Павел Герасіменка выратаваў пенсіянерку на пажары ў гарадскім пасёлку Капаткевічы

0
649

Мы працягваем праект “Героі сярод нас”, у якім расказваем гісторыі неабыякавых, бясстрашных лю-дзей, якія не былі гатовыя, але прыйшлі на дапамогу ў цяжкую хвіліну і выратавалі жыццё чалавека ў надзвычайнай сітуацыі. Галоўны герой сённяшняга артыкула – Павел Герасіменка. Мужчына выратаваў на пажары суседку-пенсіянерку.

Павел Герасіменка выратаваў пенсіянерку на пажары ў гарадскім пасёлку КапаткевічыУвечары 12 кастрычніка ў гарадскім пасёлку Капаткевічы адбыўся пажар у жылым доме. У той вечар сям’я Герасіменка пасля працоўнага дня займалася хатнімі справамі: Павел працаваў па гаспадарцы, жонка – укладвала дзяцей спаць. Звычайны сямейны вечар, нічога не прадвяшчала бяды.

Каля 22 гадзін, завяршыўшы ўсе справы, Павел з жонкай выйшлі на вуліцу.
– Я адчуў у паветры моцны пах гару. Пачаў прыглядацца, каб убачыць дым, але ўжо было цёмна і нічога не было відаць. Мы з жонкай вырашылі прайсціся ў той бок, адкуль ішоў пах. Калі падышлі да дома суседкі, я ўбачыў, што з вокнаў ідзе дым. Бабуля-пенсіянерка пражывае адна, – удакладніў Павел. – Не марнуючы ні секунды, я пабег да дзвярэй дома суседкі, памятаю толькі, як крыкнуў жонцы “выклікай пажарных!”.

Дзверы ў хату былі зачынены, а густы дым ішоў з вокнаў.
– Я разумеў, што адбыўся пажар і суседка ў хаце. Мне трэба яе выратаваць! – толькі гэтыя словы і чуў я ў сваёй галаве. Прыкрыўшы нос і рот рукавом курткі, я зайшоў у дом. Усё было ахоплена шчыльным дымам, дыхаць было вельмі цяжка, з вачэй цяклі слёзы. Была думка, што і сам страчу прытомнасць. Тады я нагнуўся як мага ніжэй да падлогі і фактычна паўзком пачаў па чарзе абследаваць усе памяшканні. Планіроўка ў хаце была складаная, ды яшчэ і ўсё ў дыме… Бабулю знайшоў навобмацак у самым далёкім пакоі ад выхаду, на падлозе. Яна была яшчэ ў прытомнасці, але ўжо трымалася з апошніх сіл. “Я павінен выратаваць яе і вярнуцца да сваёй сям’і” – зноў пранеслася ў мяне ў галаве. Сабраўшы ўсе свае сілы, я пацягнуў суседку да выхаду. Разумеў, што і сам адчуваю сябе дрэнна… І вось ён, выратавальны глыток свежага паветра, – мы выбраліся, – з хваляваннем згадвае начныя падзеі наш герой.
У той час, калі наш герой даставаў з палаючага дома суседку, жонка выклікала выратавальнікаў.

Вывеўшы бабулю-суседку на свежае паветра і чакаючы прыезду супрацоўнікоў МНС, Павел накінуў на жанчыну сваю куртку. Праз некалькі секунд пенсіянерка прыйшла ў прытомнасць. Неўзабаве прыбылі экстраныя службы. Бабуляй заняліся медыкі, а пажар патушылі выратавальнікі.

– Ці было мне страшна? Вядома, а хто ж не баіцца, – смяецца ўжо Павел. – Але я добра разумеў, што марудзіць нельга і трэба выратаваць чалавека. Я думаю, што кожны б зрабіў гэтак жа, апынуўшыся на маім месцы.

Як правільна дзейнічаць у надзвычайных сітуацыях, Павел Герасіменка ведае не па чутках. За 13 гадоў сваёй працы ён не аднойчы ўдзельнічаў у ліквідацыі лясных пажараў, у тым ліку вельмі буйных.

Дзякуючы мужнасці і адвазе Паўла Герасіменкі, суседка засталася жывая і не пацярпела.

Павел Герасіменка нарадзіўся 16 верасня 1989 года ў вёсцы Рог Петрыкаўскага раёна. Пасля заканчэння школы паступіў у прафесійна-тэхнічнае вучылішча ў горадзе Гомелі. Паспяхова скончыўшы вучобу, Павел Іванавіч працягнуў сваю працоўную дзейнасць у лясніцтве, дзе сёння працуе на пасадзе лесніка.
Павел – шматдзетны бацька, разам з жонкай выхоўвае дваіх дочак і дваіх сыноў.
Вольны час прысвячае сям’і, дому, гаспадарцы. Захапляецца рыбалкай.

Алена ГЕРАСІМЕНКА, інспектар прапаганды РАНС.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о