За змену – 20 гектараў. Асноўны фронт работ на палях Петрыкаўскага раёна разгарнуўся на сяўбе кукурузы

0
511

Сяльгаспрадпрыемствы раёна асноўны ўпор гэтымі днямі робяць на сяўбу кукурузы на зерне. Нашы карэспандэнты завіталі на поле ААТ “Пціч-Агра” да механізатара Юрыя Хамца, які і распавёў пра сваю сённяшнюю працу.

За змену – 20 гектараў. Асноўны фронт работ на палях Петрыкаўскага раёна  разгарнуўся на сяўбе кукурузы

Біяграфія працаўніка не з лёгкіх. Чацвярых братоў выхоўвала бабуля. Старэйшы – герой нашага рэпартажу – узяў на сябе ролю главы сям’і і з ранняга ўзросту пачаў працаваць на палетках. Так і стала праца на зямлі прызваннем жыцця. Юрый Хамец сёння сярод лідараў на сяўбе кукурузы.
– Для мяне кожная пасяўная – пара адказная, – пачаў механізатар. – Сёння падрамантаваў “Беларусь 892” і адразу ў дарогу. Ад якасці працы напрамую залежыць, ці з’явяцца з часам на палях усходы, бо насенне павінна легчы ў добрую зямлю.
Юрый Валянцінавіч удакладняе, што сезон плануецца “гарачы”. Задача аграрыяў – пасеяць 2500 гектараў, а значыць часу расслабляцца няма, асабліва, калі надвор’е добрае.
Працоўная змена механізатараў, акрамя абедзеннага перапынку, доўжыцца каля 11 гадзін – практычна да цемры.
– Так, столькі часу за рулём машыны правесці дастаткова цяжка, але мы людзі звыклыя да такога рытму жыцця.
Юрый адзначыў у час размовы, што гарачыя абеды ўсім удзельнікам пасяўной дастаўляюць прама ў поле, гаворыць, так нават зручней. Ды і рамантыка ў гэтым свая таксама ёсць.
– Ежай нас не крыўдзяць, гатуюць смачна і сытна, – працягвае знаёміць нас з нюансамі сваёй працы механізатар. – У змену высаджваю прыкладна 20-26 гектараў. Гэта лічыцца добрым паказчыкам. Пакуль спраўляемся.
Агульны стаж працы механізатара складае 16 гадоў. Юрый падказвае, што іншай працы для сябе не ўяўляе, поле – яго стыхія. Дома яго чакаюць жонка і сын, а значыць, надзейны тыл ёсць!

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о