У сучасным свеце большасць людзей жыве сваім жыццём і сваімі клопатамі. Таму часам  мы забываемся на тое, якую цану заплацілі нашы продкі за мірнае неба над нашымі галовамі. Але ёсць сярод нас тыя, хто ніколі не забудзе жахаў вайны. Гэта не толькі ветэраны, але і звычайныя дзеці, падлеткі, якія хоць і не змагаліся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, але былі сведкамі падзей акупацыйнага рэжыму, генацыду беларускага народа.

Дзіця вайны – дзіця ПерамогіЭма Мікалаеўна Рымша нарадзілася 4 кастрычніка 1932 года на станцыі Хойнікі, гэта прыкладна ў трох кіламетрах ад горада. Жыла яна разам з бацькам Мікалаем Фёдаравічам Снегіром, мачахай Крывапушкінай Ліліяй Якаўлеўнай і трыма сёстрамі.

22 чэрвеня ўсю краіну абляцела навіна: пачалася вайна. Маленькай Эме было ўсяго дзевяць гадоў. На долю дзяўчынкі выпала шмат страшных выпрабаванняў: бацьку забралі на фронт, двух старэйшых сясцёр эвакуіравалі, а яна засталася з мачахай і малодшай сястрой дома.

Пасля ўцёкаў з палону пад Бранскам, Мікалай Фёдаравіч увайшоў у буйное мясцовае партызанскае злучэнне Каўпака, якое займалася вызваленнем раёна, і стаў адным з камандзіраў. З-за гэтага мачаху з малодшай сястрой Эмы Мікалаеўны забралі ў турму і прыгаварылі да расстрэлу. У апошні момант мачаху з дзіцям на руках выратаваў ад прысуду работнік жандармерыі і сябар яе бацькі Самсонаў. Яе адзіную з дзіцям вывелі са строю прыгавораных  да расстрэлу, усіх астатніх забілі.

У адсутнасць мачахі і сястры, дзевяцігадовую Эму хаваў у сябе брат аднаго з паліцаяў. Затым мачаха вярнулася. Пасля таго, што здарылася, Мікалай Фёдаравіч арганізаваў ноччу пераправу сям’і праз лес да партызанаў. Так яны сталі жыць у зямлянцы, у сямейным лагеры пры партызанскім атрадзе. Там сям’я пражыла да самага канца вайны.

3 ліпеня 1944 года Беларусь вызвалілі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Эма Мікалаеўна вярнулася з сям’ёй у свой стары дом, які, на шчасце, ацалеў, бо ў ім жылі нямецкія афіцэры. Аднак так пашанцавала не ўсім. Вайна не прайшла бясследна – шмат хто з землякоў вяртаўся на папялішча.

Мікалай Фёдаравіч быў прызначаны старшынёй райвыканкама, але стаў вельмі цяжка хварэць і памёр у 1962 годзе. Пазней слава партызана Мікалая Фёдаравіча Снегіра яшчэ не раз дапамагала Эме Мікалаеўне на яе жыццёвым шляху.

Цяжкім было жыццё ў пасляваенны час: уся Беларусь была разбурана, грошай не хапала, як і правізіі, і медыкаментаў. Пасля заканчэння школы Эма Мікалаеўна паехала вучыцца ў Рэчыцкі медыцынскі каледж. Скончыўшы яго, прыехала ў Навасёлкі працаваць медсястрой на новым, не так даўно адкрытым участку. Тут пачалася і завяршылася яе працоўная дзейнасць.

Эма Мікалаеўна 40 гадоў ад-працавала медсястрой і памошніцай акушэркі, дбаючы пра здароўе жыхароў сваёй і навакольных вёсак.

У 1954 годзе яна выйшла замуж за Рымшу Васілія Сцяпанавіча. За гады шлюбу ў іх нарадзілася чацвёра дзяцей: два сыны і дзве дачкі. Разам яны пражылі цэлых 66 гадоў! Аднак сёлета сям’я панесла цяжкую страту: Васі-лія Сцяпанавіча не стала. Зараз Эма Мікалаеўна ўсё яшчэ жыве ў Навасёлках, гадуе ўнукаў і даглядае за невялікай гаспадаркай.

Усё роўна, колькі гадоў прой-дзе пасля тых страшных падзей… Ёсць людзі, якія памятаюць і наўрад ці калі-небудзь забудуцца на тыя жахі. І яны перадаюць успаміны сваім нашчадкам. Бо кожны з нас павінен памятаць пра тых, чыё жыццё, маладосць і дзяцінства забрала вайна.

Кожны з нас павінен разумець, што ва ўсяго ёсць свае наступствы. Кожны з нас павінен ведаць, што шлях да цяперашняга мірнага, шчаслівага жыцця праклалі нашы продкі, а шлях у будучыню будуем мы самі.

Лідзія ДУБІНА.

Фота аўтара.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о