Камсамол у маім лёсе

0
531

УЛКСМ ужо даўно спыніў сваё існаванне, але для многіх беларусаў дзень нараджэння камсамола, які адзначаецца сёння ў 104 раз, да гэтага часу служыць напамінам пра дзейнасць некалі найбуйнейшай у свеце арганізацыі.
Героі сённяшняга апытання – людзі, вядомыя многім землякам сваёй энергіяй, мэтанакіраванасцю, здольнасцю павесці за сабой. Нягледзячы на далёка не камсамольскі ўзрост, у іх не згасла іскра запалу да спраў, захавалася пачуццё адказнасці, а словы патрыятызм, гонар і павага – па-ранейшаму важныя паняцці. Іх маладосць прыпала на росквіт камсамольскіх спраў. Якімі думкамі жылі маладыя будаўнікі камунізму і які след пакінуў у іх жыцці камсамол?

Камсамол у маім лёсеВалянціна ЛАЗАРАВА, пенсіянер, горад Петрыкаў:
– Адназначна, камсамол пакінуў заўважны след у маім жыцці. Гэта час загартоўкі характару, фарміравання светапогляду, здзяйснення задуманага. Напэўна, менавіта з тых часоў я ўзяла жаданне займаць лідзіруючую  пазіцыю ў справах. Камсамол навучыў мяне змагацца з жыццёвымі нягодамі і пераадольваць цяжкасці. Пачну з таго, што адбор тых, хто прэтэндаваў стаць членам арганізацыі, быў жорсткі. Актыўнасць у справах, добрая вучоба, цудоўная характарыстыка. Свайго роду, гэта былі перадавікі школьнай вытворчасці. Снядзінская базавая школа, сёмы клас, мы вучылі Устаў – ён павінен быў “адлятаць ад зубоў”. Перад тым, як  ехаць у райцэнтр і паўстаць перад прыёмнай камісіяй, піянерважатая правярала нашыя веды. Як сёння памятаю тое хваляванне, калі  першы сакратар райкама камсамола  Кавалёва Нэлля Паўлаўна ўручыла мне камсамольскі білет. Па прыездзе дадому ў школе адбылася ўрачыстая  вечарына для “новаспечаных” членаў арганізацыі. Маім лозунгам стаў “Камунізм – гэта моладзь свету, і яго ўзводзіць маладым”. З ім я актыўна пайшла па жыцці. Стараста, арганізатар, дэпутат, змагар за праўду. Патрыятызм, любоў да радзімы ў майго пакалення заўсёды былі на належным узроўні. Якімі справамі жылі ? Іх у нас было шмат: дапамога меншым і старым, збор уражаю, нарыхтоўка сена, кармоў для жывёлы, камсамольскія суботнікі. А чаго значылі мітынгі “ў чырвоныя для краіны дні” і выязныя канцэрты па населеных пунктах!
Сучаснай моладзі раю павучыцца ў майго пакалення  сяброўству, адказнасці і бескарыснасці. Жадаю ўсім камсамольскага задору!

 Камсамол у маім лёсеМікалай ГАЛОТА, настаўнік фізічнай культуры і здароўя ДУА “Пціцкая сярэдняя школа”:
– Камсамол, несумненна, паўплываў  на станаўленне маёй асобы, навучыў  цярпенню і разуменню таго, што толькі праз працу і стараннасць можна прыйсці да перамогі. Калі я звязаў сваё жыццё са спортам, гэтыя якасці мне вельмі дапамаглі. Час, які я правёў у арганізацыі, стаў цудоўнай школай, якая выхоўвала адказнасць і дысцыплінаванасць. Мардзвінская школа, на маёй малой радзіме, стала першай прыступкай у камсамольскім жыцці. Успамінаючы той перыяд жыцця, раблю вынік, што было шмат чаго добрага, вартага для пераймання. Здавалася, што ў цябе поўныя грудзі натхнення і ты можаш усё. Мы  ведалі, што ўсё ў нашым жыцці самае лепшае: час, краіна, сябры. А што казаць пра вір цікавых спраў: камсамольскія сходы, лінейкі, канцэрты, працоўныя атрады. Былі патрыётамі, ганарыліся сваёй радзімай. Ведаеце, пачуццё адказнасці перад грамадствам, калі ў цябе ёсць камсамольскі білет, не пакідала ніколі. Калі я прыйшоў з войска, адразу пайшоў адзначацца ў райкам камсамола, а праз час першы сакратар Пётр Бязлепкін прапанаваў мне прыняць удзел у абласным камсамольскім злёце, і я з гонарам прадстаўляў на высокім узроўні Петрыкаўшчыну. Мы былі папярэднікамі Камуністычнай партыі і ўсяляк стараліся праявіць сябе ў добрых справах.
Лічу, што ведаць гэтую частку гісторыі нашай краіны важна сучаснай моладзі.
Усім землякам дасылаю прывітанне камсамольскім лозунгам: “Ва ўсіх сваіх справах і пачынаннях – крочце толькі наперад”.

Святлана СОБАЛЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о