Нічыя, вартая перамогі!

0
502

Дзень народнага адзінства быў адзначаны яскравай спартыўнай падзеяй – петрыкаўскі “Шахцёр” прымаў на стадыёне “Прыпяць”футбольны клуб “Маладзечна” ў рамках 24-га тура першай лігі Нацыянальнага чэмпіянату Беларусі па футболе.

Нічыя, вартая перамогі!

Нагадаем, што напярэдадні калійная дружына наведвала “Астравец” і прайграла камандзе з горада атамшчыкаў з лікам 3:1. Надзённы сапернік, мяркуючы па турнірнай табліцы, паказвае падобны ўзровень футбола, таму цікавасць выклікала пытанне: ці здолее “Шахцёр” улічыць былыя памылкі і годна змагацца за ачкі ў гэтым матчы? Апрача гэтага, мясцовыя заўзятары чакалі клуб з Міншчыны яшчэ і таму, што зараз бароніць гонар “Маладзечна” былы футбаліст “салевікоў” і, без перабольшвання, любімец петрыкаўскай публікі Ігар Моніч.

Сустрэча распачалася бадзёра – брамніка “Шахцёра” Мікіту Доўнара праверылі ўжо на 2-й хвіліне. Але гаспадары праявілі сябе больш арганізавана: на 23-й хвіліне праход Станіслава Стэфановіча да левай штангі, пас да цэнтра варот і замыкаючы ўдар Андрэя Дзенясюка адкрыў лік у гэтым матчы.

Праз пару хвілін ужо сам Станіслаў Стэфановіч імкліва прайшоў да штрафной і прабіў правей варот. Напружанне ўзрастала. Станавілася зразумела, што адзіны слушны план на гульню з боку гасцей – перахапіць ініцыятыву як мага хутчэй. Гэта зрабіў як раз Ігар Моніч на 30-й хвіліне, літаральна праціснуўшы мяч у сетку пасля навесу з правага флангу літаральна ад цэнтра поля – 1:1.
Нічыйны лік захаваўся да канца тайма і другая палова абяцала быць не менш насычанай на барацьбу за мяч. Першымі скарысталіся момантам футбалісты “Маладзечна” – шпаркі праход да варот па левам баку, хвосткі ўдар з вострага кута і Мікіта Доўнар адбівае снарад долу, дзе круглага ўжо чакаў той самы былы ігрок “Шахцёра” Ігар Моніч –1:2 на 56-й хвіліне гульні.
Здавалася, што на трыбунах склалася агульная думка, маўляў, нічога-нічога, лік “працоўны”, час яшчэ ёсць… Але ці хопіць сіл, майстэрства, а галоўнае – маральных якасцяў, каб годна змагацца пасля прапушчанага мяча? Аказалася, што наперадзе нас чакала яскравае футбольнае відовішча!

На 68-й хвіліне гол-прыгажун аформіў Арсеній Чакур, што выйшаў на замену тры хвіліны таму. Закід з правага флангу атрымаў перад варотамі Андрэй Дзенісюк. Юнак годна разабраўся з ажно трыма абаронцамі гасцей, прабіў па варотах, але варатар паспеў ускінуць рукі дагары і адбіў мяч у правы бок, дзе да круглага прыклаўся ўжо Чакур – 2:2.
Але не доўга луналі станоўчыя эмоцыі па-над стадыёнам. Ужо праз 5 хвілін абаронца “Мала-дзечна” Яўген Война, адправіў мяч у правую дзявятку і стоячы перад ім ігрок “Шахцёра” быў не столькі перашкодай, колькі спецыяльнай заслонай ад позірку Мікіты Доўнара – 2:3.

Каля дваццаці хвілін да канца гульні – і зноў “Шахцёр” у ролі даганяючага клуба. У такіх выпадках я традыцыйна адзначаю: паспешныя атакі могуць сапсаваць намаганні каманды забіць. Куды лепей запаволіць тэмп, сабрацца і ўзяць не колькасцю мітуслівых штурмаў, але якасцю праходаў да варот, калі кожны футбаліст максімальна граматна адыгрывае на сваёй пазіцыі і страхуе іншых.
Станоўча, што так і адбылося: Дзенісюк прайшоў па левым флангу да варот, а таварышы па камандзе забяспечылі максімальную варыятыўнасць развіцця атакі. З правага боку паўабаронцу асісціравалі ажно тры ігракі – адзін перад варотамі, другі – каля правай штангі, а трэці – у правым куце варатарскай зоны. Калі кола абароны “Маладзечна” пачало шчыльна сціскацца да брамы, Андрэй зрабіў перадачу на вольнага ад апекі, самага дальняга партнёра – Мікалая Сотнікава, якому, па вялікім рахунку, заставалася толькі адправіць мяч у бліжні правы кут варот, што і зрабіў спартсмен – 3:3 на 82-й хвіліне.
Сустрэча скончылася нічыёй, але была відовішчнай, напружанай, багатай на моманты і эмоцыі. Пасля свістку заўзятары цёпла віталі Ігара Моніча, дзякавалі за ўпартую гульню футбалістам “Шахцёра” – сімвалічна, было назіраць такое футбольнае яднанне выпала менавіта ў Дзень народнага адзінства. Упэўнены, аматары футбола запомняць гэты матч.
“Шахцёр” застаецца на перадапошнім месцы ў турнірнай табліцы з 10-цю ачкамі, ніжэй “Асіповічы”, што маюць у сваім актыве 5 балаў. Бліжэйшы канкурэнт – “Слонім” – павялічвае адрыў і мае зараз 17 ачкоў.
Наступны матч “Шахцёр” прапускае з-за няцотнай колькасці каманд у другім дывізіёне. 30 верасня “калійшчыкі” адправяцца ў Асіповічы, а потым будуць прымаць на хатняй арэне гомельскі калектыў “Бумпром”. Дзень і час сустрэчы пакуль на вызначаны, сачыце за навінамі.
Усім футбола!

Арцём ГУСЕЎ,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о