Шануем Перамогу, памятаем герояў

0
340

Беларуска-расійскі праект “Цягнік Памяці”, створаны па ініцыятыве верхніх палат парламентаў дзвюх краін, другі год запар збірае актыўных, ініцыятыўных навучэнцаў устаноў адукацыі названых рэспублік.

Шануем Перамогу, памятаем герояўУ бягучым годзе, па выніках конкурсу “Я патрыёт сваёй краіны”, з кожнай вобласці адабрана па восем дзесяцікласнікаў. Сярод школьнікаў ад Гомельшчыны – вучань Курыціцкай сярэдняй школы Ілья Баўсун. Напярэдадні адпраўкі цягніка па гераічных месцах ваенна-гістарычнай славы брацкіх народаў, мы сустрэліся з удзельнікам праекта і яго куратарам, творчым натхняльнікам, педагогам школы Юліяй Шуберт.

Стаць удзельнікам такога маштабнага мерапрыемства – справа ганаровая, але не простая. Педагогу і вучню за кароткі тэрмін патрэбна было падрыхтаваць і прадставіць на агляд высокага журы сваю візітную картку, два відэаматэрыялы, эсэ. Перамозе нашых землякоў спрыяў той факт, што ў школе на годным узроўні пастаўлена работа па патрыятычным выхаванні моладзі. Са слоў дзесяцікласніка, ён, як і яго сябры, прытрымліваецца актыўнай грамадзянскай пазіцыі, цікавіцца гераічным мінулым беларускага народа, шануе памяць аб героях Вялікай Айчыннай вайны. Пры падрыхтоўцы да конкурсу, патрэбна было толькі свае веды, адчуванні, меркаванні сістэматызаваць і аформіць. У гэтым хлопцу дапамагала і настаўляла Юлія Сяргееўна, якая і падштурхнула вучня на вялікую справу.

– Праектам я зацікавілася яшчэ ў мінулым годзе. Была падпісана ў Telegram-канале на “Цягнік Памяці”, адсочвала маршрут, рэпартажы, уражанні ўдзельнікаў і пра сябе адзначала: які цікавы вопыт для падлеткаў! – дзеліцца педагог. – У бягучым годзе прапанавала паспрабаваць свае сілы Ільі. Разам мы прарабілі вялікую работу і дабіліся сваёй мэты.

– Калі Юлія Сяргееўна прапанавала паўдзельнічаць, я адразу згадзіўся. Мець магчымасць разам з аднагодкамі з другіх краін наведваць па маршруце цягніка гарады ваеннай славы, знаёміцца з асноўнымі вехамі другой сусветнай вайны, наведваць музеі, рэканструкцыі тых падзей – жаданне, напэўна, кожнага вучня, – уступае ў размову вучань. – У час мерапрыемства разлічваю больш даведацца пра памятныя месцы, падзеі тых часоў, набыць новых сяброў, аднадумцаў. Несумненна: раскажу ўдзельнікам пра сваю малую радзіму і яе гераічнае мінулае.
Зусім хутка цягнік Памяці рушыць у двухтыднёвае падарожжа па гарадах Беларусі і брацкай Расіі. Ілья разам з другімі юнакамі і дзяўчатамі праедзе разам тысячы кіламетраў, каб пацвердзіць: моладзь памятае пра страшныя ўрокі гісторыі і ўдзячная за мірнае неба над галавой.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о