На палетках ААТ “Навасёлкі” працуе сямейны экіпаж Ігара і Артура Чычыкайла

0
689

Хлеб – справа сямейная

На поле каля вёскі Бобрыкі  карэспандэнты “раёнкі” прыехалі бліжэй да вечара. Візіт да хлебаробаў быў з нагоды: на палетках ААТ “Навасёлкі” працуе сямейны экіпаж Ігара і Артура Чычыкайла.

На палетках ААТ “Навасёлкі” працуе сямейны экіпаж Ігара і Артура ЧычыкайлаХоць родам Ігар Чычыкайла з Казахстана, вёска Камаровічы на беларускім Палессі стала яму сапраўдным домам, а  праца ў сельгаспрадпрыемстве – тое, чым вясковец умее і любіць займацца. Дваццаць пяць гадоў мужчына аддаў рабоце на зямлі і да справы сваёй адносіцца адказна.

Разам з жонкай  сваіх двух сыноў прывучаюць да працы, прывіваюць любоў да сялянскага жыцця. Малодшы, вучань Камаровіцкай сярэдняй школы, з’яўляецца незаменным памочнікам дома, а старэйшы Артур другі год запар разам з бацькам задзейнічаны на ўборцы зерня. Юнака з ранніх гадоў цікавіла тэхніка і сёлета, выпускнік школы ўзяў мэтавае накіраванне на атрыманне спецыяльнасці “Тэхнік-механік” у суседніх Калінкавічах. Таму праз два гады малады чалавек плануе быць не памочнікам камбайнера, а, магчыма, сам сядзе за баранку сельгастэхнікі.

– У будучым шукаць лёгкага хлеба па гарадах не буду, планую вярнуцца на малую радзіму, – адкрыта гаворыць юнак. – Тут неабходны працоўныя рукі, ды і бацька будзе побач, лішні раз падкажа, дзе патрэбна – дапаможа.

Хлопец не хавае, што яго сумесная праца са старэйшым з сем’і – гэта добрая і карысная практыка  перад тым, як стаць студэнтам сярэднеспецыяльнай установы з  аграрным профілем і магчымасць зарабіць асабістыя грошы.

Ігар Адамавіч прызнаецца, што старэйшы сын не адзін год прасіўся з ім у поле. У мінулым сезоне глава сямейства вырашыў: няхай паспрабуе і адчуе на свае рукі, як хлеб здабываецца. Так пачалася іх хлебаробская сумеснаяпрактыка.

– Бачу, што хлопец жадае працаваць, радуецца вынікам, клапоціцца за будучы ўраджай. У падлеткавым узросце на досвітку ўстаць і ўвесь светлавы дзень, бывае, на спякоце, быць у полі – не кожны зможа. Хаця для нас і абед арганізаваны, кароткі адпачынак прадугледжаны, усё роўна  праца патрабуе сілы і цярпення. Артур пакуль не падводзіць.

На пытанне пра планы на ўраджай, аграрый адказаў проста.

– Свае карэктывы ва ўборку ўносіць надвор’е, з якім, на жаль, не паспрачаешся. Тым не менш, планы пэўныя маем. Зараз, галоўнае, не марнаваць час, а своечасова і якасна сабраць вырашчаны ўраджай.

Сямейны экіпаж заспяшаўся да камбайна: неабходна трымаць зададзены тэмп і не адставаць ад калег. У аграрыяў важная місія – закладваць аснову будучага ўраджаю.

Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о