Працоўны калектыў Курыціцкай сярэдняй школы за дасягнутыя вынікі ў арганізацыі адукацыйнага працэсу, унясенне значнага ўкладу ў сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна па выніку раённых спаборніцтваў – у ліку лепшых устаноў сярод сацыяльнай сферы.
Пра працаздольнасць педагагічных работнікаў і жаданне быць наперадзе нашаму выданню распавяла дырэктар названай установы Валянціна Марозька.

“Хачу падзякаваць калектыву за зладжаную шматгадовую працу”, – пачала размову Валянціна Уладзіміраўна. – Тое, што нас адзначылі на раённым злёце перадавікоў, кажа пра многае. Мы сапраўды прыкладаем усе намаганні, каб нашы вучні – 58 хлопчыкаў і дзяўчынак – былі ў ліку лепшых не толькі ў раёне, а і ў вобласці, рэспубліцы. Педагогі – самаадданыя, адказныя людзі, увогуле, фанаты сваёй працы. Усе – выпускнікі школы”.

Па словах суразмоўцы, кожная школа выбірае свой шлях, місію і прызначэнне.
“Гэта менавіта тое, што аб’ядноўвае вучняў, настаўнікаў, бацькоў. У нашу місію закладзены сэнс проста чалавечы. Мы хочам стварыць для вучняў такія ўмовы, дзе яны маглі б не толькі вучыцца і развівацца, а і праяўляць свае творчыя і лідарскія якасці, стаць асобамі. Школа павінна стаць месцам, куды дзіця ідзе з задавальненнем.
Нашы намаганні пацвярджаюцца дыпломамі на конкурсах розных узроўняў, у тым ліку міжнародных. Так, нашы дзеці адзначаны дыпломам ІІ ступені на рэспубліканскім конкурсе “Сцяжынкамі Бацькаўшчыны”, дыпломам ІІІ ступені – “Юны фізік”, “Юны географ”, дыпломам ІІ ступені на міжнародным конкурсе “Мая Айчына”.

У ліку лепшых педагогаў – Марыя Буднік, яе вучні – прызёры алімпіяд розных узроўняў па геаграфіі. Андрэй Лосеў – лідар па падрыхтоўцы рабят у алімпіядзе па фізіцы. Васіль Ганусевіч – адзін з лепшых у краязнаўчым руху. Святлана Кулеш паказвае вынікі ў сферы інфарматыкі.

Радует нас ініцыятыўная і творчая маладая спецыялістка, настаўніца нямецкай мовы Юлія Шуберт. З яе лёгкай рукі вучань Ілья Боўсун па выніках конкурсу “Я патрыёт сваёй краіны” атрымаў білет на знакаміты беларуска-расійскі праект “Цягнік Памяці”, створаны па ініцыятыве кіраўнікоў верхніх палат парламентаў дзвюх краін.
Таксама мы ўкараняем у навучальны працэс аўтарскія праграмы, якія цікавыя дзецям. Гэта гісторыка-турыстычны праект “Вытокі”, валанцёрскі рух “Міласэрнасць”, праект па бяспецы жыццядзейнасці “Пажарныя-выратавальнікі”.

Нашы вучні, нашы настаўнікі – твар нашай школы, і ўсе мы нясем адказнасць за тое, што робім”.
Валянціна Марозька сама з ліку выпускнікоў Курыціцкай школы. Яна прайшла вялікі шлях ад настаўніка да дырэктара школы. Была ў свой час і старшынёй прафсаюзнай арганізацыі.

“Тое, што я выпускніца школы, вельмі дапамагае. Я ведаю ўсіх бацькоў вучняў. Для многіх школа застаецца толькі ўспамінам, а для кагосьці любімым месцам працы. Так, дырэктар – пасада не з лёгкіх, вельмі шмат працэсаў трэба кантраляваць, але зносіны з дзецьмі – рэч незаменная. Мы з настаўнікамі і дзецьмі думаем у адным кірунку”.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о