У апошні тыдзень красавіка ўстановы аховы здароўя нашай часткі свету ладзяць мерапрыемствы ў рамках Еўрапейскага тыдня імунізацыі. У пятніцу, 28 красавіка, у Цэнтральнай раённай бальніцы адбыўся тэматычны круглы стол.

Першай перад медработнікамі з дакладам пра эфектыўнасць вакцынацыі і прафілактыку інфекцыйных захворванняў выступіла каардынатар мерапрыемства, урач-эпідэміёлаг раённага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Тамара Буглак.

Жанчына засяродзіла ўвагу на нацыянальным календары прышчэпак, які быў распрацаваны Міністэрствам аховы здароўя для ўпарадкавання комплексу мер імунапрафілактыкі і падтрымання санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва Беларусі. Акрамя гэтага, Тамара Міхайлаўна адзначыла, як важна медыкам весці тлумачальную работу з насельніцтвам.

– Каб скласці пэўнае ўяўленне пра імунізацыю, трэба перш за ўсё ведаць, які вялікі спіс небяспечных хвароб наша айчынная медыцына здолела літаральна перамагчы, яшчэ за савецкім часам, дзякуючы прышчэпкам. Зараз некаторыя прышчэпкі засталіся ў ліку абавязковых, а некаторыя можна зрабіць дзецям толькі з дазволу бацькоў.

Часам нам даводзіцца сутыкацца з натуральнай медыцынскай недасведчанасцю дарослых, якія нават не вызначаючы прычын, катэгарычна адмаўляюцца ад прышчэпак для сваіх дзяцей, маўляў, я не жадаю наўмысна траў-міраваць сваё дзіця, як можна стварыць для яго здароўя такую пагрозу?.. Урэшце складаецца парадаксальная сітуацыя: бацька ці маці, якія былі прышчэпленыя ў дзіцячым узросце і знаходзяцца ў бяспецы перад мноствам інфекцыйных хвароб, з-за неабгрунтаваных, ці часам надуманых прычын адмаўляюць у такой жа імуннай бяспецы сваім дзецям. Малыя, між іншым, наведваючы садок ці школу, і так знаходзяцца ў зоне рызыкі, бо хваробы распаўсюджваюцца ў дзіцячых групах найбольш хутка.

Таму наша медыцынская задача – зразумела патлумачыць з пункту гледжання навукі і назапашанага грамадскага вопыту, што такое прышчэпка, як яна бароніць дзіця і якую небяспеку нясе за сабою адмова ад гэтай простай працэдуры. Бацькам жа, у сваю чаргу, варта пры ўзніклых пытаннях звяртацца да ўрача, а не шукаць інфармацыю ў неафіцыйных крыніцах, часам далёкіх не толькі ад медыцыны, але і ад элементарнай логікі, – заўважыла ўрач-эпідэміёлаг.

Далей Тамара Буглак адказала на пытанні, што тычыліся прышчэпак ад каранавіруса, а таксама ад хвароб, што не рэгістраваліся ў Беларусі, але з’яўляюцца абавязковымі для наведвання іншых краін. Асобна былі дадзены тлумачэнні пра расследаванне захворванняў на COVID-19 санітарнай службай раёна.

З цікавасцю прысутныя слухалі ўрача-педыятра ЦРБ Алену Фіндзюкевіч, якая расказала пра акалічнасці прышчэпачнай кампаніі ў дзяцей. Увага была засяроджана на новаўвядзеннях у патрабаваннях да кампаніі, прававыя аспекты да гэтай працэдуры і наглядзе за станам дзяцей пасля прышчэпкі. І тут спецыяліст акцэнтавала: пасля кожнай адмовы медыкі абавязкова павінны праводзіць з дзецьмі і іх бацькамі тлумачальную гутарку.

Асобна ўрач-педыятр паведаміла пра неабходнасць вакцынацыі дзяўчынак ад такіх захворванняў, як адзёр, паратыт і краснуха. “Калі ў дзяўчынкі няма імунітэту супраць гэтых хвароб, то захворванне ў будучыні, напрыклад, на краснуху ў перыяд цяжарнасці можа пацягнуць сур’ёзныя хібы ў здароўі дзіцяці, развіццё ўнутрычэраўных паталогій, якія, у сваю чаргу, могуць абумовіць нават інваліднасць немаўляці. Разам з тым, падлетак можа перанесці вызначаныя захворванні бессімптомна, таму важна правяраць непрышчэпленых дзяцей, асабліва дзяўчынак, на наяўнасць антыцелаў у арганізме”, – звярнулася да медыкаў Алена Фіндзюкевіч.
Нельга сказаць, што сярод бацькоў назіраецца багата адказаў ад прышчэпак, што, пэўна, сведчыць пра плённую тлумачальную работу медыцынскіх работнікаў.

Таксама прысутныя атрымалі актуальныя інфармацыю пра вакцынацыю цяжарных, флюараграфічныя даследаванні непаўналетніх.
Завяршыўся круглы стол выступленнем, якое тычылася практычнай часткі арганізацыі вакцынацыі ва ўстанове адукацыі, пра якую распавяла галоўная медыцынская сястра Петрыкаўскага дзяржаўнага СПТВ №1 лёгкай прамысловасці Алена Толсцік.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о