Юлія Ліпская працуе настаўнікам біялогіі толькі другі год, а ўжо змагла зарэкамендаваць сябе як адказны педагог, які цікавіцца ўсім. Дзяўчына ва ўсю моц штурмуе педагагічны алімп, то адкрываючы новы гурток, то перамагаючы ў міжнародных конкурсах і выступаючы на сцэне.

Малады спецыяліст: “Працую на вынік!”Пасля заканчэння сярэдняй школы № 2 наша гераіня паступіла ў Палескі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт “Біятэхналогіі”. Дзяўчына сцвярджае, што навуковая дзейнасць ёй даспадобы.
– Падчас вучобы ва ўніверсітэце я вырашыла максімальна разнастаіць практыку, таму выбірала розныя напрамкі, – пачала дыялог Юлія. – Так, на трэцім курсе я праходзіла практыку ў Цэнтры гігіены і эпідэміялогіі горада Петрыкава, а на чацвёртым – у Акадэміі навук у Інстытуце мікрабіялогіі. На пятым – на Мінскводаканале ў якасці тэхнолага. На апошнім курсе ў нас была дадатковая педага-гічная практыка, якая і стала лёсавызначальнай. Як толькі я перайшла парог установы адукацыі, гэта была гімназія ў Пінску, адразу адчула сваю атмасферу. І ўжо на момант размеркавання дакладна для сябе вызначыла – мне трэба ў педагогі!
Па словах суразмоўцы, ідэя вярнуцца працаваць у родную школу была ўдалай. Дома, як кажуць, і сцены дапамагаюць.
– Асабліва хачу адзначыць калектыў, які аказвае мне каласальную падтрымку. Чулае і трапяткое стаўленне да мяне дырэктара школы дазваляе адчуваць апору і натхненне. Напэўна, дзякуючы такім адносінам я і не пабаялася адкрыць аб’яднанне па інтарэсах “Супольнасць мікрабіёлагаў”. На гуртку я даю дзецям інфармацыю, якая не ўваходзіць у школьную праграму. Часта, па старым сяброўстве, мне дае абсталяванне наш Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.
Удакладнім, што Юлія стала пераможцай конкурсу сярод маладых спецыялістаў Петрыкаўскага раёна.
– Я паспяхова прайшла ўсе пяць этапаў і заняла першае месца. Прыемна, што мяне падтрымалі калегі!
Дзяўчына сцвярджае, што імкнецца працаваць на вынік. І ёй гэта ўдаецца. Вялікую дапамогу ёй таксама аказвае бацька – Ігар Ліпскі – які таксама працуе ў другой гарадской школе настаўнікам фізікі.
– Мы дастаткова паспяховы тандэм. Сімбіёз фізікі і біялогіі плюс роднасныя сувязі дазваляюць нам адносна лёгка рыхтаваць даследчыя работы разам з вучнямі, удзельнічаць у міжнародных навуковых конкурсах і нават займаць прызавыя месцы.
На пытанне, ці хапае дзяўчыне часу на асабістае жыццё, адказвае так:
– У вольны час я люблю наведваць трэнажорную залу, вечарамі – музычную студыю па вакале ў Петрыкаўскай дзіцячай школе мастацтваў. Запрашае мяне спяваць на канцэртах кіраўніцтва раённага Дома культуры. Даволі часта вольны час я праводжу ў кампаніі сваіх сяброў.
Дзяўчына ўпэўнена, што наш горад можа стаць яшчэ больш цікавым.
– Што я магла б прапанаваць нашаму гораду ў пытанні баўлення часу? Мне вельмі падабаецца папулярны зараз сярод моладзі кірунак стэндап. Здаецца, у горадзе яшчэ такога не было ніколі. Канешне, у вячэрні час для моладзі можна арганізаваць інтэлектуальныя гульні ў стылі “Што? Дзе? Калі?” Або настольныя гульні. Было б нядрэнна пабудаваць лядовы палац, думаю, мы яшчэ прыйдзем да гэтага.
Кім бачыць сябе наша гераіня праз некалькі гадоў, пакуль не загадвае.
– Зараз атрымліваю столькі задавальнення ад таго, дзе я знаходжуся і кім працую, што нават не задаю сабе такое пытанне. Яшчэ мару ў сваёй прафесіі дасягнуць высокіх вынікаў!

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о