Калекцыю “Абярэгі душы” Цэнтра творчасці запрасілі прадстаўляць нашу краіну на прэстыжным Міжнародным фестывалі ў Расіі

0
480

Часам, жыццё ўзнагароджвае працавітых так шчодра, як яны пра гэта не марылі. Як нам здаецца пасля гутаркі з сённяшняй гераіняй, гэтая думка да яе адносіцца напрамую.

Пра тое, што калекцыя адзення кіраўніка аб’яднання па інтарэсах Надзеі Слабадзянюк і яе вучаніц з “Тэатра моды” пройдзе такі маштабны шлях, будзе прадстаўлена на прэстыжных подыумах нашай краіны і не толькі, ні дырэктар Цэнтра
творчасці дзяцей і моладзі, ні яе падапечныя, не ўяўлялі.

“Толькі я паспела прыйсці ў сябе пасля паспяховага ўдзелу нашай калекцыі ў “Млыне моды”, як тут жа мяне ашаламіла новая прыемная навіна: калекцыю “Абярэгі душы” запрасілі прадстаўляць нашу краіну на прэстыжным Міжнародным фестывалі ў Расіі “Плёс на Волзе. Ільняная палітра”, які быў прысвечаны памяці вялікага куцюр’е Вячаслава Зайцава. Расійскае Іванава, Плёс, Шуя – баваўняныя, ільняныя расійскія сталіцы, цэнтр швейнай індустрыі”, – адзначыла Надзея Леанідаўна.

Калекцыю “Абярэгі душы” Цэнтра творчасці запрасілі прадстаўляць нашу краіну на прэстыжным Міжнародным фестывалі ў Расіі

Больш за 23 гады Надзея Леанідаўна працуе педагогам дадатковай адукацыі. За гэты працяглы час яна зарэкамендавала сябе як высока прафесійны, апантаны спецыяліст, з пачуццём густу, цягай да эстэтыкі. Кіраўнік установы адукацыі аб’яднала вакол сябе такіх жа творчых педагогаў і вучаніц. Калектыў працуе як зладжаны механізм. І мы,
выданне, часам не паспяваем за перамогамі Цэнтра творчасці. Гэты год, безумоўна, прынёс установе яшчэ шэраг значных узнагарод.

Як распавяла Надзея Леанідаўна, тры апошнія калекцыі яна з вучаніцамі выконвала з лёну. Для першай пад назвай “Карагод часу” стварылі 12 сучасных і аўтэнтычных народных мадэляў. І калекцыя заняла першае месца на Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”. Другая калекцыя “Рэчанька-князёўна” была аформлена ў сучасным кроі з лёну ў светла-блакітнай гаме: адзенне і галаўныя ўборы. Калекцыя заняла другое месца ў тым жа конкурсе. У лютым гэтага года трэцяя калекцыя “Абярэгі душы” была высока адзначана журы рэспубліканскага агляду-конкурсу “Прывітанне, свет”. Калекцыю петрыкаўчанак запрасілі паўдзельнічаць у фестывалі-конкурсе моды і фота “Млын моды-2023”.

“Больш за 60 калекцый, звыш са 100 навучальных устаноў і 300 удзельнікаў, якія на працягу года прайшлі некалькі этапаў адбору, і сярод гэтага хараства журы адзначыла “Абярэгі душы” дыпломам ІІІ ступені”, – згадала суразмоўца.

Калекцыю “Абярэгі душы” Цэнтра творчасці запрасілі прадстаўляць нашу краіну на прэстыжным Міжнародным фестывалі ў РасііКіраўнік Цэнтра не ўтойвае: “Думала, што на гэтым усё скончыцца”. Але гэта быў старт для ўдзелу ў новым фестывалі. Надзея Слабадзянюк як дызайнер “Млына моды” стала адной з чатырох ганаровых гасцей, якія прадставілі Беларусь на Міжнародным фестывалі моды “Льняная палітра. Плёс на Волзе” ў Іванаўскай вобласці Расіі.

“Фестываль моды “Льняная палітра” прадстаўляе калекцыі сучасных расійскіх і міжнародных дызайнераў, якія працуюць з экалагічна чыстымі тканінамі: лён, бавоўна, шоўк, – удакладніла кіраўнік аб’яднання па інтарэсах. – Аб’ядноўвае ўсіх дызайнераў адно – экалагічныя матэрыялы ад рэгіянальных вытворцаў тканін.

Акрамя таго, у час фестывалю мы прынялі ўдзел у круглым стале “Расійска-беларускае супрацоўніцтва ў галіне індустрыі моды”. Сустрэча была прысвечана супрацоўніцтву паміж дызайнерамі і вытворчасцямі Расіі і Беларусі. Прыемна, што расійскія калегі вельмі зацікавіліся нашымі калекцыямі. Задавалі шмат цікавых пытанняў. Для нашага Цэнтра творчасці ўдзел у мерапрыемстве такога высокага ўзроўню стаў вялікім вопытам. Удзел у паказе разам з больш дасведчанымі прадстаўнікамі гэтай сферы – гэта яшчэ адзін крок у свет моды і прыгажосці. Унікальная магчымасць не толькі паглядзець на іншых, але і паказаць сябе, а яшчэ вялікі гонар прадстаўляць сваю краіну і Петрыкаўшчыну!”

Мы віншуем Надзею Леанідаўну і яе дзяўчынак, якія прайшлі вялікі шлях ад стварэння вобразаў да іх рэалізацыі і прызнання з такой пачэснай місіяй – прадстаўляць Беларусь на міжнароднай моднай арэне. Упэўнены: цікавыя падзеі яшчэ наперадзе!

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о