“Маміна гарбата” на сяброў багата

0
837

“Маміна гарбата” на сяброў багата

“Жыццё кожнаму даруе вялікае мноства шанцаў жыць цікава, знайсці захапленне, штодня адкрываць для сябе нешта цікавае і карыснае”, – смела заяўляе наша сённяшняя гераіня і пацвярджае выказванне ўласным прыкладам.

Сёння, дзякуючы свайму захапленню – вырошчванню траў для духмянай і карыснай гарбаты, Алена Бруцкая вядома далёка за межамі нашага раёна. А ўсё таму, што некалькімі гадамі раней прыслухалася да сябе, мужа і дзяцей, якія падтрымалі ідэю зрабіць з хобі амаль што папулярны брэнд.

“Маміна гарбата” на сяброў багата

“Нам пашанцавала, што нашае захапленне стала сямейным. У нейкі момант, гадоў 15 таму, мы зразумелі, што любім гарбату з траў, паспрабавалі іх вырошчваць і збіраць, – пачала гутарку Алена Рыгораўна. – На нашым невялікім агародзе з цягам часу станавілася ўсё менш бульбы, буракоў, агуркоў, а больш – мяты, лаванды, манарды і яшчэ з дзясятак-другі розных духмяных і эфірных раслін.
Эксперыментавалі, абмяркоўвалі, знаходзілі кожны для сябе любімыя спалучэнні. Дзеці самі сталі заўважаць, што хварэлі менш за сваіх аднакласнікаў. Ці гэта не нагода працягваць?”“Маміна гарбата” на сяброў багата

Алена канстатуе, што сярод знаёмых і сваякоў аматараў траў не знаходзілі. А калі дочкі з’ехалі, вывучыліся і працаўладкаваліся, сталі частаваць калег нашай гарбатай, то аказалася, што іншым людзям, абставінамі адлучаным ад зносін з прыродай, не хапае натуральнага водару напояў.

“Вось так і з’явіўся брэнд “Маміна гарбата” і нашая старонка ў інстаграме. Генератары ідэй, вядома ж, дзеці. Кожны робіць свой унёсак: знаходзяць ідэі падачы ў інтэрнэце, варыянты ўпакоўкі і афармлення. У вольны час у сезон едуць да нас на нарыхтоўку. Мы з мужам ледзь паспяваем за іх крэатывам. Усім цікава.

Агарод у нас зусім невялікі, за пару дзён можна без напружання ўскапаць рыдлёўкай. Тым больш, што большасць зямлі занята шматгадовымі травамі. Але пытанне не стаіць у колькасці гектараў. Травяныя чаі – гэта ў пераважнай большасці дзікаросы. Вырошчваем у садзе святаяннік, скрыпень, шыпшыну, чабор, лабазнік, крапіву, маліну, ажыны. Нават журавіны і брусніцы ў нас свае”.“Маміна гарбата” на сяброў багата

Па словах суразмоўцы, інтэрнэт – гэта крыніца інфармацыі, менавіта патрэбнай.
“Алгарытмы інстаграм нала-джаны такім чынам, што прапануюць нам іншыя старонкі з сертыфікаванымі траўнікамі, вытворцаў гарбаты, а таксама людзей, якія, як і мы, знайшлі сваё захапленне.

“Маміна гарбата” на сяброў багатаДа размовы далучыўся муж Пётр Шадура: “Літаральна на днях мы прыехалі з навагодняга кірмашу ў Салігорску “АртМаркет”. У Лядовым палацы тры дні прапаноўвалі сваю прадукцыю больш за сотню захопленых людзей. Хлеб, сыры, прысмакі, шакалад, упрыгожванні, адзенне, цацкі – гэта свята талентаў. У гэтыя ж дні ў Мінску праходзіў самы вялікі навагодні кірмаш у Беларусі “Чароўны млын”. На жаль, сачыць за майстрамі “Млына” мы змаглі толькі ў інстаграме, але магу з гонарам сказаць, што там было шмат нашых сяброў”.

Мужчына адзначае, што гэты год для іх сям’і быў вельмі насычаным.
“Мы аб’ехалі з дзясятак раённых цэнтраў Гомельшчыны. Былі на свяце вінаградараў у Пінску, на Дажынках у Салігорску. Атрымлівалі прапановы аб удзеле ў фестывалях у Гродне і Брэсце, ад якіх прыйшлося адмовіцца па шэрагу прычын. Па некалькі разоў на месяц мы выязджаем на сталічны рынак фермерскіх прадуктаў “Усё сваё”. Менавіта гэты кірмаш і стаў сапраўдным стартам для нас і многіх іншых людзей, якія прапануюць усім жадаючым сапраўдныя натуральныя прадукты. Яго ўдзельнікі – асаблівыя, апантаныя сваёй справай людзі, майстры, па прадукцыю якіх прыязджаюць еўрапейцы. Мы ганарымся знаёмствам з імі і тым, што наша гарбата там вельмі высока ацэнена.“Маміна гарбата” на сяброў багата

“Маміна гарбата” на сяброў багатаСпадзяемся, што і ў Петрыкаве знойдзецца месца для выстаў майстроў, бо ў нас так шмат захопленых людзей, якія прыйшлі да справы самастойна: робяць упрыгожванні з эпаксіднай смалы, гатуюць моці і тарты, складаюць фут-букеты, шыюць і вяжуць, валяюць з воўны, выразаюць з дрэва”.

“Знайдзіце працу па душы і вам ніколі не давядзецца працаваць” – ісціна, якая застаецца за рамкамі часу і лакацыі. Камусьці яна здаецца недасягальнай, а нехта зрабіў яе сваім жыццёвым крэда і прытрымліваецца такой пазіцыі, атрымліваючы задавальненне ад кожнага дня. Псіхолагі ўпэўнены, для насычанага, паўнавартаснага жыцця чалавеку проста неабходна мець хобі. Сям’я Алены Бруцкай і Пятра Шадуры можа стаць на адну лінію з тымі, хто ператварыў маленькае захапленне ў сапраўдную справу. А такіх нямала.

“Маміна гарбата” стала нашым сямейным хобі, – працягнула жанчына. – Дарагім, праўда, але яно таго вартае. Агульны занятак аб’ядноўвае нас усіх нават на вялікіх адлегласцях. Дапамагае быць на адной хвалі”.

 

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота з сямейнага архіву герояў.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о