Усеагульную пашану і аўтарытэт насельніцтва Муляраўскага сельскага Савета Наталля Кулеш заслужыла сваёй працай і добрасумленнымі адносінамі да яе. Дваццаць пяць гадоў свайго жыцця Наталля Герасімаўна аддала Курыціцкай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі, а агульны стаж у медыцыне складае сорак гадоў.

Яе багатае на падзеі жыццё дакладней за ўсё апісаць так: шчыры клопат пра іншых. Маёй гераіні заўсёды хацелася, каб людзям навокал было добра, і няма розніцы, гэта твой родны чалавек ці выпадковы знаёмы. А яшчэ жанчына любіць жыццё ва ўсіх яго праявах. Таму і выбрала для сябе пасля заканчэння Смятаніцкай сярэдняй школы  шлях у медыцыну, а менавіта – акушэрскі накірунак. У Мазырскім медвучылішчы атрымала спецыяльнасць “Акушэр” і была накіравана на першае месца працы ў радзільны дом у Жыткавічах.

Годна крочыць па жыцці– Працаваць адказна было цікава, хвалююча і вельмі цікава. Калі на свет з’яўляецца новае жыццё – неперадавальнае пачуццё, – успамінае суразмоўца. – Ведаеце, з першых дзён, калі апранула белы халат, зразумела для сябе дзве рэчы: я не маю права на памылку і чужы боль – мой боль.

Доўга ў суседнім раёне медык не працавала: выйшла замуж за земляка і хутка стала маці. Маладая сям’я вырашыла пераехаць  на Петрыкаўшчыну, дзе ў Курыцічах было сваё жыллё. У хуткім часе акушэрку запрасілі ў Петрыкаўскі радзільны дом. У 1990 годзе яна пераступіла парог да-дзенай установы і сем гадоў прымала на свет маленькіх землякоў і глядзела ў шчаслівыя вочы іх маці. Але жыццё ўнесла свае карэктывы. Цяжкія і балючыя. У Наталлі Герасімаўны загінуў муж. На руках засталіся трое дзяцей. Пра начныя змены і паездкі ў райцэнтр трэба было забыць. Па ўласнай просьбе, жанчыну перавялі ў медустанову па месцы жыхарства.
– Сёння Курыціцкая амбулаторыя ўрача агульнай практыкі – цэнтральная ўстанова Муляраўскага сельскага Савета, да якой прыпісваюцца Смятаніцкі і Муляраўскі ФАПы. На абслугоўванні 1300 чалавек. Ёсць машына хуткай дапамогі, – расказала Наталля Герасімаўна, якая выконвае абавязкі загадчыка. – Установа прапануе жыхарам асноўныя медыцынскія паслугі: можна здаць аналізы, атрымаць унутрывенныя, унутрымышачныя ін’екцыі, зрабіць прышчэпку ад кавіду і грыпу, прайсці агляд. Акрамя таго, у амбулаторыі маюцца два месцы для дзённага стацыянару, куды прыходзяць жыхары, каб прайсці курс лячэння з дапамогай кропельніц, і якія запатрабаваны па максімуме.

Па вызначаных днях з гарадской бальніцы прыязджае ўрач, які пры неабходнасці можа выпісаць рэцэпт на лекі, атрымаць якія можна ў мясцовай аптэцы. Суразмоўца не ўтойвае, што для жыхароў аграгарадка і навакольных вёсак, сярод якіх, дарэчы, шмат пажылых і адзінокіх, амбулаторыя, безумоўна, вялікая зручнасць: адпадае неабходнасць ехаць па дапамогу ў райцэнтр.

Па першым выкліку медык едзе да пацыентаў у суседнія вёскі. Ведае, што там патрэбна яе дапамога. Галоўная ўзнагарода для яе – здароўе сяльчан. За ўважлівасць, спагадлівасць, выключную чалавечнасць медык штодзень чуе нямала ўдзячных слоў ад землякоў. Яна засталася верная клятве Гіпакрата, з ёю людзям надзейна і спакойна.

Святлана СОБАЛЕВА, фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о