«Мы вернемся!» Сёння гарадскую плошчу чакае свята – раённы баль выпускнікоў

0
800

Сёння гарадскую плошчу чакае свята – раённы баль выпускнікоў. Пад уважлівымі позіркамі прысутных адзінаццацікласнікі ўстаноў адукацыі атрымаюць узнагароды, станцуюць школьны вальс і развітаюцца з дзяцінствам, запусціўшы ў паветра воблака рознакаляровых шароў. Уся ўвага скіравана будзе на іх, такіх прыгожых, лёгкіх і акрылённых юнакоў і дзяўчат. У кожнага пачынаецца свой шлях да вышынь, якія яны сабе прызначылі. У шэрагу шчаслівых і ўпэўненых прадстаўнікоў моладзі са стужкай “Выпускнік 2023” – будучыя вучоныя, аграрыі, настаўнікі, будаўнікі: няма прафесіі, якая б не скарылася ведам, мэтанакіраванасці і жаданню. Сярод учарашніх школьнікаў ёсць рабяты, якія скарысталіся мэтавым накіраваннем ад арганізацый і прадпрыемстваў і вырашылі пасля набыцця прафесіі рэалізаваць свае веды і ўменні ў родным раёне. Яны ўжо сёння ведаюць: дома іх чакаюць, любяць, ускладаюць надзеі. Хто яны, будучы працоўны патэнцыял Петрыкаўшчыны, лакаматыў нашага заўтра? Што падштурхнула маладых людзей зрабіць стаўку на карысць малой радзімы?

"Мы вернемся!" Сёння гарадскую плошчу чакае свята – раённы баль выпускнікоўЯўгенія КАКОРА, выпускніца Капцэвіцкай сярэдняй школы:
– Усе школьныя гады захаплялася спортам. Вольны час праводзіла ў спартыўнай зале, абараняла годнасць як школьнай, так раённай каманд па валейболе і баскетболе на спаборніцтвах розных узроўняў. Яшчэ на другой ступені навучання вырашыла, што стану настаўнікам фізічнай культуры і здароўя. Мае імкненні падтрымалі родныя, педагогі, а ўнутраны голас падказваў: усё ў цябе атрымаецца. Калі даведалася пра магчымасць мэтавага накіравання ў Мазырскі педагагічны ўніверсітэт – доўга не разважала. Па-першае, больш шанцаў стаць студэнткай, па-другое, у маіх планах было вярнуцца на Петрыкаўшчыну і без абавязковай адпрацоўкі.
На гэтым тыдні я здала ўнутраны экзамен па здачы спартыўных нарматываў. Вынік яшчэ не вядомы, але вельмі спадзяюся, што праз чатыры гады працягну сваю спартыўную, ужо працоўную дзейнасць на роднай зямлі.

"Мы вернемся!" Сёння гарадскую плошчу чакае свята – раённы баль выпускнікоў

Аляксандр МАСКАЛЬЧУК, выпускнік Бабуніцкай сярэдняй школы:
– Мой выбар – Магілёўскі інстытут МУС. Ужо ў старэйшых класах схіліўся на карысць прафесіі міліцыянера. З ёю ў мяне асацыюцца актыўны лад жыцця, дапамога людзям і іх абарона. Немалаважным фактарам для прыняцця рашэння паслужыла прафарыентацыйная работа як у школе, так і супрацоўнікамі Петрыкаўскага РАУС. Першая прыступка ў дасягненні мэты заваявана: прайшоў ваенна-ўрачэбную камісію ў абласным цэнтры. Наперадзе – не менш сур’ёзны іспыт у выглядзе ЦТ. Прыехаць працаваць на Петрыкаўшчыну жаданне адназначнае. Калі выпадзе, мару паспабаваць сябе ў ролі ўчастковага інспектара. Упэўнены, што ў родных мясцінах адчую падтрымку старэйшых таварышаў.

 

 

"Мы вернемся!" Сёння гарадскую плошчу чакае свята – раённы баль выпускнікоў

Вольга ЦІМАФЕЕВА, выпускніца Капаткевіцкай сярэдняй школы:
– Любоў да музыкі ў мяне з дзяцінства. Сястра, брат, цётка, бабуля – прыклад авалодання ігрой на баяне, гітары, фартапіяна. Шэсць гатоў таму я прыйшла на заняткі ў мясцовую школу мастацтваў да педагога Аксаны Перавознікавай. І свет мой набыў асаблівае адценне, напоўніўся чароўнымі гукамі. Пры падтрымцы педагога я зразумела: дарыць пачуццё акрылёнасці, імкненне навучыць іншых раскрываць сакрэты музыкі – маё вялікае жаданне і прыняла рашэнне набыць спецыяльнасць “Педагог па класу фартапіяна” ў Мазырскім дзяржаўным музычным каледжы. Я скарысталася магчымасцю мэтавага накіравання. Чаму? Адказ просты: маю вялікі намер і жаданне прыехаць у родныя Капаткевічы, каб працаваць у школе мастацтваў. Прываблівае і той факт, што мэтавікі ў час вучобы і працаўладкавання атрымліваюць ільготы і дадатковыя гарантыі.

 

 

"Мы вернемся!" Сёння гарадскую плошчу чакае свята – раённы баль выпускнікоў

 

Мікіта СКРУПСКІ, выпускнік гімназіі горада Петрыкава:
– Шлях да мары – стаць медыкам – пачаўся з сёмага класа, калі ў школьную праграму “прыйшла” хімія. З тых часоў вывучаў навуку адказна, з цікавасцю, як, дарэчы, і ўсе адукацыйныя прадметы. Чаму будучыню хачу звязаць з медыцынай, адказ саспеў даўно: гэта мой спосаб быць карысным грамадству. Прафесія, да якой я імкнуся, гэта не толькі веды, а яшчэ і характар. Урач павінен быць адказным, граматным спецыялістам, умець узяць сябе ў рукі і хутка прыняць рашэнне. Мне здаецца, з гэтым можна справіцца, калі прысутнічае жаданне дапамагаць людзям.
Мэтавае накіраванне ў мяне з абласнога цэнтра на паступленне ў Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Яно надае ўпэўненасці ў заўтрашнім дні, стан абароненасці. Пры заканчэнні ВНУ патрэбна адпрацаваць на Гомельшчыне пяць гадоў. І калі першым маім месцам працы стане Петрыкаў – я буду толькі рады. Галоўнае цяпер – стаць студэнтам і атрымаць годныя веды.

 

"Мы вернемся!" Сёння гарадскую плошчу чакае свята – раённы баль выпускнікоўПаліна КАЗЛОВІЧ, выпускніца другой гарадской школы:
– Добра мець прафесію, якую выбраў сабе па душы, з настроем і планамі на будучыню. Прызнаюся, што пра ветэранарыю стала думаць, калі ў мяне з’явіліся дзве сабачкі пароды шпіц памеранскі. Ёсць жаданне спасцігаць навуку пра жывёл, навучыцца іх лячыць, дапамагаць, удасканальвацца ў спецыяльнасці. Дарэчы, мая бабуля па прафесіі – ветэрынар і да-дзеная тэма для мяне не такая ўжо і невядомая. Для паступлення ў Віцебскую акадэмію ветэрэнарнай медыцыны вырашыла ўзяць мэтавае накіраванне. На рашэнне, акрамя любові да жывёл, паўплывалі і дадатковыя бонусы для мэтавікаў: стыпендыя, прадастаўленне інтэрната, першага месца працы. Некаторых палохае абавязковая адпрацоўка на малой радзіме. Для мяне вярнуцца дадому будзе арганічна: мне тут камфортна і надзейна.

Гутарыла
Святлана СОБАЛЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о