Праца асеменатараў – важны ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны

0
194

Праца асеменатараў – важны ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны. У гэтым упэўнены наш сённяшні герой – асеменатар таварнай фермы “Турок” СУП “Палессе-Аграінвест” Юрый Кахнюк.

Праца асеменатараў – важны ўклад  у развіццё сельскагаспадарчай галіныЮрыя Аляксеевіча мы сустрэлі за працай. Мужчыну днямі ўзнагародзілі ганаровай граматай і грашовай прэміяй за атрыманне эфектыўнасці асемянення цялушак на падвядзенні вынікаў прадпрыемства за 2023 год. Дзякуючы адказным адносінам да сваёй работы Юрый Аляксеевіч змог дабіцца высокіх паказчыкаў у працы. Нягледзячы на загружанасць, мужчына адказаў на пытанні карэспандэнта.

Наш герой родам з Пінскага раёна. Скончыўшы Бярозавіцкую сярэднюю школу, паступіў у Пінскі сельскагаспадарчы тэхнікум на ветэрынарнага ўрача. Яго працоўны шлях дастаткова насычаны. Папрацаваў на розных фермах у Брэсцкай вобласці ветэрынарным урачом, а калі сустрэў будучую жонку, разам паехалі жыць на яе малую радзіму ў Петрыкаўскі раён.

Тут, на Петрыкаўшчыне, Юрый Аляксеевіч таксама знайшоў сябе ў сельскай гаспадарцы. Працаваў доўгі час і ветурачом, і нават галоўным ветурачом. Цяпер, паводле яго слоў, праца асеменатарам прыносіць вялікае задавальненне. І адчуваецца гэта ў тым ліку па заработнай плаце.
“Мы паміж сабой жартуем, зарплата асеменатара ў яго руках. Але, які тут жарт, гэта праца такая. Каровы, як і чалавек, могуць захварэць уначы ці ў нядзелю. Значыць, трэба прыйсці і дапамагчы, не лічачыся з асабістым часам. Або затрымацца на некалькі гадзін на ферме ў канцы працоўнага дня, таму што патрабуецца дапамога. Нават нягледзячы на тое, што я ўжо не працую ветэрынарам, навыкі і веды ў сваёй працы ўсё роўна актыўна выкарыстоўваю”.

Суразмоўца адзначае: асеменатарам за кожнае атрыманае цяля даплачваюць. Па выніках працы за год за адну галаву цяляці пры ўмове выхаду іх звыш 85 % – можна атрымаць каля 40 рублёў.

“Калектыў тут пазітыўны і дружны, аказваем адзін аднаму дапамогу, падтрымку, начальства заўсёды падставіць плячо і падкажа, як трэба, аднак і да нашых пажаданняў прыслухоўваецца”, – працягнуў герой.
Юрый Аляксеевіч знайшоў шчасце і на сямейнай ніве. Разам з жонкай нарадзілі 5 дзяцей, а для траіх у статусе прыёмнай сям’і сталі сапраўднымі бацькамі.
“Сказаць, што мы планавалі шматдзетную сям’ю нельга. Усё склалася само сабой. У Конкавічах мы пабудавалі вялікі дом на льготны крэдыт для шматдзетных. У тыя гады ў раёне гэта быў адзін з першых дамоў такой вялікай планіроўкі”.
У канцы гутаркі Юрый Аляксеевіч адзначыў: “Вялікае шчасце – гэта мець падтрымку сям’і, калег, ведаць і разумець, што цябе шануюць як спецыяліста”.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о