У пятніцу, 22 сакавіка, у Капаткевічах прайшла пашыраная нарада па добраўпарадкаванні гарадскога пасёлка з удзелам старшыні райвыканкама Аляксандра Кохана. Нагадаем, населены пункт уключаны ў абласную праграму добраўпарадкавання на 2024 год.

Не прамарудзіць з тэмпамі работ

Тэрміны вызначаныя дакладныя – работы, аб’ём якіх не малы, плануецца завяршыць ужо да 1 верасня. Для чалавека простага можа здавацца, што часу яшчэ досыць – больш за пяць месяцаў. Але, калі прымаць да ўвагі ўсе цыклы будаўнічай галіны, якія застаюцца незаўважанымі для большасці абывацеляў, тэрмін даволі сціслы. Мяркуйце самі: падрыхтоўка каштарыснай дакументацыі, стварэнне праектаў, правядзенне тэндараў, не гаворачы ўжо пра ўзгадненні і праверкі кампетэнтнымі службамі. Апрача гэтага, часу становіцца яшчэ менш, калі браць да ўвагі тое, што арганізацыі працуюць на ўмоўнай вуліцы ў паслядоўным парадку: спачатку сюды захо-дзяць работнікі водаканала, потым іншыя камунікацыйныя службы, а завяршаюць добраўпарадкаванне дарожнікі і камунальнікі – і ўсе павінны паспець зрабіць агульную справу своечасова.

Калі падыходзіць да сітуацыі стратэгічна, ці, кажучы простай мовай, па-гаспадарску, мэтазгодна было б паспець правесці ўсе адміністрацыйныя і падрыхтоўчыя працэдуры да наступлення цёплай пары, каб працаўнікі арганізацый маглі брацца за справу літаральна працягам гэтых дзён. Але ў рэчаіснасці тэмпы папярэдніх работ пакідаюць жадаць лепшага, што і падкрэсліў Аляксандр Кохан: “Я глыбока занепакоены такой запаволенай працай: па шэрагу напрамкаў, работы, шчыра кажучы, яшчэ не пачаліся. Недзе выклікаюць пытанні лічбы ў каштарысах, у іншых выпадках за падлікі ўвогуле яшчэ не ўзяліся. А калі шчыра, большасць матэрыялаў ужо павінна быць набыта. Прадстаўнікі некаторых галін увогуле не могуць разабрацца зараз са сваімі аб’ектамі: што каму належыць і хто за што адказвае. Паважаныя, калі вы не маеце досведу, то я буду запрашаць вашае абласное кіраўніцтва і вырашаць праблемныя пытанні на іх узроўні”, – рэзюмаваў старшыня райвыканкама.

На нарадзе дакладвалі пра стан спраў прадстаўнікі большасці галін народнай гаспадаркі Петрыкаўшчыны. Найбольш змястоўна распавялі пра ход падрыхтоўчых работ спецыялісты сацыяльнай сферы: аховы здароўя, адукацыі і культуры, дзе аб’ёмы па добраўпарадкаванні аб’ектаў меншыя.

Не прамарудзіць з тэмпамі работ
У рамках добраўпарадкавання ў Капаткевічах плануецца капітальны рамонт больш за паўтара дзясятка шматкватэрных дамоў, добраўпарадкаванне цэнтральных вуліц, парку, рамонт будынкаў сацыяльнага значэння. Набудуць належны выгляд і тыя аб’екты, што не эксплуаціруюцца. На месцы былой кіназалы чакаецца ўзвядзенне амфітэатра.

“За плячыма ў большасці з вас ужо ёсць вопыт – не так даўно праходзіла добраўпарадкаванне Петрыкава і вы добра разумееце, якую каласальную работу трэба ажыццявіць працягам гэтай паловы года. Калі патрэбна кампетэнцыя спецыялістаў іншай галіны – не чакайце, выходзьце на сувязь і ідзіце насустрач адзін аднаму. І, канешне, выходзьце на навядзенне парадку разам з пасялкоўцамі. Менавіта мы, тыя хто жыве на гэтай зямлі, павінны ўзяцца за справу першымі, гэта дапаможа зэканоміць і час, і пэўныя грошы, і ў вочы прыбыўшым працаўнікам будзе глядзець не сорамна. А пакуль станоўчую адзнаку нашай з вамі рабоце я даць не магу”, – падвёў вынік Аляксандр Кохан.

Прадстаўнікі ўлады наведалі капаткевіцкі парк, які, згода з планам, набудзе сёлета сучасны выгляд. Старшыня райвыканкама азнаёміўся з ходам рамонтных работ у Капаткевіцкай гарпасялковай бальніцы.

Арцём ГУСЕЎ,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о