Бытуе меркаванне, што праца аграрыя выхоўвае і правярае чалавека на сталасць і мужнасць. Сапраўды, людзі, правераныя суровымі буднямі сельскагаспадарчай вытворчасці, крыху другія. Яны добразычлівыя: па-другому нельга, бо ў гаспадарцы, як і на сяле, усё на віду, а значыць, любое сказанае грубае слова гаворыць пра твае чалавечыя якасці. Яны працавітыя: працаваць прывыклі на знос і насуперак усім цяжкасцям. Яны не ўмеюць хваліцца: лічаць непрыстойным афішыраваць плады сваёй працы. Яны актыўныя: нават пасля выхаду на заслужаны адпачынак з задавальненнем працуюць і, паверце, не толькі па прычыне матэрыяльнай падтрымкі. Менавіта такія людзі нашы суразмоўцы – сапраўдныя, працавітыя, сціплыя – Галіна Уладзіміраўна і Уладзімір Уладзіміравіч Герасіменкі. Брат і сястра. Абодва працуюць у ААТ “Агра-Пціч”. Яна – аператар машыннага даення, ён – трактарыст-машыніст. У кожнага свае сем’і, захапленні і погляды на жыццё, а любоў да роднай зямлі, цяга да працы – адна, напэўна прывітая з малаком маці, бо не першы год з’яўляюцца перадавікамі вытворчасці ў сваіх сферах.

Малочныя рэкі даяркі Галіны
Галіна працуе на жывёлагадоўчай ферме ўсё сваё працоўнае жыццё. З работай жывёлавода пазнаёмілася яшчэ будучы школьніцай: маці працавала даяркай на гэтай жа ферме і часта брала дачку з сабою. Прафесія “даярка” даўно перайменавана ў “аператара машыннага даення”. Сапраўды, працэс атрымання малака стаў механізаваным, але працаваць па-ранейшаму цяжка. Ранішняя дойка пачынаецца, калі большасць вясковых жыхароў бачаць сны. Жанчына ставіць будзільнік на чатыры раніцы, бо каля пяці трэба быць на працы. Дойка доўжыцца да сямі гадзін раніцы. Потым невялікі перапынак – і ў палове дванаццатай трэба зноў быць “на пасту”. А трэццяй гадзіне даярка вяртаецца дадому, каб вярнуцца на ферму ў шэсць вечара. Зноў некалькі гадзін дойкі – і толькі бліжэй да дзесяці можна адпачыць. Але ў чатыры зноў зазвоніць будзільнік.

Усё жыццё на роднай зямліЦяжка ўявіць, як прыстасавацца да такога жыццёвага рытму.
– За доўгія годы працы я ўжо ўцягнулася ў такі рэжым, арганізм працуе як гадзіннік, – нібы апраўдваючыся гаворыць суразмоўца, і паказвае сваю гаспадарку. – У большасці даярак – свой “фронт” работы. Я адказная за сто тры каровы. Прытым да трыццаці цялушак бывае ў мяне на раздоі. Наша праца сёння аблегчана прымяненнем даільных апаратаў, але прафесія патрабуе фізічнай сілы, моцнага здароўя і любові да жывёл.
Галіна Уладзіміраўна знаёміць са сваімі абавязкамі, дэманструючы вялікую працаздольнасць. Працэс машыннага даення кароў уключае падрыхтоўку даільнага апарата і вымені кароў да даення, кантроль непасрэдна за працэсам, зняцце даільных апаратаў.
– Некаторыя людзі думаюць, як можа паўплываць даярка на колькасць малака? Галоўнае ж для жывёлы корм, правільна складзены рацыён. А я скажу так, даярка на ферме – галоўны чалавек. Можна ж так падыйсці да каровы, што яна малако не дась ці аддась, а не ўсё. За жывелай патрэбны кожнадзённы нагляд, а калі падыйці з ласкай, і сама яна да даяркі пацягнецца, тады і надоі будуць большыя. Менавіта дзякуючы такому падыходу да працы ў мяне з адой каровы за мінулы год надой склаў амаль тры з паловай тоны.
Сама жывёлавод ужо на заслужаным адпачынку, але працу кідаць не збіраецца, гаворыць, што сілы яшчэ ў яе ёсць. Як здароўе будзе дазваляць, так і будзе працаваць Што дома сядзець?
У чым сакрэт поспеху Галіны? У вопыце, ведах, вытрымцы? А можа ў тым, што за знешнім спакоем, лагоднасцю гэтай жанчыны хаваецца асаблівы характар, у якім спалучаюцца сабранасць, цярпенне і душэўнасць .

“Не ведаю як растлумачыць: гэта маё…”
– Я не ведаю, як растлумачыць: гэта маё, – гаворыць пра прафесію трактарыста-машыніста Уладзімір Уладзіміравіч. – Я іншых прафесій не разглядваў. Бацька наш, як і маці, працаваў у гаспадарцы – фуражыраваў кармы. З дзяцінства з ім я на ферме. З падлеткавага ўзросту зразумеў, што мне хочацца працаваць з тэхнікай. Пасля школы пайшоў вучыцца на механізатара і працую па сённяшні дзень.
Суразмоўца расказвае, што прайшоў усе віды механізатарскай працы на зямлі: ад нарыхтоўкі кармоў да збору ўраджаю. Адчуў усе цягаты і радасці жыцця трактарыста.

Усё жыццё на роднай зямлі

Усякага было ў маёй працоўнай дзейнасці: бачыў і неўраджайныя гады і багацце хлеба, што зямля радуе, бывала, што надвор’е вымушала ўраджай ратаваць. Да сваёй справы падыходжу з энтузіязмам, са стараннем. У нашай справе можна толькі так працаваць, – дзеліцца аграрый сваімі думкамі …
Не шматслоўны мой суразмоўца. Можа таму, што будні механізатара не так ужо і багаты на ўражанні: у поле едзе з узыходам сонца, з захадам вяртаецца. У працоўнай біяграфіі была і работа на камбайнах і трактарах, раннія да світання пад’ёмы і начныя змены, рамонт тэхнікі прама ў полі. Рукі вясковага механізатара былі запатрабаваны заўсёды і ўсюды. Сціплы, працалюбівы, дысцыплінаваны, ён не цураецца ніякай работы. Любая справа, за якую бярэцца – ладзіцца. Пагэтаму пераўзысці вынікі яго работы за мінулы год па нарыхтоўцы кармоў, а гэта 9456 тонн, не ўдалося нікому ў гаспадарцы.За доўгае працоўнае жыццё не чакаў пахвалы за сваю працу. Працуе па сумленню. Бо па іншаму не можа.

Мудрасць аграрыя: перадаць вопыт маладым
Нашым героям любоў да працы прывілі бацькі, якія былі прыкладам чалавека працы.
Сямейныя традыцыі не спыніліся. Галіна Уладзіміраўна маці пецярых дзяцей, Уладзімір Уладзіміравіч – дваіх. Большасць з іх выбралі працу на роднай зямлі. А яшчэ, у брата з сястрою на дзве сям’і пятнаццаць унукаў і гэта дае нам надзею думаць, што нашы палеткі ў надзейных руках, а праца аграрнага комплексу ў надзейных працавітых руках.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о