Пачынаючы свой аповед, я не магу не падзяліцца з вамі, паважаныя чытачы, цудоўнай навіной. Пасля вялікага перапынку ў некалькі гадоў зноў стартаваў Чэмпіянат раёна па футболе.

Доўгачаканы старт

Навіна гэта можа падацца чаканай і заканамернай – горад атрымаў цудоўную спартыўную арэну. Да таго ж, на карысць аматараў самай папулярнай гульні, можна дадаць яшчэ адноўленую спартыўную залу ДЮСШ, пляцоўку для міні-футбола, пабудаваную па праграме “Bonfesto – дзецям” і падобную пляцоўку ў мікрараёне “Паўночны”. Як бачыце, пры адпаведным жаданні трэніравацца гарадскім футбалістам ёсць дзе. Ёсць, хоць і не такія якасныя, палі і ў сельскай мясцовасці. Але існуе і адваротны бок бліскучага, здавалася б, медаля.
За некалькі гадоў, калі стадыён быў на рэканструкцыі, чэмпіянат раёна прыпынены, а адзіным пастаянным турнірам апошняга часу з’яўляўся аднадзённы “Кубак памяці Васілія Пінчука”, многія футбольныя каманды Петрыкаўшчыны сышлі ў гісторыю.
Напэўна, людзі сталага ўзросту, чытаючы зараз гэтыя радкі, з цеплынёй і адначасовым сумам прыгадаюць часы, калі хіба не кожнае буйное прадпрыемства ці арганізацыя раёна лічыла абавязкам выставіць сваю каманду на спаборніцтвы. З цягам часу гэта традыцыя мінула, самымі стойкімі заставаліся спартыўныя калектывы гаспадарак з сельскай мясцовасці. Але і гэтыя дружыны, у большасці сваёй, сутыкнуліся з праблемамі.
Некаторыя футбалісты скончылі сваю аматарскую кар’еру, іншыя пераехалі ў буйныя гарады. Але самая галоўная праблема, на мой погляд, – адсутнасць чалавека, які мог бы ўзяць на сябе арганізацыйныя пытанні: сабраць каманду, скласці зручны для ўсіх графік трэніровак і, калі патрэбна, вырашыць праблемы з транспартам.
Падсумоўваючы ўсё адзначанае, на чэмпіянат раёна заявілася 4 каманды: дружына фізкультурна-спартыўнага клуба “Ураджай”, калектыў “Гарняк” Петрыкаўскага рудаўпраўлення, футбольны клуб “Курыцічы” і спартыўная суполка заўзятараў з гучнай назвай “Горад над Прыпяццю”.
Не многа? Так. Але ўсё спазнаецца ў параўнанні: трымаю ў руках выпуск “Петрыкаўскіх навін” ад 27 верасня 2000 года. У той час цікавасць да футбола была значна большай, як мне падаецца. Дык вось, у апошнім чэмпіянаце раёна ХХ стагоддзя трафей аспрэчвалі 7 каманд. Лічба значна большая, але дасягнуць яе ў бліжэйшыя гады здаецца задачай вырашальнай.
Што да дня сённяшняга, то здзіўляе адсутнасць у спісе каманды з Капаткевічаў. Моцныя футбольныя традыцыі існуюць і ў іншых населеных пунктах, але іх дружын мы ў гэтым сезоне таксама не пабачым. Спадзяюся, што шэраг патэнцыяльных калектываў скарыстаюць бягучы сезон для падрыхтоўкі, каб паўдзельнічаць у наступным за чэмпіянатам турніры. Магчыма, аматарам футбола з розных населеных пунктаў давядзецца аб’яднацца. Тое ж можа адбыцца і ў працоўных калектывах.
Што да каманд сёлетняга чэмпіянату, то некаторыя з іх ужо добра вядомыя, а з іншымі варта пазнаёміцца бліжэй.
“Ураджай” з’яўляецца, бадай, самай старэйшай камандай у сёлетнім турніры. Не дзіўна, што заўзятыя ўдзельнікі спартыўных мерапрыемстваў не абмінулі паспрабаваць свае сілы і ў чэмпіянаце раёна, тым больш, што патэнцыял у хлопцаў зайздросны: каманда завяршыла выступленне на Кубку памяці Уладзіміра Рыжанкова ў статусе віцэ-чэмпіёнаў, саступіўшы тады толькі “Гарняку”.
Не менш вопытны клуб – “Курыцічы”. Дружына пакуль не можа пахваліцца трафеямі, але яе прагрэс за некалькі гадоў відавочны. Маладыя людзі таксама не прапускаюць ніводнага футбольнага турніра, актыўна прыцягваюць у састаў моладзь. Дарэчы, гэта адзіная каманда з сельскай мясцовасці, што заявілася на чэмпіянат.
Зразумела, што Петрыкаўскі горна-абагачальны камбінат, як самае буйное прадпрыемства раёна, мае сярод сваіх супрацоўнікаў не мала аматараў спорту. Таму гэтую дружыну, здаецца, можна смела запісваць у лік фаварытаў спаборніцтваў, тым больш, што “Гарняк” перамог на нядаўнім Кубку Рыжанкова.
Самая маладая каманда чэмпіяната – суполка фанатаў футбольнага клуба “Шахцёр”, што называецца “Горад над Прыпяццю”. Падтрымліваючы клуб на працягу мінулага года, хлопцы вырашылі, што сёлета нядрэнна было б паспрабаваць на полі ўласныя здольнасці. Сярод футбалістаў каманды ёсць і аматары, і ігракі, што займаліся футболам у спартыўнай школе.
У суботу, 17 ліпеня, першыя дзве сустрэчы ў рамках 1-га круга чэмпіянату раёна прымаў стадыён спартыўнага комплекса “Прыпяць”. У першым матчы паміж “Ураджаем” і “Беларуськаліем” завязалася сапраўднае супрацьстаянне, ніхто не хацеў саступаць, але “Ураджай” усё ж такі здолеў выцягнуць перамогу з мінімальным адрывам – 1:0.
Другая гульня была куды менш напружанай. Маладыя, але даволі вопытныя футбалісты з ФК “Курыцічы” лёгка і нават разгромна разабраліся з футбольнымі дэбютантамі – дружынай “Горад над Прыпяццю”. “Гараджане” здолелі адказаць толькі двума галамі, у той час як прапусцілі восем мячоў.
Што да наступных матчаў, то гэтыя выхадныя абяцаюць нам сапраўдны футбольны ўік-энд. Сёння, 24 ліпеня, у 18 гадзін адбудзецца сустрэча паміж камандамі “Ура-джай” і “Горад над Прыпяццю”. А заўтра, 25 ліненя, нас чакае ажно дзве гульні: у 12 гадзін на поле выйдуць “Гарняк” і “Курыцічы”, а ў 18.30 распачнецца матч першай лігі паміж “Шахцёрам” і “Оршай”.
Сустрэнемся на стадыёне спорткомплекса Прыпяць, усім футбола!

Арцём ГУСЕЎ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о