Адлоў безнаглядных жывёл: гуманізм ці абарона насельніцтва?

0
411

Адлоў безнаглядных жывёл:  гуманізм ці абарона насельніцтва?На бягучым тыдні адбылася сустрэча прадстаўнікоў раённай вертыкалі ўлады з насельніцтвам Капаткевічаў. Мерапрыемства праходзіла ў гарадскім Доме культуры і сабрала нямала жыхароў населенага пункта.

Нягледзячы на разнапланавую тэматыку сустрэчы, большасць пасялкоўцаў прыйшлі для вырашэння праблемнага пытання па ўтрыманні хатніх жывёл і адлове безнаглядных. Меркаванні гарпасялкоўцаў па дадзеных пытаннях падзяліліся на два супрацьлеглыя пункты гледжання: адны абаранялі жывёл, спасылаючыся на гуманізм і права на жыццё братоў нашых меншых, іншыя заклікалі да парадку і бяспекі на вуліцах.

Сярод першых – дзве жыхаркі Капаткевічаў. Адна з іх ужо ў немаладым узросце, гаспадыня трынаццаці сабак і васьмі шчанюкоў, якая пражывае ў адной з кватэр васямнаццацікватэрнага дому. Гадаванцы знаходзяцца ў, свайго роду, вальеры: драўлянай агароджы каля гаспадарчых пабудоў у агульным двары шматпавярхоўкі. Несумненна, спадарыня любіць сваіх чацвераногіх сяброў, прызнаецца, што аддае амаль усю пенсію на іх утрыманне, але клапаціцца пра жывёл ёй становіцца ўсё цяжэй. Як прыклад: выгульваць сабак яна ўжо не можа па стане здароўя.

Жанчына не згодная з паводзінамі жыхароў дома, якія за подпісам адзінаццаці чалавек накіравалі калектыўную скаргу ў Петрыкаўскі райвыканкам аб прыняцці мер. На аргументы суседзяў, што каля жылля стаіць спецыфічны пах, брэх сабак, ад якогога няма паўнавартаснага адпачынку ні ў дзень, ні ў начы, што жывёлы жывуць пад замком у такой колькасці і пакутуюць ад гэтага, зоаабаронца апраўдвалася: яна ўзяла адказнасць за бяздомных сабак па віне бяздушных аднавяскоўцаў і не супраць перадаць іх на годнае ўтрыманне іншым людзям, гатовая дапамагаць матэрыяльна. Толькі куды і каму?

Такую пазіцыю падтрымлівае і яе зямлячка. Жанчына пражывае ў прыватным доме, на тэрыторыі якога ўтрымліваецца больш за дзесяць сабак, якія маюць магчымасць самавольнага выгулу і за агароджай. Жывёл было больш, але некаторыя з іх былі адлоўлены разам з іншымі бяздомнымі сабакамі службай жыллёва-камунальнай гаспадаркі па просьбе жыхароў пасёлка. Жыхарка пасёлка абураная, абвінавачвае землякоў у чэрствасці душы і абыякавасці да навакольных.

У зале знайшліся відавочцы павышанай увагі яе сабак да непаўналетняга. Хлопчык спалохаўся і клікаў на дапамогу, пакуль жывёл не напужалі мінакі. Гаспадыня сабак сцвярджала, што яе жывёлы спакойныя, праяўляюць цікавасць да людзей не з мэтай агрэсіі. Калі нават гэта і так – уявіце жах дзіцяці. Нават у дарослых людзей сустрэча з бяздомным сабакам, не кажучы пра зграю, выклікае стан шоку і страху: укусіць ці не. Знайшліся жыхары, якія абвінавацілі чатырохногіх у знішчэнні будучага ўраджаю на прысядзібным участку – гародніна проста была стаптана. Адлоў, па іх меркаванні, пакуль адзіна правільны спосаб хоць неяк палепшыць сітуацыю ў гарадскім пасёлку. Уладальніца сабак скардзілася, што адлоў рабіўся без папярэдняга апавяшчэння, на цяжкі асадак у многіх людзей пасля дадзенай працэдуры і бачыць выхад з сітуацыі ў стварэнні ў раёне прытулку для жывёл.

Мне падалося, што гаворачы пра гуманізм у абыходжанні з бяздомнымі жывёламі, зоаабаронцы з Капаткевічаў страцілі тую грань, дзе ўяўны “гуманізм” нясе рэальную пагрозу бяспецы жыхароў. Адлоў сабак і катоў здзяйсняецца ў мэтах прадухілення захворванняў насельніцтва і жывёл ад шаленства, інфекцыйных захворванняў, а таксама для прадухілення пакусаў людзей. Гэтая дзейнасць не з’яўляецца самаўпраўнасцю мясцовай улады ці адказных службаў. Гэта падпарадкаванне канкрэтным прававым нормам і правілам, у дадзеным выпадку – Пастанове Савета Міністраў “Аб зацвярджэнні правілаў утрымання свойскіх сабак, катоў, а таксама адлову безнаглядных жывёл у населеных пунктах Рэспублікі Беларусь”. Згодна з дакументам, усе хатнія жывёлы павінны быць зарэгістраваны – працэдура не працаёмкая і матэрыяльна не затратная: пішацца заява ў ЖКГ, і спецыялісты зробяць сваю работу. Дадзеныя пра гадаванца ўносяцца ў журнал, і выдаецца жэтон, які знаходзіцца на ашыйніку жывёлы. Калі б жыхарка Капаткевічаў выканала дадзенае патрабаванне, ці яе гадаванцы былі на выгуле з наморднікамі – то не патрапілі б у лік бяздомных. Акрамя ўсяго іншага, уладальнікі сабак і катоў абавязаны строга выконваць санітарна-ветэрынарныя нормы правілаў утрымання жывёлін, гарантаваць бяспеку людзей, не дапускаць забруджвання жывёламі агульнадаступных месцаў. Вельмі сумняваюся, што ўсе гаспадары жывёл на Петрыкаўшчыне выконваюць дадзеныя пункты. А перад тым, каб нешта патрабаваць – трэба самому быць законапаслухмяным.

Бясспрэчна, наяўнасць гадавальніка для жывёл, ці пункта часовага знаходжання для іх, гэта было б ідэальнае вырашэнне праблемы. Намеснік старшыні Петрыкаўскага райвыканкама Аляксандр Дзягцяр паабяцаў вывучыць дадзеную магчымасць. Але нам усім трэба разумець, калі ў раёне і адкрыецца такая паслуга – гэта зойме час і жыхары павінны мець вялікае жаданне і гатоўнасць матэрыяльнага ўкладання ў справу. У тых жа Капаткевічах я гэтага не ўбачыла. На пытанне, хто гатовы пры неабходнасці аказаць садзейнічанне ў арганізацыі гадавальніка – узняліся тры рукі. Большасць прысутных разумеюць, што адлоў бяздомных жывёл на сённяшні дзень – самае дзейснае вырашэнне сітуацыі.

Я ўпэўнена, што праца над вырашэннем праблемы, якая характэрна для многіх населеных пунктаў раёна, уладамі будзе весціся. Але на сённяшні дзень кожны гаспадар павінен рабіць хоць нейкія крокі да рэгулявання колькасці бяздомных жывёл: рэгістрацыя, стэрылізацыя, вакцынацыя, апрацоўка, выгул пад наглядам, не выкідваць абрыдлую жывёлу. Прасцей кажучы, быць адказным за таго, каго прыручылі. Сітуацыя далёка не такая простая, як можа здацца на першы погляд. Відавочна адно: праблема ёсць і яе трэба вырашаць у прававым полі.

Святлана СОБАЛЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о