Калі прааналізаваць адміністратыўныя матэрыялы ў дачыненні да бацькоў, якія разглядаліся на камісіі па справах непаўналетніх, відавочна, што большасць з іх паўтараюцца. Гэта знаходжанне дзяцей без суправаджэння дарослых пасля 23 гадзін, распіццё непаўналетнімі слаба алкагольных напояў, прагулы заняткаў ва ўстановах сярэдне-спецыяльнай адукацыі. У бягучым годзе, на жаль, да спісу дабавілася правапарушэнне па лініі ДАІ – здзяйсненне правапарушэнняў супраць бяспекі руху і эксплуатацыі транспарту. Простымі словамі – калі непаўналетнія, не маючы на гэта права, кіруюць транспартным сродкам. Члены камісіі дэталёва разбіраюцца з кожным выпадкам, вывучаюць сітуацыю ў сям’і і разам з бацькамі і іх дзецьмі прымаюць меры. Нягледзячы на прафілактычную работу, сітуацыя выклікае занепакоенасць. Калі ў мінулым годзе да-дзеных правапарушэнняў было зафіксавана пяць, то ў бягучым годзе іх дванаццаць. Што паспрыяла росту правапарушэнняў па лініі ДАІ і на кім ляжыць адказнасць бязладных дзеянняў і адносін да жыцця дзяцей?
Па словах начальніка аддзялення ДАІ Петрыкаўскага РАУС Сяргея Міцуры, дадзеныя факты, у большасці, здзяйсняе катэгорыя дзяцей, якія ўжо навучаліся ў ДТСААФ, але не дасягнулі патрэбнага ўзросту для таго, каб “сесці за руль”: 16 гадоў для мапеда і матацыкла з аб’ёмам рухавіка да 125 кубічных сантыметраў, 18 гадоў – для больш магутнага матацыкла і аўтамабіля. Інспекцыя па справах непаўналетніх, установы адукацыі не знімаюць з сябе адказнасці за паводзіны дзяцей. Але, на мой погляд, віна ў першую чаргу ляжыць на бацьках.
Пачнем з таго, што законныя прадстаўнікі добра ведаюць пра наступствы дадзенага правапарушэння. Але многіх (кажу гэта з прыкладаў нашых землякоў) гэта не толькі не спыняе, але і не хвалюе наогул – яны самі адкрываюць для дзяцей дзверцы аўтамабіля, каб тыя адвезлі іх у патрэбнае месца або перавезлі груз. Сваімі рукамі роднае дзіця, нявопытнага кіроўцу, падштурхнуць на такую небяспеку? І апраўданні на камісіі “гэта першы раз” ці “праехаў толькі сто метраў” гучаць неяк няўдала. Яшчэ вялікае пытанне да бацькоў наконт адпаведнага кантролю за сваімі дзецьмі ў іх вольны час. Па словах некаторых бацькоў, іх непаўналетнія сыны, калі заставаліся адны дома, бралі і раней без дазволу ключы ад сямейных “аўто”, атрымлівалі за гэта “пакаранне”. Але дарослыя не зрабілі высновы і нічога не зрабілі для таго, каб абмежаваць доступ да транспартнага сродку, які знаходзіцца ў гаражы ці стаіць у двары. Выходзіць, што ўстанова адукацыі, структуры прафілактыкі вучаць дзяцей жыць па законах, а маці з бацькам закрываюць вочы на праблему.
Хутка восеньскія канікулы. Надвор’е яшчэ дазваляе старшакласнікам пракаціцца “з вецярком”. І якія б формы работы ў вольны час школа не прапаноўвала, некаторым захочацца рызыкнуць, сесці за руль, адчуць сябе дарослым. І тут, паважаныя бацькі, хочацца нагадаць у першую чаргу вам – вы ў адказе за жыццё свайго дзіцяці і тых законапаслухмяных землякоў, якія будуюць планы на жыццё.

Святлана СОБАЛЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о