Лёс Анатоля Панамарэнкі – меліярацыя

0
652

На святкаванні 500-годдзя з першай згадкі горада Петрыкава ў пісьмовых крыніцах важным мерапрыемствам стала прысваенне тытула “Ганаровы грамадзянін Петрыкаўскага раёна” людзям, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё ўсяго рэгіёна. Сярод узнагароджаных – ветэран працы Анатоль Панамарэнка, герой сённяшняга артыкула.

Анатоль Васільевіч – чалавек абаяльны, але вельмі сціплы. Свае заслугі перад Айчынай называе не больш як якаснай працай. Толькі насамрэч аўтарытэт у калег, павагу сярод насельніцтва, падзяку ад кіраўніцтва СССР наш герой заслужыў, тут ужо заўважым мы, апантанай, адказнай, дысцыплінаванай работай, прагай да поспеху, вынікаў працы. У багатай скарбонцы спецыяліста за шматгадовую працу ў меліярацыйнай галіне дыпломы, ганаровыя граматы, падзякі. Прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці Петрыкава, неаднаразова абіраўся дэпутатам Савета розных узроўняў.

Лёс Анатоля Панамарэнкі – меліярацыяБудучы герой працы нарадзіўся ў Чарнігаўскай вобласці. Пасля заканчэння школы паступіў у Прылужскі гідратэхнікум. А затым была служба ў Савецкай арміі – абавязак кожнага грамадзяніна. Тады яшчэ малады хлопец і ўявіць не мог, якое жыццё, поўнае подзвігаў, яму рыхтуе лёс. Але аб ўсім папарадку.

Пасля заканчэння гідратэхнікума Анатоль працаўладкаваўся майстрам Капаткевіцкага БМУ. За добрасумленнае стаўленне да працы праз год ужо быў прызначаны на пасаду старэйшага прараба ўчастка № 1 той жа арганізацыі. Затым было прызначэнне спецыяліста ў якасці галоўнага інжынера. І, нарэшце, мужчына стаў кіраўніком прадпрыемства “Петрыкаўскае ПМС”.

“Мне важна было эфектыўна арганізаваць працу ўсяго калектыву. Кожны чалавек у працы меліярацыйнай сістэмы – прафесіянал. І мне было на каго спадзявацца. У вельмі няпростых умовах працуюць меліяратары, яны заўсёды на балоце: у зімовы холад, у праліўны дождж, у летнюю спякоту. Часам, працуюць ва ўмовах, набліжаных да баявых”, – распавёў у час інтэрв’ю Анатоль Васільевіч.

“У той перыяд, калі я толькі прыйшоў на працу ў ПМК-13, меліярацыя беларускага Палесся з’яўлялася адной з найважнейшых дзяржаўных праграм, мы падпарадкоўваліся непасрэдна Міністэрству меліярацыі і воднай гаспадаркі БССР, – працягнуў размову Анатоль Васільевіч. – У 1983 годзе ў калектыве калоны налічвалася 252 працаўнікоў, было вельмі шмат тэхнікі.

Работнікамі ПМС праведзены рамонт бытавых памяшканняў, спартыўнага пакоя, пакоя прыёму ежы, майстэрняў, перапрафіляваны будынак былой канторы ў сталоўку на 60 пасадачных месцаў, у якой і зараз праводзяцца ўрачыстасці і іншыя мерапрыемствы. Былі пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю 30-ці кватэрны жылы дом па вуліцы Карла Маркса, 33 і дзіцячы сад-яслі № 7, таксама больш за 15 жылых дамоў былі пабудаваны гаспадарчым спосабам у Петрыкаве, у раёне было пабудавана 167 кватэр”.

Лёс Анатоля Панамарэнкі – меліярацыя
Разам са старшынёй раёна (злева направа) Сцяпан Бамбіза, Ядвіга Суботка і Анатоль Панамарэнка ў час прысваення тытула “Ганаровы грамадзянін Петрыкаўскага раёна”

На пытанне, у чым сакрэт поспеху меліярацыйнай сістэмы, суразмоўца адказаў упэўнена:

“Кожны дзень эфектыўнай працы вельмі важны. Асноўным фактарам у эфектыўнасці правядзення меліярацыі з’яўляецца граматнае выкананне ўсіх меліярацыйных мерапрыемстваў – будаўніцтва, рэканструкцыі, эксплуатацыі меліярацыйных сістэм, стварэння ахоўных насаджэнняў, правядзення гідратэхнічных працэсаў”.
Герой таксама адзначыў, што немалаважную ролю ў працоўным працэсе адыгрывала тэхніка.

“Трактары, аўтамашыны, экскаватары. Машына-трактарны парк заўсёды абнаўляўся, пастаўлялася нам сучасная агратэхніка савецкага вытворцы, якая вызначалася манеўранасцю і высокай прадукцыйнасцю. Вельмі важна было сачыць за тэрмінам эксплуатацыі тэхнікі, каб у патрэбны час атрымаць новую”.

Хваляваў кіраўніка Петрыкаўскана ПМС і дабрабыт сваіх работнікаў.

“У прыярытэце арганізацыі таксама было будаўніцтва дамоў для работнікаў. Так, нашыя работнікі атрымалі кватэры ў Петрыкаве. Сачыў я і за тым, каб заробак у нашых работнікаў быў на высокім уроўні. У той час ПМК-67 і ПМК-13 грымелі на ўсю Петрыкаўшчыну і былі прадпрыемствамі, якія паўплывалі на сацыяльна-эканамічнае развіццё нашага рэгіёна”.

У 1986 годзе (калі наш герой яшчэ займаў пасаду начальніка Петрыкаўскай ПМК-13) ўзнагароджаны медалём Ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга – высокая ацэнка за працу Савецкага часу. У тым жа годзе быў узнагароджаны Усесаюзным пераходным Чырвоным Сцягам.

У 1988 годзе менавіта Петрыкаўскае МУААС перамагло ва Усесаюзным галіновым сацыялістычным спаборніцтве. А ў 2012 годзе адзначаны медалём “Ганаровы меліяратар Рэспублікі Беларусь”.

“Наша краіна – фактычна адзіная постсавецкая рэспубліка, якая амаль у поўным аб’ёме захавала свой меліярацыйны комплекс. Зберагчы тое, што маем, забяспечыць тэхнічны догляд меліярацыйнай сістэмы, якая дасць сельскагаспадарчым угоддзям максімальную карысць – вось наш абавязак. Трэць сельскагаспадарчых зямель у нашай краіне адносяцца да меліярацыйных. Яны даюць 30 % аграрнай прадукцыі, у тым ліку больш за палову кармоў. Пры ўмове, што за імі будзе арганізаваны належны догляд”, – удакладніў ветэран працы ў канцы размовы.

Сёння Анатоль Васільевіч шчаслівы муж, са сваёй каханай Зінаідай Якаўлеўнай пражылі разам 55 гадоў. Ён таксама клапатлівы дзядуля 3 унукаў і 3 праўнукаў.
Мы дзякуем ганароваму грамадзяніну за шматгадовую і плённую працу, вынікамі якой мы сёння можам не толькі ганарыцца, а і карыстацца.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о