На Петрыкаўшчыне жанчыны ўнікальныя

0
454

4 ліпеня Прэзідэнт Беларусі падпісаў Указ “Аб узнагароджанні ордэнам Маці”. Згодна з дакументам, высокай узнагароды ўдастоены 119 жанчын краіны за нараджэнне і выхаванне пяці і больш дзяцей. Сярод іх – аператар машыннага даення СУП “Палессе-Аграінвест”, жыхарка Вялаўска Мырыя Шарова.
Якая яна, наша ганаровая зямлячка, чым напоўнены яе будні і пра што марыць уладальніца ордэна Маці – сёння ў нашым матэрыяле.

На Петрыкаўшчыне жанчыны ўнікальныя

Калі паглядзець на сумесны фотаздымак сям’і Шаровых, заўважаеш шчырыя дзіцячыя ўсмешкі і радасныя твары бацькоў. Маці з татам абдымаюць сваіх чад, старэйшыя дзеці трымаюць каля сябе малодшых. І гэта не пастановачнае фота: так члены сям’і побач ідуць па жыцці, клапоцяцца і падтрымліваюць адзін аднаго, ва ўсіх справах – разам.

– Ці планавалі мы з мужам на пачатку сямейнага жыцця пецярых дзяцей? Напэўна, Яўген – не. Ён у бацькоў адзін і яму не давялося адчуць любату ад зносін з братамі і сёстрамі. Я расла ў сям’і, у якой выхоўвалася трое дзяцей і не выключала, што мая ўласная сям’я будзе шматдзетнай, – дзеліцца Марыя Васільеўна. – З цягам часу само сабою вырашылася, што ў нас будзе вялікая сям’я. Дзеці – гэта вялікае шчасце. Назіраць, як яны растуць, выбіраюць сабе занятак па душы, падзяляць з імі першыя поспехі і знаходзіць словы падтрымкі пры няўдачах – для жанчыны неабходныя і прыемныя моманты. Я ўсім кажу: мне не цяжка быць маці трох дачок і двух сыноў. Малыя падрастаюць і дапамагаюць мне па гаспадарцы, старэйшыя глядзяць за малодшымі. Важна, каб кожны член сям’і ведаў свае абавязкі.

Я ўсведамляю, што ў станаўленні дзіцячага светапогляду галоўную ролю адыгрывае маці. Таму прыкладваю ўсе намаганні, каб выхаваць іх годнымі людзьмі”.

Гераіня лічыць, што дзеці павінны “купацца” ў бацькоўскай любові і пяшчоце, быць абаронены ад знешніх пагроз і ўпэўнена, што менавіта яна павінна вучыць малых міласэрнасці, прывіваць любоў да прыроды, роднай зямлі, цаніць сямейныя каштоўнасці. Пры ўсім гэтым дарослым неабходна праяўляць характар і настойлівасць у пытаннях дысцыпліны, вучобы, выканання пэўных патрабаванняў з боку ўстановы адукацыі.

Пры размове з гаспадыняй, я адзначыла адну дэталь: муж з жонкай узялі за правіла разлічваць на свае сілы. Нягледзячы на тое, што атрымалі ад дзяржавы кватэру ў райцэнтры, з Вялаўску сям’я не паехала. Новае жыллё абсталявалі для жыцця, закупілі ўсё неабходнае – няхай пачакае свайго часу. У вёсцы свой дом, набыты за ўласныя зберажэнні, агарод, гаспадарка. Яўген Андрэевіч працуе механізатарам у сельгаспрадпрыемстве, Марыя Васільеўна знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, даглядае ўсё ў доме і на падворку, робіць нарыхтоўкі на зіму. Вялікая сям’я – гэта, адпаведна, вялікія і выдаткі. І калі ёсць магчымасць атрымліваць усё сваё, чаму не скарыстацца гэтым?

Жыццё сям’і напоўнена звычайнымі клопатамі, сумеснымі радаснымі момантамі, будаваннем планаў і працай па іх дасягненні. Бацькі пры сваіх паўсядзённых справах, а ў дзяцей, акрамя абавязкаў па доме знаходзіцца час на асабістыя захапленні. Тры дачкі – вучні Скрыгалаўскай сярэдняй школы, але ў летні перыяд наведваюць аб’яднанні па інтарэсах мясцовай установы культуры. Вікторыя любіць танчыць, Кацярына – выступаць на сцэне, Паліна – маляваць. Дзяніс у гэтым годзе стане першакласнікам Вялаўскай пачатковай школы і яшчэ прывязаны да маці, як і малодшы Андрэй.

– Тое, што ў нашай краіне сярод дзяржаўных узнагарод ёсць і ордэн Маці, вельмі важна. Быць мамай – гэта нялёгкая штохвілінная праца і вялікая адказнасць. Добра, што гэта шануецца не толькі сям’ёй, але і на такім высокім узроўні. Нам, шматдзетным матулям, вельмі прыемна адчуваць такія эмоцыі, – кажа жанчына. – Сёння я мару пра простыя чалавечыя паняцці: каб дзеці не хварэлі, раслі шчаслівыя на мірнай зямлі. У сям’і быў дабрабыт і ўзаемапаразуменне – як і ва ўсёй нашай краіне.

 

Святлана СОБАЛЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о