Уладзімір Міхайлавіч Макаравец нарадзіўся ў 1924 годзе ў працоўнай сялянскай сям’і. У Конкавічах скончыў пяць класаў “сямігодкі”. Здавалася б, можна працягваць вучобу, але здарылася бяда: у 1937 годзе пайшоў з жыцця бацька. Моцна гаравала маці, Ганна Іванаўна. Паплакала, але не ўпала духам. Апорай стаў для яе сын Уладзімір.

Чалавек вайны, чалавек працыПрырода надала Уладзіміру Макараўцу магутную фізічную сілу, працаздольнасць, што дазволіла яму яшчэ падлеткам не саступаць у працы дарослым. На плечы юнака легла цяжкая праца.
У гады ваеннага ліхалецця жанчыны, састарэлыя, падлеткі рабілі ўсё для перамогі над ворагам. Гэтым займаўся і Уладзімір: разбураныя хаты, вокны трэба было рамантаваць, аднаўляць. Тут і спатрэбіў-ся Валодзя жанчынам, чые мужы ваявалі на фронце.

Уладзімір умеў рабіць аконныя рамы, зашкляць вокны, вырабляць драўляныя бочкі, вёдры. Толькі да яго і звярталіся за гэтым. Сёння адной дапаможа, заўтра другой, пры гэтым не патрабуючы нічога ўзамен. Дарэчы, сёння з такімі людзьмі “нягуста”.
Іншы раз здаецца, што ведаеш чалавека даўно, а калі выпадае, то і расказаць пра яго цяжка. Так і ў мяне з Уладзімірам Міхайлавічам. Але коратка можна пра яго сказаць адно – на Уладзіміра Міхайлавіча можна быць толькі падобным!
Аднойчы, гартаючы кнігу лекавых траў, натыркнуўся на ліст паперы, дзе было напісана пра Уладзіміра Макараўца. Так званае кароткае інтэрв’ю.
Бліжэй пазнаёміўся я з ім, калі папрасіў, як добрага спецыяліста, дапамагчы мне і словам, і справай у пабудове вяранды. І тут за кубачкам чаю ён расказаў мне пра свой жыццёвы шлях. Гэта дазволіла мне яшчэ больш замацаваць меркаванне, што Уладзімір – дабрэйшай душы чалавек з адкрытым сэрцам, ветлівы, са своеасаблівым гумарам. Пасля яго споведзяў я не стрымаўся і сказаў яму:
– Добры ты чалавек, Міхайлавіч…

На гэта ён мне адказаў, што добрымі людзьмі карыстаюцца дзеля асабістай карысці. Але ж гэта крыўдна і брыдка: на дабрыню абавязкова трэба адказваць дабрынёй. Зло сушыць душу і перашкаджае нармальнаму жыццю.
Аднойчы ён сказаў мне:
– Калі чалавек сумуе без справы, значыць, ён упрыгожвае сваё жыццё. Так, майстэрства ў Макараўцоў – гэта сямейная адметнасць.
Яшчэ адна рыса характару гэтага чалавека была такая: за што ён браўся, тым і захапляўся. Напрыклад, садам і агародам. Чаму я ўзгадаў гэта? Ды таму, што і цяпер яго селішча, дзе некалі жыў гэты чалавек, упрыгожваюць цудоўныя дрэвы яблынь і груш.

Чалавек вайны, чалавек працыАле вернемся да вайны. Фашысты адступалі 1 ліпеня 1944 года. Уладзімір Макаравец быў прызваны ў Чырвоную Армію. З першых дзён вайны ён шукаў землякоў, аднавяскоўцаў ці хаця б каго з Петрыкаўшчыны. Меркаваў, калі параняць, то напіша маці душэўна і справядліва, што любіў Радзіму, што не баязлівец, што нідзе не знайсці салдат, якія маглі б так стойка змагацца. Такія думкі наведвалі маладога салдата.

За кароткі тэрмін ён ужо валодаў стралковай зброяй. Прыбалтыйскі фронт, Першы беларускі фронт, Польшча, Германія – вось шляхі-дарогі, па якіх ішоў Уладзімір.
Ён узгадваў такі эпізод. Гэта было ў Прыбалтыцы. Стралковыя падраздзяленні кінуліся на ўзмацненні. Уладзімір прыкрываў з фланга сваіх салдат. Супраціўленне было зломлена. Паўсюль ляжалі целы, дым, кроў. І тут Уладзімір зразумеў, што смерць зазірнула яму ў вочы. Сам здзіўляўся, як здолеў уцалець. А колькі яшчэ было такіх баёў у Прыбалтыцы!

Пазней ваяваў на Першым беларускім фронце. Страшныя баі былі ў Польшчы. У баях за Варшаву быў кантужаны. Праваляўся два месяцы ў шпіталях, зноў пайшоў у бой.
Трэба распавесці пра яшчэ адзін эпізод, пра які не змог змаўчаць мой суразмоўца. А было гэта вось што: лейтэнант Чарноў і яго рота, у якой ваяваў Валодзя, была ў засадзе. Васямсот немцаў ішлі ў атаку на роту Чарнова. Яны ведалі, што супраць іх толькі жменя салдат, немцы былі ўпэўнены ў перамозе. Рота Чарнова маўчала. Вораг падступаў усё бліжэй і бліжэй.

Ужо чутна было хрыплае дыханне ворага, але рота маўчала. Вось дзвесьце метраў… хацелася крычаць: “Халера вазьмі, з якой сталі выплаўлены Вашы нервы, таварыш лейтэнант?!”. Сапраўды, якую волю трэба мець, каб упарта і цярпліва чакаць той хвіліны, якая прыносіць перамогу! Вось што значыць – савецкі салдат!
Невыпадкова Уладзімір палюбіў лейтэнанта, як роднага брата.
Калі змагаліся на подступах да Берліна, то Уладзімір быў сур’ёзна паранены. Фашысцкі “гасцінец” трапіў у грудзі і прытаіўся побач з сэрцам. Хірург спачатку не рызыкнуў аперыраваць. Час ішоў, а франтавік беспрытомна ляжаў у шпіталі. І ўсё ж медыкі разумелі, што час патрабуе ўмяшальніцтва. І яны рызыкнулі. Дарэчы, у баях у Германіі Уладзіміру Міхайлавічу было прысвоена званне сяржанта. Ён быў узнагароджаны Ордэнам Вялікай Айчыннай вайны І ступені (за храбрасць, стойкасць і мужнасць, праяўленыя ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі – Ордэн № 863074). Узнагароджаны таксама Ордэнам Чырвонай Зоркі (№ 3096524) і Ордэнам Чырвонай Зоркі ад 8 жніўня 1945 года (№371358), а таксама медалямі “За перамогу над Германіяй”, дзесяццю юбілейнымі медалямі, у тым ліку медалём Георгія Жукава.
У 1948 годзе Уладзімір Макаравец пабраўся шлюбам з каханай 18-гадовай Палінай Іосіфаўнай. Дарэчы, Паліна была маёй аднакласніцай. Стварыўшы сям’ю, яны абодва ўпарта працавалі. Хутка з’явіліся дзеці: Каця, Таццяна, Васіль. Так Паліна стала дамашняй гаспадыняй.

– Усё, што ёсць добрае ў маім жыцці, – прызнавалася пры сустрэчы Паліна, – гэта мой каханы муж.
Уладзімір Міхайлавіч працаваў механізатарам, а калі ў калгасе з’явілася піларама, то перайшоў туды. Сваім дзецям далі адукацыю: Васіль мае нават дзве – эканамічную і педагагічную.
Уладзімір Міхайлавіч быў клапатлівым мужам і бацькам. Словам, гэта была ідэальная сям’я. Дочкі з пяшчотай адгукаліся пра сваіх бацькоў. Распавядалі, што Паліна Іосіфаўна была добрай гаспадыняй, выпякала смачныя пірагі, займалася рукадзеллем. У бацькі былі залатыя рукі. Самавучка ад прыроды, ён майстраваў для дома мэблю. Любіў людзей, шанаваў гасцей і родных, умеў аб’ядноўваць людзей.
Сапраўды, Уладзімір Міхайлавіч быў душой калектыву. Яго любілі за вясёлы нораў, добрае сэрца. Усім імкнуўся дапамагчы словам і справай. Як бачым, лёс ветэрана вайны і працы склаўся ў мірным жыцці добра. Памёр Уладзімір Макаравец 10 кастрычніка 2005 года. Памяць пра гэтага чалавека жыве ў сэрцах многіх жыхароў Конкавіч.

Аляксей МІЦУРА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о