ЦРБ папаўняецца новымі кадраміЛетась мы пісалі артыкул пра маладога ўрача Іллю Абеля, які разам з жонкай прыехаў на Петрыкаўшчыну па размеркаванні. Кар’ерны рост не прымусіў сябе доўга чакаць. Сёння малады чалавек ужо расказаў пра сваю працу ў якасці загадчыка паліклінікі Петрыкаўскай ЦРБ.

Павіншуем Іллю з яшчэ адной радаснай падзеяй: яго жонка Анастасія, якая таксама прыехала ў Петрыкаў у статусе маладога спецыяліста, зараз знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку па доглядзе за дзіцям.

– Вядома, праца загадчыка паліклінікай вельмі адказная. Цікава, што калектыў у большасці сваёй складаецца з людзей пераважна майго ўзросту. У падпарадкаванні больш за 100 чалавек – гэта і тэхнічны персанал, і медсестры, і самі ўрачы, – распавёў Ілля. – У цэлым, наша аддзяленне абсталявана ўсім неабходным. Матэрыяльна-тэхнічная база вельмі добрая. Сёлета да нас прыбылі 24 маладыя спецыялісты, што вельмі радуе. Яны актыўныя, зацікаўленыя ў сваёй рабоце, гатовыя павышаць кваліфікацыю. Дарэчы, усе спецыялісты атрымалі жыллё. Так што – практычна ўсё самае неабходнае ў іх ёсць.

ЦРБ папаўняецца новымі кадраміСтаніслаў Стасенка таксама прыехаў у Петрыкаў з Гомеля. Распавёў, што да выбару прафесіі падышоў свядома. Спытаў сябе, якая прафесія будзе заўсёды запатрабавана і высока аплачвацца? Выбар быў засярорджаны на медыцыне, тым больш, што і маці героя працуе медсястрой.

– Сваякі таксама звязаны з медыцынай, так што, калі патрэбна дапамога, я ведаю, дзе яе знайсці. Не скажу, што вучыцца на факультэце медыцынскага ўніверсітэта было лёгка. Інтэрнатуру праходзіў у Гомелі, таму ўжо ў Петрыкаў прыехаў з досведам. У вашым горадзе да прыезду па размеркаванні яшчэ ніколі не быў. Прыемна быў здзіўлены якасцю паслуг. Раённы цэнтр дастаткова цікавы. Шчыра прызнаюся, чакаў, што будзе горш.

З таго, што не хапае, я назваў бы адсутнасць басейна. Яго наяўнасць была б не толькі цікавым баўленнем часу для жыхароў, а і карысным для здароўя. А ўлічваючы, што мае пацыенты часцей за ўсё прыходзяць з болем у спіне, плаванне шмат у чым бы дапамагло вырашыць праблемы.

Станіслаў – адзін з тых шчаслівых хлопцаў, каму далі жыллё.
– Так, нам дапамаглі з кватэрай. Цяпер я працую на поўную стаўку ўрачом-неўролагам, але думаю дадаць яшчэ 0,5 урача-метадыста. Усё ж дадатковы заробак нікому яшчэ не нашкодзіў.

На пытанне, задумваецца малады чалавек застацца ў горадзе надоўга ці вярнуцца ў родны Гомель, адказвае, што не.
– Я з тых хлопцаў, хто не плануе так далёка. Ды і жыццё непрадказальнае, хто ведае, што будзе заўтра. Вырашаю пытанні, якія ўзнікаюць тут і зараз. Але адну мэту я паставіў сабе дакладна: быць адказным урачом і ўдасканальвацца ў сваёй прафесіі.

Наталля ПЕТРУШЭНКА, фота аўтара.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о