Ехаць у рэдакцыю пасля сустрэчы з гэтай жанчынай хацелася моўчкі. Патрэбна было пабыць сам-насам са сваімі думкамі, асэнсаваць пачутае, каб зразумець у поўнай ступені, што прышлося перажыць беларусам у часы Вялікай Айчыннай вайны. Не пакідала адчуванне няёмкасці, што заставіла сталага чалавека растрывожыць памяць пра перажытае ў дзяцінстве. Восемдзесят гадоў назад, 15 лютага, нямецкае войска спаліла вёску Радкаў. Грыневіч Соф’я Мікалаеўна – жывая сведка тых падзей сядзела перада мною і, пытаючыся пераадолець хваляванне, расказвала пра той страшны дзень. Ёй нялёгка было згадзіцца на інтэрв’ю – здароўе ў яе ўзросце ўжо не дазваляе хвалявацца. І хоць жанчына амаль страціла зрок – яе вочы перадавалі эмоцыі ўстрывожанай душы. Пагадзілася яна на сустрэчу для таго, каб нагадаць нам усім – вайна гэта вельмі страшна.

Радкаў… У чым жа, вёсачка, твая віна?

 

Веліч бессмяротнага подзвігу нашага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, памяць пра ахвяры, разрухі, прымушаюць нас зноў і зноў звяртацца да тых далёкіх і грозных гадоў. Тысячы беларускіх вёсак былі абрабаваныя і знішчаныя. Спаленныя беларускія вёскі – гэта не проста ахвяры вайны. Яны вынік мэтанакіраваннай палітыкі генацыду фашысцкага камандавання.

– Я нарадзілася ў вёсцы Радкаў. На пачатак вайны мне было каля васьмі гадоў. У нашай сям’і было двое дзяцей. Жылі як звычайныя вяскоўцы. Шмат працавалі, сябравалі, гадавалі дзетак, будавалі планы на будучыню. Пачалася вайна і жыццё крута змянілася, – пачала свой аповед Соф’я Мікалаеўна. – Многія з аднасельчан былі прызваныя на фронт, шмат землякоў пайшлі да партызан.

Вакол вёскі быў лес і населены пункт быў партызанскай зонай.
– Той страшны дзень у жыцці маім і маіх аднавяскоўцаў прыйшоў 15 лютага 1942 года. Мы, дзеці, гулялі на вуліцы, калі пачулі роў матацыклаў.
Суразмоўца не можа стрымаць хвалявання: відавочна, што боль ад перажытага не праходзіць усё жыццё. Голас яе дрыжыць, вочы засцілаюць слёзы. Гледзячы на гэтую сівую жанчыну, якая аддалася ў палон страшных успамінаў, ком у горле мяшае мне гаварыць. Соф’я Мікалаеўна працягвала.

– Карнікі, заехаўшы ў вёску, загадалі жыхарам выйсці ў цэнтр населенага пункта. Члены кожнай сям’і павінны былі стаць групай, паасобку ад другой сям’і. Калі вяскоўцы выканалі загад, пачалася “сартыроўка”. Адзінокіх, маладых, тых, у каго не было дзяцей, або толькі двое – выводзілі і накіроўвалі на станцыю для адпраўкі ў Германію. Суседка суразмоўцы, у якой было багата дзяцей, незаўважна “падкінула” яе маці сваю дачушку, каб карміліцу сям’і не забралі ў Германію. Дапамагло. Усю жудасць падзей дзяўчынцы давялося чуць і бачыць – як крычалі дзеці, адарваныя ад матуль, як галасілі тыя, хто застаўся чакаць сваёй смерці. Пакуль ішоў “адбор”, немцы з аўтаматамі акружылі ні ў чым не павінных жыхароў. Казалі, што мэта карнікаў была дамагчыся, каб партызаны выдалі сябе і пачалі вызваляць землякоў. У выпадку хоць аднаго стрэлу з боку партызан – жыхароў расстралялі б. Партызаны, разумеўшы гэта, не выдалі сябе.

– А пасля мы назіралі як гарэла наша вёска, – гаворыць удзельніца тых падзей. – Тую карціну пажарышча не дай Бог бачыць нікому. Людзі гаварылі, што застаўшыхся людзей, якіх не пагналі для адпраўкі ў Германію, не спалілі зажыва выпадкова: перакладчыца ўгаварыла нямецкае начальства адпусціць дзяцей і жанчын.
Маці Соф’і Мікалаеўны з дзецьмі пайшла да сваякоў у Акрыёны. Лёс не шкадаваў дзяўчынку. Не аднойчы яшчэ маёй суразмоўцы даво-дзілася бачыць смерць.
– У Акрыёнах былі жыхары, якія дапамагалі партызанам. Нехта выдаў іх прозвішчы немцам, – успамінае жанчына. – Іх расстралялі і закапалі ў ямцы каля Людзвінова. Людзі бачылі гэта. Усе плакалі, маліліся за загінуўшых, але зрабіць нічога не змаглі.
Цяжкім было і пасляваеннае жыццё гераіні. Іх сям’я, як і другія сем’і, вярнулася на папялішча роднай вёскі, каб пачаць новае жыццё. Аднаўляцца было цяжка. Бацька загінуў на вайне. Дзеці працавалі нараўне з дарослымі.

Нягледзячы на атрыманыя душэўныя раны, Соф’я Мікалаеўна знайшла сілы жыць далей. Стварыла сям’ю і годна выхавала сына, сям’я якога стала апорай на старасці гадоў. Дачакалася ўнукаў і праўнукаў.

Тэма вайны ніколі не стане забытай. Усе мы раз-пораз жадаем адзін аднаму мірнага неба над галавой, доўгіх гадоў жыцця і дадаём: “Абы не было вайны”. Варта яшчэ і яшчэ ўзгадаць пра палітыку генацыду, бо фактычна ўся мясцовасць Беларусі – гэта спаленыя вёскі і партызанскія зоны. Гэта сотні, тысячы і мільёны лю-дзей, якія пацярпелі. Спакутаваная наша зямля ўдоваль паспытала крыві. І тыя, хто нарадзіўся ў мірны час, павінны рабіць усё магчымае, каб родная зямля не цярпела больш такія пакуты і абразы.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о