Штомесячная сустрэча з насельніцтвам у рамках работы інфармацыйна-прапагандысцкай групы прайшла ў аграгарадку Колкі Петрыкаўскага раёна і была прысвечана асноўным эканамічным дасягненням першага года пяцігодкі ў кантэксце рашэнняў VI Усебеларускага народнага сходу.

Мабілізацыя рэсурсаў  на карысць эканомікі

Мадэратар мерапрыемства, старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Макарэвіч, адзначыў, што праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021-2025 гады сфарміравана на падставе палажэнняў, якія былі прыняты на VI Усебеларускім народным сходзе. Менавіта яна ўвязвае стратэгію і тактыку дзеянняў дзяржавы, забяспечвае мабілізацыю рэсурсаў на дасягненне важнейшых прыярытэтаў развіцця.
– Дзякуючы інструментам эканамічнай палітыкі, якія эфектыўна прымяняюцца кіраўніцтвам краіны, у першы год пяцігодкі беларусы не адчулі на сабе ўзрушэнняў з-за пандэмій, санкцый і нестабільнасці на знешнім контуры, – канстатаваў прадстаўнік улады. – Дабрабыт беларускіх грамадзян працягваў расці: людзі зараблялі грошы, адпачывалі, будавалі сем’і, упэўнена глядзелі ў будучыню – як гэта і было апошнія 5, 10, 15 гадоў таму. У гэтым і заключаецца прынцыповы момант эфектыўнасці працы ўлады і эканомікі. За год грашовыя даходы насельніцтва ў рэальным выражэнні выраслі на 2% (пры прагнозе 1,6%), тэмп росту прадукцыйнасці працы склаў 103,2% (пры прагнозе 101,9%), вытворчасць прамысловай прадукцыі вырасла на 6,5% (пры прагнозе – 3%), ВУП павялічыўся на 2,3% (пры прагнозе – 1,8%).
Далей слова ўзяла старшыня Колкаўскага сельвыканкама Ганна Сянько. Яна падрабязна распавяла пра вынікі працы за 2021 год і пра тыя мерыпрыемствы, якія будуць рэалізаваны ў 2022 годзе – гэта і знос пустуючых дамоў, і добраўпарадкаванне могілак, і выдаленне аварыйных дрэў.
Затым старшыня раённага Савета дэпутатаў звярнуўся да жыхароў Колак з пытаннем пра іх цяжкасці і патрэбы.
Жыхары агучылі праблему, звязаную з рамонтам даху па вуліцы Радзюка. Сяргей Аляксандравіч адказаў, што гэта недапушчальна, каб у людзей цёк дах. Пытанне ўзята на кантроль і абавязкова будзе вырашана.
Яшчэ адной “гарачай” тэмай абмеркавання стала аплата камунальных паслуг. Тлумачэнне па гэтым пытанні дала вядучы спецыяліст Петрыкаўскага райжылкамгаса Ірына Чабатарова, канстатаваўшы, што запазычанасць за камунальныя паслугі некаторых дамоў па названай вуліцы ўнушальная.
Хвалюе жыхароў аграгарадка і якасць пітной вады, і рамонт дарогі па вуліцы Калгаснай. Пытанні, якія патрабуюць рашэння на раённым узроўні, узяты на кантроль.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о