Жыць і працаваць на роднай зямлі – з задавальненнем

0
295

Жыць і працаваць на роднай зямлі – з задавальненнем

Сярод работнікаў сельскай гаспадаркі Арцёму Браіму, жывёлаводу па адкорме буйной рагатай жывёлы таварнай фермы “Турок” УП “Палессе-Аграінвест”, прысвоена званне “Лепшы па прафесіі-2023”.

Днямі мы сустрэліся з работнікам, каб даведацца, як яму ўдалося дабіцца высокіх вынікаў: за суткі ён атрымаў 963 грамы прыбаўлення ў вазе на адну галаву.
Праца жывёлавода – адна са складаных, якая патрабуе фізічнай сілы і цягавітасці, ведаў. Аднак, акрамя гэтых якасцяў, працаўніку трэба яшчэ мець і вялікае жаданне працаваць з жывёламі.
Добрым спецыялістам у гэтай галіне можна назваць таго, хто ўмее знаходзіць агульную мову са сваімі падапечнымі, шчыра імкнецца стварыць для іх найбольш камфортныя ўмовы, разу-мее ўсю значнасць сваёй справы для грамадства.
Арцём Браім, нягледзячы на невялікі вопыт, на ферме працуе з лета мінулага года, сваім стараннем заслужыў павагу ў калег і кіраўніцтва. Першы час было нялёгка, не хапала навыкаў, досведу. Першапачаткова работнікі ў Турку дапамагалі, падказвалі, выпраўлялі. Аднак доўгі час спа-дзявацца выключна на калектыў нельга было, прыйшлося свае веды пашыраць самастойна.
“Патрабаванні тут высокія, – пачаў дыялог Арцём. – “Палессе-Аграінвест” – адно з перадавых прадпрыемстваў раёна, кіраўніцтва слабіну не дазваляе. Але і мы, работнікі, разумеем, наш заробак – у нашых руках, таму ўсё імкнёмся зрабіць своечасова і якасна”.
Наш герой скончыў Галубіцкую сярэднюю школу, доўгі час працаваў будаўніком, але знайшоў сябе ў сельскай гаспадарцы. Па словах працаўніка, ні кроплі не шкадуе, што так склаліся абставіны.
Пад апекай Арцёма – 348 галоў, 60 з якіх – цяляты, што яшчэ гадуюцца ў хатках. “Штат”, вядома, не маленькі, але і жывёлавод наш не лыкам шыты.
“У гэтым месяцы наогул сярэднесутачнае прыбаўленне ў вазе па першым хляве склала 1 кілаграм. Будзем старацца трымаць такі паказчык”, – удакладніў малады чалавек.
Кола абавязкаў нашага героя досыць шырокае – гэта і кармленне, уборка, назіранне за здароўем, праца з маладняком, аказанне неабходнай ветэрынарнай дапамогі, кантроль якасці корму, умоў утрымання, будаўніцтва і рамонт клетак ці іншых памяшканняў, дзе ўтрымліваюцца жывёлы, выгул жывёл. Менавіта ўсё вышэй пералічанае і стала складнікам поспеху працы Арцёма, дазволіла атрымаць званне “Лепшы па прафесіі”.
Сапраўды, часы ў СУП “Палессе-Аграінвест” былі розныя. У жыцці гаспадаркі здараліся эканамічныя цяжкасці. Зараз удалося выйсці на стабільны шлях развіцця, але, каб гэтага дасягнуць, прыйшлося прайсці праз мноства ўласных памылак, якія зараз сталі каштоўным вопытам. Так, за 12 месяцаў 2023 года валавая вытворчасць прыбаўлення буйной рагатай жывёлы склала 1 998 тон, да ўзроўню 2022 года гэты паказчык вырас на 106 % або на 111 тон. У 2023 годзе рэалізавана 2452 тоны мяса БРЖ, таварнасць рэалізацыі мяса БРЖ склала 123 %.
У канцы гутаркі Арцём адзначыў: “На сёння я задаволены тым, што працую на ферме. Гэта работа дазваляе мне мець добры заробак, адчуваць сябе патрэбным. Разам з жонкай мы выкупілі дом у прадпрыемства. Жыццё паказвае, што жыць і працаваць на роднай зямлі можна з задавальненнем”.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о