. І ведаеце, менавіта дзякуючы дзецям мы адчуваем усю паўнату жыцця.

Пра дзяцей Алена Сцяпанаўна гаворыць з асаблівай пяшчотай. Кожны з іх для яе – цэлы свет. Старэйшая Насця ўжо дарослая, працуе ў сталіцы і будуе самастойнае жыццё. Пасля нараджэння першынца, наступная цяжарнасць наступіла толькі праз 13 гадоў. Са слоў суразмоўцы: яна вельмі жадала яшчэ адчуць пачуццё мацярынства і вымаліла сваіх чад: на свет з’явіліся Ганна, Сафія, Іван, Марыя, Ціхан. Сям’я атрымала ад дзяржавы сацыяльнае жыллё і пераехала ў Петрыкаў. Сёння дзеці вучацца ў гарадской гімназіі і выкарыстоўваюць усе магчымасці, якія прапануе райцэнтр, для расшырэння кругагляду. Усе, акрамя малодшага, якому яшчэ не дазваляе ўзрост, наведваюць музычную школу, старэйшы сын захоплены тэквандо і займаецца вакалам. З наступнага году дзеці плануюць наведваць мастацкую школу.
– Я шчаслівая маці і жанчына. Кожны дзень адчуваю любоў мужа, дзяцей і плачу ім узаемнасцю. Наша сям’я моцная і шчаслівая, бо мы – разам і ёсць адзін у аднаго! Усіх маці Петрыкаўшчыны віншую са святам! Няхай заўсёды, у любым узросце, вас пяшчотна абдымаюць рукі дзяцей!

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о