Будуюць мікрараёны і займаюцца рэканструкцыяй гістарычных цэнтраў, узводзяць дамы і ствараюць цэлыя архітэктурныя ансамблі, асвойваюць новыя тэхналогіі і матэрыялы – штогод у другую нядзелю жніўня ў Беларусі адзначаецца Дзень будаўніка.

Знайшоў сваё прызваннеУпэўнена, што жыхары райцэнтра радыя таму, што наш горад за апошнія гады змяніўся. Практычна ўсё, што трапляе ў наша поле зроку – зроблена нечымі рукамі. Часцей за ўсё – будаўнікамі. Сяргей Перавалаў у будаўніцтве – усё сваё самастойнае жыццё. Натхніў яго на гэтую сферу дзейнасці родны дзядзька Усевалад Рог.
– Адразу пасля заканчэння Курыціцкай сярэдняй школы я паступіў у Мазырскі палітэхнікум на спецыяльнасць “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”, – пачаў дыялог Сяргей Генадзьевіч. – Там я даведаўся пра ўсе асновы: як пачынаецца будоўля, яе этапы, як арганізаваць будаўнічую вытворчасць, людзей і іншыя нюансы. Воляй лёсу затым я прымаў удзел у будаўніцтве трактарнага завода ў Смаргоні. Пасля – працаваў на бетонным заводзе майстрам участка ў тым жа горадзе. Увогуле ў Смаргоні я пражыў 25 гадоў. На радзіму вярнуўся 10 гадоў таму. З таго часу працую майстрам рамонтна-будаўнічага ўчастка ў КВУП “Петрыкаўскі райжылкамгас”.
У брыгадзе майстра ўчастка Сяргея Генадзьевіча 11 чалавек, сярод якіх 3 дзяўчыны-тынкоўшчыцы.

– Сваімі работнікамі я задаволены, – працягвае будаўнік. – Упэўнена магу сказаць, што мы адна каманда. Многія з мужчын сумяшчаюць у сабе некалькі прафесій, што, дарэчы, вельмі правільна. Са значных аб’ектаў, у будаўніцтве якіх мы бралі ўдзел – гэта ЗАГС. У 2019 годзе цэнтр горада ўпрыгожыў фантан – таксама справа рук нашых спецыялістаў.

Сфера дзейнасці арганізацыі вельмі шырокая: эксплуатацыя кацельняў, цеплавых сетак, выпрацоўкі і рэалізацыі цеплавой энергіі спажыўцам, выкананне рамонтных, будаўніча-мантажных работ на аб’ектах цеплавой гаспадаркі, эксплуатацыя і рамонт жыллёвага фонду, прадастаўленне камунальных паслуг – водазабеспячэнне, водаадвядзенне, саначыстка.

На пытанне, ад чаго больш за ўсё Сяргей Генадзьевіч атрымлівае задавальненне, адказвае:

– Падабаецца і працэс, і вынік, але больш за ўсё, калі задаволены кліент. Мы сапраўды працуем на якасць. Не любім прыязджаць на аб’екты і нешта дарабляць, любім адразу ўкладаць усе сілы.
Наш майстар абвяргае фразеалагізм “шавец без ботаў”. Уклаўся ён і ў будаўніцтва ўласнай хаты.

– Правільна будзе сказаць: бацькоўскага. Дом у Курыцічах размешчаны на цэнтральнай вуліцы, таму, лічу, хай ён і будзе лепшым сярод астатніх, але акуратным – сапраўды! Таму я і вода-правод правёў новы, і плот паставіў новы, і рамонт у доме зрабіў.

Сяргей Генадзьевіч сцвярджае, што прафесія – абсалютна яго. Кажа, што апроч разлікаў, лічбаў, гэта яшчэ прафесія, у якой шмат зносін.
– Калі чалавек працуе, ён павінен атрымліваць не толькі матэрыяльную, але і душэўную ўзнагароду.

У канцы размовы суразмоўца зазначыў, што камунальнікі прафесійнае свята адзначаюць у канцы сакавіка, а пра будаўнікоў гэтай арганізацыі часцей забываюць.
– Прыемна, што згадалі! Свята сваё мы адзначаем кожны год. Калегам хачу пажадаць моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту і цікавых заказаў!

Наталля Петрушэнка.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о