Магчымасці і небяспекі для людзей старэйшага пакалення

0
439

Магчымасці і небяспекі  для людзей старэйшага пакалення

Напрыканцы мінулага тыдня ў Петрыкаўскім ТЦСАН прайшла кансультатыўна-дыялогавая пляцоўка “Старэйшае пакаленне – за актыўнае даўгалецце: пытанні і перспектывы”.

У актавай зале сабраліся спецыялісты розных службаў раёна і прадстаўнікі старэйшага пакалення. Мерапрыемства дало магчымасць людзям пажылога ўзросту больш даведацца пра дадатковыя ўмовы для паляпшэння свайго быту, формы сацыяльнай падтрымкі, пра небяспеку, якая можа чакаць занадта даверлівых людзей.

Асаблівую цікавасць у прысутных выклікала выступленне супрацоўніка Беларусбанка: дыялог па пытаннях банкаўскіх паслуг для жыхароў пенсійнага ўзросту быў дастаткова актыўным. Пры надыходзе пэўнага ўзросту, кожны беларус можа разлічваць не толькі на пенсійныя выплаты, але і на розныя льготы і бонусы ад банкаўскай сістэмы краіны. Спецыяліст расказаў пра перавагі атрымання грашовых сродкаў не ў паштовых аддзяленнях, а на банкаўскую картку, абслугоўванне якой для людзей дадзенай катэгорыі бясплатнае. Як прыклад: на пенсійную картку вяртаецца 3 % ад здзейсненых аперацый у аптэцы, краме оптыкі, аўтастанцыі, дзейнічае 15 %-ная зніжка ў Беларусбанку на страхаванне маёмасці, домаўладанняў, ад атрымання траўм. Была акцэнтавана ўвага на ўмовах крэдыту “Час Жыць”, які дазваляе вырашыць хутка і на прымальных умовах розныя жыццёвыя сітуацыі: замена электраабсталявання, набыццё неабходных рэчаў.

Асобна было вынесена пытанне: што трэба ведаць, каб не страціць свае грошы. Адзначана, што калі чалавек ужо карыстаецца карткай, то пажадана скарыстацца праграмай “Картка пад абаронай”. Грошы, раяць спецыялісты, лепш захоўваць у банкаўскіх укладах. У адваротным выпадку, каб не стаць ахвярай ашуканцаў, трэба выконваць асноўныя правілы: не ўпускаць у дом незнаёмых людзей, а пры паступленні тэлефоннага званку з патрабаваннямі выдачы грошай на аказанне дапамогі блізкім – патэлефанаваць родным або ў міліцыю.

Як правільна паступіць, калі вам патэлефанавалі незнаёмыя з просьбай узяць крэдыт – у адкрытай размове абмяркоўвалі з супрацоўнікам Петрыкаўскага РАУС. Было агучана, што пачасціліся выпадкі званкоў людзям сталага веку, нібыта ад супрацоўнікаў міліцыі ці работнікаў банкаўскай установы, з просьбай узяць крэдыт для аказання дапамогі ў спецаперацыі па выяўленні фінансавага злачынцы. Праваахоўнік заклікаў не верыць у падобную хлусню: працуюць ашуканцы і каб не трапіцца ў іх сеткі галоўнае правіла – пільнасць.

Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о