У інтэрнэце вельмі шмат прыкладаў, як жыхары шматкватэрных дамоў з простых матэрыялаў арыгінальна і маляўніча ўпрыгожваюць свае пад’езды. Нехта распісвае сцены не горш, чым у Сікстынскай капэле, а нехта разводзіць сапраўдны батанічны сад з рэдкіх раслін. Значна горш, калі лесвічная пляцоўка або тамбур ператвараюцца ў сховішча рэчаў.
Алена, маці ў дэкрэтным адпачынку, змагаецца з суседзямі за прастору ў тамбуры ўжо некалькі гадоў. Кажа, што не змагла дамовіцца ні з першага разу, ні з трэцяга…
– Мяне напружвае, што рэчы, якія захоўваюцца шмат гадоў, суседзямі нават не выкарыстоўваюцца. Апраўданне ў іх такое: яшчэ можа спатрэбіцца. Але давайце шчыра, я ж таксама магу заняць плошчу сваімі асабістымі рэчамі, але гэтага не раблю. Інакш тамбур ператворыцца ў склад, хоць па факце ён такім і стаў.
Алена ўдакладняе, што яе непакоіць як пытанне бяспекі, так і пытанне камфорту і эстэтыкі.
– У мяне маленькія дзеці, праз лесвічную пляцоўку з каляскай свабодна не прайсці, да паштовых скрынь таксама практычна не падабрацца. Да таго ж гэта элементарна эстэтычна брыдка. Рэчы пакрываюцца пылам, а ў абавязкі прыбіральшчыц не ўваходзіць наводзіць парадак сярод асабістых рэчаў жыхароў, праціраць з іх пыл і здымаць павуцінне.
Пакуль наша гераіня разводзіць рукамі, мы звярнуліся за каментарыем да спецыялістаў МНС.
– Для забеспячэння пажарнай эвакуацыі шматкватэрных жылых дадому ў вестыбюлях, калідорах, лесвічных маршах і пляцовак, ліфтавых холах забараняецца загрувашчваць праходы, дзверы, усталёўваць мэблю і іншую маёмасць, якое памяншае эвакуацыйную шырыню і вышыню. Шырыня праходаў павінна быць не менш за 1 метр згодна з нарматыўнымі дакументамі, а вышыня – не менш за два, – распавёў старшы інжынер Петрыкаўскага РАНС Васіль Міцура. – Калі ласка, памятайце, што лесвічная пляцоўка – гэта шлях эвакуацыі, і забаронена захоў-ваць там усё, што можа стаць перашкодай на ім.
А што са штрафамі?
– Калі праблема заключаецца толькі ў тым, каб прыбраць ровар, то тут можна абмежавацца папярэджаннем, – працягнуў спецыяліст. – Парушэнне патрабаванняў па забеспячэнні пажарнай бяспекі, якое пацягнула ўзнікненне пажару і знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці цягне накладанне штрафу ў памеры ад пяці да трыццаці базавых велічынь.
У заключэнне тэмы адзначым, што пры ўзнікненні праблемы з нагрувашчваннем пляцоўкі ці тамбура, пры адсутнасці балконаў, можна звярнуцца да сусе-дзяў з прапановай арганізаваць месца захоўвання, напрыклад, у склепе.
Паважаныя петрыкаўчане, добраўпарадкаванне – гэта наша агульная справа. Сёння, калі мы зробім маленькі крок да парадку, заўтра будзе вялікай падмогай для нашага агульнага культурнага і чыстага жыцця. Як ведаем, вялікі акіян створы з маленькіх кропель.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о