Вайна забрала яе маладосць, дзявочыя радасці і спадзяванні. Дваццацігадовая Вера Кароткая была прызвана ў дзеючую армію ў 1943 годзе. З роднай вёскі пад Арлом іх, трох дзяўчат, накіравалі ў 26 асобны зянітна-пражэктарны жаночы батальён. А закончыла вайну ў Лодзі пад Варшавай.

Дзяўчына з пражэктарам

Вера Аляксандраўна доўгія гады замоўчвала гэты факт са сваёй біяграфіі. Злыя языкі тады нядобрае гаварылі пра дзяўчат і жанчын, што служылі ў рэгулярных войсках. Забываючы пры гэтым, што яны ішлі цяжкім небяспечным шляхам да перамогі разам з мужчынамі, што стаялі на перадавой, наперадзе артылерыі, пад пастаяннай небяспекай авіяналётаў.

Сёння яе дачка, у якой цяпер жыве Вера Аляксандраўна, шкадуе пра тое, што мала пытала ў маці пра вайну, што тая не захавала свае ўзнагароды. Толькі Ордэн Айчыннай вайны І ступені застаўся. Ды стары фотаздымак, дзе маці разам са сваёй сяброўкай-аднавяскоўкай у ваеннай форме.

Дзяўчына з пражэктарамПамяць ветэрана вайны стала падводзіць. Не хоча захоўваць тое, ад чаго баліць душа і рвецца на кавалкі сэрца. Але памятае, як прызывалі яе ў армію. Бралі тых, у каго ў сям’і некалькі дзяцей, або сірот. Яна была адной з трох дачок у сям’і. І выбар упаў на яе – старэйшая, незамужняя, камсамолка.
Страшнымі былі першыя месяцы службы, затым боязь прайшла. На яе месцы з’явілася жаданне помсціць за забітых сябровак, салдат-артылерыстаў і ўсіх тых, каго не ведалі асабіста.

Ноч, гул самалётаў і яны – дзяўчаты з пражэктарамі. Хутка на слых сталі адрозніваць і варожыя баявыя паветраныя машыны, нават іх мадэлі. Кароткая папярэдняя вучоба ў пару месяцаў не давала гэтых ведаў. Тое прыйшло пад градам кулямётных чэргаў і свістам авіяцыйных снарадаў.

Светлы пераможны май прыйшоў ранішняй доўгачаканай навіной – капітуляцыя Германіі. Праз месяц Вера Аляксандраўна была ўжо дома, на Арлоўшчыне.
Потым дзяўчына – герой вайны – накіравалася ў Балтыйск, дзе і сустрэла свой лёс – Фёдара Кароткага. Ён, маладзейшы за яе на 10 гадоў хлопец, служыў там, а яна працавала сувязісткай. Хутка маладая сям’я прыехала на радзіму мужа ў Капаткевічы, так пажадалі яго родныя.

Амаль усё працоўнае жыццё Фёдар Рыгоравіч, былы вязень фашысцкага рэжыму, працаваў вадзіцелем на машыне “хуткай дапамогі” ў гарбальніцы, а Вера Аляксандраўна – дэзынфектарам у санстанцыі.

Лёс падараваў Веры Аляксандраўне доўгае жыццё, ахутанае цеплынёй і клопатам. Адзінаццаць гадоў таму не стала мужа, а пяць гадоў таму пераехала яна ў дом дачкі Марыі і зяця Сяргея Марцынкевічаў у Петрыкаў, дзе для маці ў яе 97 гадоў – галоўны клопат і павага.

Алена БРУЦКАЯ.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о