Працоўныя поспехі на зарэчных палетках

0
1706

Днямі мы наведаліся на палеткі СУП “Палессе-Аграінвест”, каб пацікавіцца, як ідуць справы ў зарэчным аддзяленні гаспадаркі.

Як паведаміў упраўляючы аддзяленнем “Вялаўск” Васіль Казачэнка, зараз тут праводзіцца сяўба азімых і ўборка кукурузы на зерне, пасля чаго пачнецца падрыхтоўка да зімняга сезону.

Працоўныя поспехі  на зарэчных палетках

– Што тычыцца кармавой базы, то тут калектыў спрацаваў добра. Мяркуйце самі: сенажу мы заклалі 4,2 тысячы тон, пры даведзеным плане ў 2,5 тысячы. Гэта забяспечыць нам паўтарагадовы запас кармоў. Што тычыцца зялёнай масы, то тут паказчыкі нават лепшыя – у сіласныя ямы закладзена каля 9 тысяч тон кармоў, пры нашай патрэбе ў 6-6,5 тысяч тон. Акрамя гэтага ёсць у нас яшчэ лішкі сіласу з мінулага года. Такім чынам, па зялёнай масе ў нас складаецца запас кармоў да 2 гадоў, – падзяліўся Васіль Уладзіміравіч.

Сёлета 99 гектараў палеткаў аддзялення “Вялаўск” было вылучана пад грэчку. Сабралі гэтай культуры 125 тон і пры гэтым аграрыі атрымалі даволі багата якасная саломы, якая будзе выкарыстана ў першую чаргу для падсцілу жывёле.
Да таго ж сёлета было вырашана паспрабаваць новы для гаспадаркі напрамак – пчалярства. Па выніках нядаўняй рэвізіі 30 сем’яў пчол добра “зайшлі на зімоўку”, а за год гаспадарка атрымала 450 кілаграмаў мёду.

Па словах кіраўніка аддзялення, дасягаць і пераўзыходзіць прагнозныя паказчыкі можна толькі забяспечыўшы добрасумленную працу ў калектыве і абапіраючыся на падтрымку кіраўніцтва. “Вядома, працуюць тут розныя людзі, але галоўнае – разумець, чуць і дапамагаць адзін аднаму, бо сельская гаспадарка – вытворчы працэс, дзе агульны вынік залежыць ад зладжанасці. А наш дырэктар Аляксандр Верамееў заўсёды выслухае, пацікавіцца, дапаможа, параіць. Таму ніякіх патрэб для забеспячэння плённай работы мы не адчуваем і намагаемся працаваць на вынік”, – заўважыў Васіль Казачэнка.

Легкавік прыпыняецца каля ўрочышча Проціраб. З вышыні дарогі мы назіраем за сяўбой азімых. Тут шчыруюць на сваім новенькім Кіраўцы К742М з сеялкай Horsch-6 Сяргей Віннік і Яўген Бычкоўскі (на фота) на МАЗ-551605. Мужчыны – прадстаўнікі розных пакаленняў: Сяргею Іванавічу 52 гады, а Яўгенію Міхайлавічу – 22. Але ў біяграфіях вадзіцеляў ёсць і агульныя рысы: абодва мужчыны працавалі ў іншых сферах, але ў пэўны момант іх жыццёвыя шляхі прывялі да нівы.

А 7-й гадзіне вадзіцелі на пароме. Заканчваецца сяўба, калі за далягляд заходзіць сонца. У сеялку 6-7 разоў загружаецца да 1,8 тон насення азімага жыта, у дзень атрымліваецца пасеяць каля 25-30 гектараў, у залежнасці ад надвор’я, глебы, даўжыні палетка. Сёлета пад гэтую азімую культуру ў аддзяленні адведзена 750 гектараў зямлі.

Аграрыі адзначаюць, што працаваць падабаецца, тым больш што і ўмовы створаны адпаведныя. Што да насычанага працоўнага графіку, мужчыны толькі ўсміхаюцца, маўляў, работа, канешне, не для кожнага, трэба і здароўе, і досвед, але галоўнае – прызвычаіцца і мець волю адказнага земляроба.

“Адзінае, чаго чакаем – дык гэта дажджу. Сухое надвор’е стаіць апошнім часам. Усё ж насенню патрэбна вільгаць, тады і на годны ўраджай можна спадзявацца”, – заўважыў напрыканцы нашай гутаркі Сяргей Віннік.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о