На мінулым тыдні ў межах адзінага дня інфармавання адбылася сустрэча старшыні раённага Савета дэпутатаў Сяргея Макарэвіча з жыхарамі населенага пункта Церабаў Мышанскага сельскага Савета.

Напачатку сустрэчы старшыня Мышанскага сельвыканкама Ірына Баяшэнка прапанавала прысутным інфармацыю пра стан спраў у населеным пункце.
Як паведаміла Ірына Мікалаеўна, на сённяшні дзень у Церабаве маецца 79 домаўладанняў, у якіх пражывае 143 чалавекі. Працаздольнага насельніцтва ў Церабаве – 61 чалавек. Значная работа праводзіцца ў населеным пункце па навядзенні парадку. Так, за апошнія два гады на могілках спосабам прамысловага альпінізму выдалена 13 дрэў і больш чым на 10 дрэвах зрэзаны буйныя сухія галіны. У належным стане знаходзіцца брацкая магіла. Сёлета ў вёсцы па вуліцы Камсамольскай была праведзена кампенсацыйная пасадка дрэў і кустоў.

Ад асабістых пытанняў да сацыяльных стандартаў
Старшыня Мышанскага сельвыканкама Ірына Баяшэнка і старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Макарэвіч

Сяргей Аляксандравіч праінфармаваў прысутных па пытанні новых заканадаўчых ініцыятыў па абыходжанні з пустуючымі і лядашчымі домаўладаннямі. Па новым законе, які ўступіць у сілу ў верасні, набыць такія дамы можна будзе за 1 базавую велічыню. Дзяржава зэканоміць сродкі на зносе, а грамадзяне атрымаюць магчымасць стаць уладальнікамі маёмасці ў сельскай мясцовасці. Асабліва запатрабаванымі будуць аб’екты паблізу гарадоў. Тэма гэта для населенага пункта актуальная, так як маюцца домаўладанні, даўно пакінутыя спадчыннікамі без нагляду і якія яшчэ можна прапанаваць зацікаўленым да набыцця. Як паведаміла старшыня сельвыканкама,за час дзеяння Указа Прэзідэнта № 357 “Аб пустуючых і лядашчых домаўладаннях” у вёсцы знесена больш за 60 домаўладанняў, 5 з іх – у 2020 годзе.
Старшыня райсавета Сяргей Макарэвіч у час сустрэчы таксама нагадаў мясцовым жыхарам пра пагрозу кіберзлачынстваў, якія апошнім часам пачасціліся на тэрыторыі раёна і рэспублікі ў цэлым.
– Як вядома, толькі закрытасць асабістых дадзеных можа гарантаваць захаванасць грашовых сродкаў на рахунку. Таму ў любой падазронай сітуацыі не варта ўступаць у размовы з незнаёмымі і давяраць ім закрытую інфармацыю, – нагадаў прысутным правілы бяспекі старшыня райсавета.
Не засталося без увагі Сяргея Аляксандравіча ў час сустрэчы і пытанне вакцынацыі. Мясцовыя жыхары зацікаўлены ў атрыманні прышчэпкі ад каранавіруснай інфекцыі, таму і пыталі, як будзе арганізавана вакцынацыя для жыхароў іх населенага пункта.
Таксама мясцовымі жыхарамі былі ўзняты тэмы стану дарог у населеным пункце і аўтобуснага прыпынку, асвятлення, нязручнасці ажыццяўлення камунальных плацяжоў з-за закрыцця паштовага аддзялення.
Па пытаннях дадзены тлумачэнні, асобныя ўзяты на кантроль.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о