Час імклівы, спяшайцеся рабіць дабро

0
370

Час імклівы, спяшайцеся рабіць дабро

Днямі калектыў пошты правёў на заслужаны адпачынак сваю калегу – Людмілу Зубар.
Больш за чвэрць стагоддзя Людміла Пятроўна аддала працы ў сістэме паштовай сувязі. Наўрад ці магчыма падлічыць, колькі кіламетраў пешшу і на веласіпедзе пераадолела жанчына, спяшаючыся да сваіх кліентаў па службовых справах, колькі кілаграмаў паштовай карэспандэнцыі, добрых звестак і прыемных навін яна прынесла адрасатам. Да таго ж прыемна зазначыць, што наша гераіня не аднойчы, як лепшы работнік, была ўшанавана на раённай урачыстасці з нагоды злёту перадавікоў, а яе партрэт займаў пачэснае месца і на абласной галіновай Дошцы гонару.

Як пазначыла ў час размовы Людміла Пятроўна, час праляцеў настолькі імкліва, што яна нават сама часам здзіўляецца і не дае веры таму, што 25 гадоў і 6 месяцаў яе звязваюць з паштовым аддзяленнем № 2, што ў райцэнтры.

Як нам стала вядома, пачынала сваю працоўную біяграфію Людміла Пятроўна памочнікам выхавацеля ў адной з дашкольных устаноў Петрыкава. Работа ёй вельмі падабалася, аднак па прашэсці некалькіх гадоў жанчына трапіла пад скарачэнне і была вымушана шукаць новую работу. Даведалася пра вакансію паштальёна і вырашыла паспрабаваць. Муж падтрымаў. Маўляў, паспрабуй.

– Ведаеце, з першых дзён я адчула інтарэс да новай работы, задавальненне ад стасункаў з людзьмі, нават і справаздачы не палохалі, хоць гэта было самым хвалюючым фактарам для мяне. Маладая была, хутка спраўлялася з работай на адведзеным участку, хапала часу і на сям’ю, і на хатнія справы. Па рабоце заўсёды імкнулася выканаць і перавыканаць план, і справа не толькі ў прэміі ці больш высокай заработнай плаце, так бацькі з маленства вучылі: справа, за якую бярэшся, павінна быць зроблена якасна, каб не крыўдзіліся людзі і самой не было сорамна. Калі падраслі мае хлопчыкі, з задавальненнем дапамагалі мне разносіць пошту, – успамінае сваю працу ў аддзяленні паштовай сувязі наша гераіня.

І вось гэта прыгожая працавітая жанчына ўжо пенсіянерка. Азіраючыся на пройдзены працоўны шлях, Людміла Пятроўна ні пра што не шкадуе, з удзячнасцю згадвае былых калег і дзякуе ім за добразычлівасць і падтрымку. Цяпер увесь свой вольны час яна будзе дарыць сям’і: мужу, двум сынам, нявесткам і васьмі ўнукам.
Калегі і кіраўніцтва ў адзін голас характарызуюць Людмілу Пятроўну самым найлепшым чынам, адзначаючы не толькі яе высокі прафесіяналізм, уменне ладзіць з кліентамі, але і такія чалавечыя якасці як сумленнасць, спагадлівасць, дабрыня, чуласць і бясконцы аптымізм.

«Я, шчыра кажучы, ніяк не магу ўсвядоміць і прыняць той факт, што наша Пятроўна выходзіць на заслужаны адпачынак. За гады працы яна стала нам усім блізкім чалавекам, а яе мудрасць і разважлівасць – узор для пераймання, – адзначыла начальнік Петрыкаўскага ўчастка паштовай сувязі Алена Юркавец. – Шкада, што даводзіцца развітацца з такім надзейным і адказным работнікам».

Паважаная Людміла Пятроўна, калектыў рэдакцыі віншуе Вас з выхадам на заслужаны адпачынак і шчыра дзякуе за гады супрацоўніцтва, за падтрымку і прапаганду сярод жыхароў райцэнтра нашага выдання. Жадаем Вам безліч прыемных імгненняў, сапраўднага шчасця і радасці ў коле родных, блізкіх і сяброў.

Галіна КАЗАК.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о