Не сакрэт, што цэнтрам жыцця невялікіх вёсак з’яўляецца сельскі дом культуры, або, як гавораць, – клуб. Асабліва гэта тычыцца населеных пунктаў, дзе акрамя ўстановы культуры адсутнічаюць іншыя аб’екты сацыяльнай інфраструктуры. Да такой катэгорыі адносіцца і вёска Бяланавічы, з яе крыху больш за сотню жыхарамі. Здавалася б, такім вёскам цяжка “дацягнуць” да культурнага жыцця аграгарадкоў, дзе насельніцтву прапаноўваецца вялікі спектар паслуг для адпачынку. Аднак я ўпэўнілася, што гэта не так. Калі ў вёсцы жыве чалавек, які любіць сваю малую Радзіму, людзей, пражываючых на ёй, а галоўнае – сваю работу, тады культурнае жыццё не стаіць на месцы, а становіцца неад’емнай часткай жыцця населенага пункта.

Сельскі дом культуры – сэрца і душа вёскіАксана Малак працуе загадчыкам філіяла Бяланавіцкага сельскага клуба-бібліятэкі 3 гады, але ўжо заслужыла аўтарытэт у аднавяскоўцаў сваім неабыякавым і адданым стаўленнем да работы. На сваёй пасадзе яна і загадчык, і акампаніятар, і мастацкі кіраўнік. Здаецца, што можа адзін чалавек прапанаваць аднавяскоўцам? Аксана Міхайлаўна змагла паставіць работу так, што дзеці, дарослыя ідуць з ахвотай ва ўстанову культуры, бо там цікава, там кіпіць жыццё.
– Калі я пачала сваю дзейнасць клубнага работніка, да мяне ў філіял пачалі прыходзіць жыхары вёскі ад сарака гадоў і старэй, – пачала размову Аксана Міхайлаўна.

– Больш маладзейшыя жыхары збіраліся падзяліцца навінамі, абмеркаваць надыходзячае свята, прагледзець новыя часопісы. Старэйшае пакаленне ўспамінала маладосць, спявала песні юнацтва, узгадвала народныя святы. Атрымоўваліся цёплыя сустрэчы. Так у нас зарадзілася аматарскае аб’яднанне “Родник вдохновения”.

Дзейнічае аб’яднанне па сённяшні дзень. Пасля, свайго роду, фальклорных пася-дзелак нараджаюцца ідэі. Напрыклад, у лістападзе рыхтуем абрад “На Міхайлаў дзень”.
Суразмоўца дадае: – Разумееце, наша ўстанова – гэта цэнтр зносін людзей сярэдняга і больш сталага ўзросту, тых, хто не хоча замкнуцца толькі ў сваім паўсядзённым жыцці.
У вёсцы пражывае 32 вучні, якія наведваюць школу ў суседніх Конкавічах. Філіял прапануе навучэнцам гурткі “Сольныя спевы” і “Мастацкае слова”. Наведваюць аб’яднанні дзеці, якія дапамагаюць арганізоўваць тэматычныя клубныя мерапрыемствы, цікавяцца музыкай, хто марыць аб кар’еры вядучага.

Аксана Міхайлаўна запэўнівае, што філіял адкрыты для кожнага, каб падарыць радасць і добры настрой.
У час наведвання Бяланавічаў, даведалася ад жыхароў пра адну дэталь, якая характарызуе маю гераіню, як чалавека аўтарытэтнага сярод землякоў. Аднасяльчане, разам з мясцовай уладай “запатрабавалі” ад Аксаны Міхайлаўны, каб яна ўзяла на сябе абавязкі старасты вёскі. На маё пытанне “за якія заслугі?”, адказ быў такі: “Так наша Аксана дабілася, каб магазін адкрылі, халадзільнік замянілі. І наконт асвятлення вёскі мы да яе звярталіся. І наогул, ёсць пытанне – мы да яе. А яна ўжо нам дапамагае разам з мясцовай уладай”.

Калі ёсць павага сярод землякоў і чалавек умее слухаць сэрцам і адчуваць душой, то ўсё у яго атрымаецца. Бо да яго цягнуцца людзі. Таму былі і будуць у вёсках святы. Добрыя і чаканыя.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о