Шлюбы, разводы, нараджэнні і імёны: вынікі 2023-га ад ЗАГСа

0
556

Шлюбы, разводы, нараджэнні і імёны: вынікі 2023-га ад ЗАГСаДля беларускага грамадства шлюб і сям’я – важны сацыяльны інстытут. Насуперак “модным” заходнім тэндэнцыям, мы на канстытуцыйным узроўні замацавалі і прытрымліваемся “класічнага” бачання сям’і як саюзу мужчыны і жанчыны ад нараджэння. Мы не прыхільнікі “вольнага ад дзяцей грамадства”, наадварот, лічым іх галоўнай каштоўнасцю і здабыткам уласнага жыцця.
Днямі мы сустрэліся з начальнікам аддзела ЗАГС Петрыкаўскага райвыканкама Ганнай Туравец, каб даведацца, колькі ў мінулым годзе на Петрыкаўшчыне нарадзілася дзяцей і якія імёны для іх выбіралі бацькі, у якім узросце петрыкаўчане браліся шлюбам і скасоўвалі яго. Падрабязней – у нашым матэрыяле.

Як паведаміла ў час сустрэчы Ганна Іванаўна, гендэрную пальму першынства ў 2023 годзе ў раёне ўтрымлівалі дзяўчынкі, іх нарадзілася 96, а хлопчыкаў – 83. Што цікава, у папярэднія чатыры гады хлопчыкаў нараджалася больш.
– Маленькіх гараджан і вяскоўцаў у мінулым годзе нарадзілася практычна роўная колькасць: у сельскай мясцовасці зарэгістравана 90 нованароджаных, у раённым цэнтры – 89. Аднак у параўнанні з 2022 годам колькасць народжаных, на жаль, зменшылася, – дадала начальнік аддзела.

Паводле статыстычных дадзеных, першынец нарадзіўся ў 45 маладых бацькоў, другое дзіця – у 60 сем’ях. Радуе той факт, што многія сем’і не абмяжоўваюцца двума дзецьмі. У прыватнасці, летась трэцяе дзіця нарадзілася ў 44 сем’ях, чацвёртае – у 20, пятае – у 7, у васьмі сем’ях вырашыліся на шостае дзіця. Самымі багатымі на нованароджаных сярод сельсаветаў сталі Ляскавіцкі, там нарадзілася 19 хлопчыкаў і дзяўчынак, Капаткевіцкі і Петрыкаўскі – адпаведна 12 і 10 дзетак. Менш за ўсё дзяцей нарадзілася ў Конкавіцкім і Мышанскім сельсаветах – па 2 немаўляці, а таксама ў Бабуніцкім, дзе шчасце бацькоўства спазнала толькі 1 сям’я.

Са шкадаваннем даводзіцца канстатаваць, што 32 дзіцяці нарадзіліся ў маці, якія не знахо-дзяцца ў зарэгістраваным шлюбе.
Распавяла начальнік аддзела ЗАГС і пра самыя папулярныя ў бацькоў нованароджаных імёны. Як стала вядома, сярод хлопчыкаў у Петрыкаўскім раёне вырваўся ў лідары Мацвей, гэтым імем нараклі 8 немаўлят. У топе пераможцаў таксама імёны Дзмітрый, Марк і Арцём, кожным з іх назвалі па 5 хлапчукоў. Самым папулярным імем у дзяўчынак стала Марыя – на 7 маленькіх прыгажунь з гэтым імем на Петрыкаўшчыне стала болей. Мінулы год падараваў нам 6 Мілан, па чатыры Аляксандры, Ганны і Ульяны. А вось да разраду рэдкіх можна аднесці імёны: Эліна, Ніколь, Лявона, Адзіль, Абрам, Майсей.

Што да моды на імёны ў Петрыкаўскім раёне на працягу апошніх пяці гадоў, то, па словах Ганны Туравец, яна мянялася наступным чынам. Так, у 2018 годзе самымі папулярнымі былі Ксенія і Арцём, у 2019-м – Сафія і Аляксандр, у 2020-м – Дар’я і Максім, у 2021-м – Мілана і Арцём, у 2022-м – Сафія і Максім.

Як нам стала вядома, непаўналетніх матуль і татаў у мінулым годзе ў раёне не было. Згодна статыстыкі, самай маладой маці споўнілася 18 гадоў. Адзін малады чалавек стаў бацькам у 21 год, адзін мужчына ў 54 гады. Самай старэйшай маці споўнілася 45 гадоў. У асноўным мужчыны атрымлівалі статус бацькі ва ўзросце 31 года. Жанчыны часцей нараджалі ва ўзросце 28 гадоў.
Не можа не радаваць і той факт, што колькасць шлюбаў у раёне ў параўнанні з 2022 годам павялічылася на 11 і склала 160.
116 пар узялі шлюб у раённым цэнтры, 44 – у сельскай мясцовасці. Тэрытарыяльна ў межах раёна яны размеркаваліся наступным чынам: найбольшая колькасць шлюбаў зарэгістравана Капаткевіцкім (10), Петрыкаўскім (7) і Ляскавіцкім (6) сельвыканкамамі, па адным – у Конкавіцкім і Пціцкім сельвыканкаме.

У мінулым годзе жанчыны часцей за ўсё выходзілі замуж у 21 год, мужчыны ажаніліся ў 24 гады. Самай маладой нявесце споўнілася 16 гадоў, адна з жанчын пайшла замуж у 62 гады. Самаму маладому жаніху споўнілася 18 гадоў, самаму даросламу – 69. Як гаворыцца, каханню ўсе ўзросты пакорныя. Галоўнае, каб сямейныя пары былі шчаслівыя і ў сям’і панавалі ўзаемапаразуменне і згода. А ўзрост для гэтага, як паказвае жыццё, не перашкода.

Калі ў 2022 годзе было зарэгістравана 149 шлюбаў, то скасавана за гэты ж перыяд 19, за 2023 год скасавана амаль на траціну меней – 13 шлюбаў. Як бачым, расце не толькі колькасць, але і якасць саюзаў.

Статыстыка паказвае, што сярэдні ўзрост скасаваных шлюбаў у аддзеле ЗАГС райвыканкама ў мужчын – 39 гадоў, у жанчын – 37 Максімальны ўзрост – 67 і 66 адпаведна, мінімальны – 25 для мужчын і 20 для жанчын. Мінімальная працягласць існавання скасаванага аддзелам ЗАГС шлюбу склала 7 месяцаў 1 дзень, максімальная – 25 гадоў 10 месяцаў і 4 дні.
Стварэнне сям’і – адказны крок у жыцці чалавека. Рашэнне пабрацца шлюбам, а тым больш яго скасаваць, павінна быць узважаным і абдуманым, упэўнена начальнік аддзела ЗАГС Ганна Туравец.

– Шчыра спадзяюся, што 2024 год кожнай сям’і Петрыкаўшчыны падаруе прыемную нагоду завітаць у наш аддзел, – дадала ў завяршэнні размовы Ганна Іванаўна.

Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о