Еўрасаюз пераглядае прынцыпы гуманнасці

0
174

На міні-сесіі, што адбылася ў Брусэлі, Еўрапарламент прагаласаваў за заканатворчы пакет дакументаў аб міграцыі і прадстаўленні палітычнага прытулку, які прадугледжвае больш жорсткія міграцыйныя нормы ЕС, паведамляе БелТА са спасылкай на ТАСС.

Адзначаецца, што гэты звод рэформ быў распрацаваны яшчэ ў 2015 годзе. Пакет дакументаў прадугледжвае фільтрацыйныя меры ў адносінах да мігрантаў, спрашчае правілы іх высылкі за межы саюза, каб не прымаць мігрантаў па квотным прынцыпе.

“Пасля амаль дзесяці гадоў блакіравання гэтага дасье Еўрапарламент прагаласаваў за зацвярджэнне пакта ЕС аб міграцыі і прадстаўленні прытулку – поўнага перагляду міграцыйных норм ЕС. Еўропа будзе кіраваць міграцыяй упарадкаваным механізмам і на сваіх умовах”, – заявіў намеснік старшыні Еўракамісіі па пытаннях абароны еўрапейскага ладу жыцця Маргарыціс Схінас.

Стрымліваючы жаданне паіранізаваць над назвай пасады заходняга чыноўніка, прапаную зрабіць намаганне пачуць пасыл гэтага даволі стрыманага і малазмястоўнага пратакольнага выказвання. Пэўна, трэба разумець, што Еўропа стамілася да мігрантаў з Блізкага Усходу, Азіі, Афрыкі і ўраджэнцаў усходнееўрапейскага рэгіёна.

Згадваючы сітуацыю з міграцыяй у Заходнюю Еўропу, трэба адзначыць, што да пэўнага часу палітыкі ЕС стрымліваліся ў сваім меркаваннях. У грамадстве лічылася слушнай думка пра тое, што Еўропа абавязана прымаць выхадцаў з былых калоній і інтэграваць іх у “цывілізаванае жыццё” за тыя страты, што ўчынілі былыя метраполіі тэрыторыям і народам, над якімі панавалі.

Але, цягам часу мігранты сталі сапраўднай праблемай для еўрапейскага грамадства, ідэі вінаватасці Еўропы пачалі прыхоўваць, яны ўсё радзей гучалі з высокіх трыбун. Больш за тое, некаторыя краіны Еўропы, што не мелі дачынення да каланіяльнай палітыкі, не хацелі падзяляць падобную “кампенсацыйную” сацыяльную палітыку. Апошняй кропляй для гэтага прынцыпу гуманнасці стаў міграцыйны крызіс апошніх гадоў і буйная хваля мігрантаў з Украіны.

Пэўна, “цывілізаваная” палітыка этнічнай ветлівасці і талерантнасці стала для Еўропы не толькі нязручнай, але і стратнай. Відавочна, што яшчэ з 2015 года існаванне адпаведнага законапраекта з’яўлялася трыгерам, які дазваляў даведацца пра грамадскую думку.

Зараз жа настаў той час, калі меркаванне жыхароў Еўропы прымае такія меры, бо сярэднестатыстычны еўрапеец пачынае адчуваць фінансавыя, побытавыя страты, хвалявацца за сваю бяспеку.

Гуманізм стаў для Старога Свету нязручным, абавязак перад былымі калоніямі палітычныя эліты палічылі аддадзеным, настаў час хвалявацца пра ўласныя інтарэсы, дзе не знаходзіцца месца такім красамоўным ідэям дэмакратычнага светаўладкавання, таму пра іх можна даволі лёгка забыцца.

Арцём ГУСЕЎ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о