Пра прафесію ветэрынара мы ведаем з дзяцінства па казцы “Айбаліт” Карнея Чукоўскага. Калі бацькі чыталі нам гэтую казку на ноч, то ўжо раніцай мы спяшаліся да хатніх жывёлін, каб зрабіць ім лячэбны ўкол, а ў адсутнасць котачак і сабачак – у якасці пацыентаў ішлі мяккія цацкі. Такая дзіцячая цікавасць не ва ўсіх з цягам часу знікае, і чалавек выбірае сабе прафесію ветэрынарнага ўрача.

Патрэбны рабочыя рукіАляксандр Гавейна – ветэрынарны ўрач у КСУП “Запаветы Ільіча”. Нягледзячы на тое, што патрапіў у прафесію выпадкова, у дзяцінстве любіў лячыць жывёл. У пераломны момант лёс падказаў, які шлях лепш абраць:

– Я хацеў паступаць у Пінск на “мясамалочную перапрацоўку”, але не хапіла балаў, – падзяліўся герой. – Бацькі параілі выбраць дастаткова запатрабаваную спецыяльнасць ветэрынарнага ўрача. Я тады і ўспомніў, што клапаціцца пра жывёл мне па душы было заўсёды. Зоркі сышліся, як кажуць. Пасля заканчэння Пінскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа я паступіў у Віцебскую ветэрынарную акадэмію. І ўжо па размеркаванні прыехаў у Петрыкаўскі раён.

Аляксандр родам з вёскі Смаляніцы Брэсцкай вобласці.
– Дома бываю не часта. Старэйшы брат працуе на хуткай дапамозе, а малодшы – вадзіцель. Вядома, загружанасць у мяне поўная. Я навучыўся рана ўставаць, вяртацца позна дахаты, адразу рабіць некалькі спраў адначасова.
Спрабую далікатна высветліць у Аляксандра, як ідуць справы з асабістым жыццём.
– Пакуль другую палову не знайшоў, але, іншыя гаспадаркі, завабліваючы мяне да сябе на працу, адразу пытаюцца, ці свабодны я? І тут жа ідзе аргумент: у нас дзяўчыны прыгожыя, прыязджай да нас.

Пра складанасць прафесіі малады хлопец кажа так:
– Не хапае працоўных рук, а работы – шмат. Перш за ўсё, калі прыходжу ў гаспадарку, трэба агле-дзець усіх жывёл, пагутарыць з жывёлаводамі, даведацца, ці ўсё ў парадку. Асноўная хвароба ў кароў – гэта мастыт і гінекалагічныя хваробы. Што да лекаў, тут адзначу, што ўсё ў парадку. Мы забяспечаны ўсім неабходным, таму паспяваем прадухіліць хваробы. Праводзім вакцынацыю згодна з графікам.
На пытанне, ці плануе Аляксандр застацца пасля адпрацоўкі ў нашым раёне, адказвае наступнае:

– Так як я вольны чалавек, ёсць верагоднасць, што вярнуся на малую радзіму, там жа ў мяне бацькі, дом, сябры. Тут, у “Запаветах Ільіча”, мяне сустрэлі добра, пасадзейнічалі з жыллём і практычна дапамаглі знайсці сябе ў прафесіі. Не хачу загадваць, як будзе. А можа, я знайду свой лёс тут.

Наталля ПЕТРУШЭНКА, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о