Вялікае прафсаюзнае свята спорту прайшло ў панядзелак на гарадскім стадыёне “Прыпяць” з нагоды Першамая.

Ва ўрачыстай цырымоніі падвядзення вынікаў і ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў раённай спартакіяды работнікаў галіны адукацыі Петрыкаўшчыны і ўручэння значкоў Дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу Рэспублікі Беларусь прынялі ўдзел каманды ўстаноў адукацыі і ўладальнікі бронзавых, срэбраных і залатых значкоў ДФАК. Ганаровым госцем мерапрыемства была намеснік старшыні райвыканкама Святлана Сянько.

Дарэчы, у раённай спартакіядзе работнікаў галіны адукацыі, старт якой быў дадзены ў перыяд веснавых школьных канікул, прынялі ўдзел 20 каманд з 24 устаноў адукацыі раёна. Усяго – 240 удзельнікаў: кіраўнікі, прафсаюзныя лідары, настаўнікі, работнікі тэхнічнага персаналу, ветэраны галіны змаглі адчуць атмасферу актыўнага і здаровага ладу жыцця. Сярэдні ўзрост удзельнікаў спартакіяды – 43 гады, сярэдні ўзрост самай старэйшай каманды, якой, між іншым, стала каманда Капаткевіцкай СШ, – 60 гадоў!
І вось яна, доўгачаканая цырымонія ўзнагароджання. Згодна з Палажэннем аб Спартакіядзе і па рашэнні арганізацыйнага камітэта спецыяльным дыпломам узнагароджана каманда дашкольнай установы адукацыі, якая ўпершыню за час правядзення галіновай спартакіяды заявілася ва ўсіх відах спартыўных спаборніцтваў. Каманда, у якой толькі дзяўчыны, што побач з мужчынамі змагаліся за перамогу. У намінацыі “Упэўнены старт” узнагароджана каманда ДУА “Дзіцячы сад № 7 г. Петрыкава”.

У асабістым першынстве ў стральбе прызавыя месцы сярод удзельнікаў спаборніцтваў размеркаваліся наступным чынам: трэція сярод мужчын – Павел Шэлест са Смятаніцкай сярэдняй школы і Канстанцін Васілец з Конкавіцкай сярэдняй школы, другі – Аляксандр Чычыкайла з гімназіі, пераможца – Дзяніс Аляксандраў з Галубіцкай сярэдняй школы.

У жаночым супрацьстаянні 3 месца ў Алены Дзербень з Галубіцкай сярэдняй школы, 2-е – у Ірыны Рудаўскай з Курыціцкай сярэдняй школы, перамогу святкавала Віталія Дзікан з гімназіі.

У настольным тэнісе пераможцы размеркаваліся наступным чынам: Аляксандр Нікіцюк з Мышанскай сярэдняй школы – трэці, Мікалай Бандарэнка з Пціцкай сярэдняй школы – другі, Валерый Снітко з Ляскавіцкага дзіцячага садка – пераможца.
Жаночы рэйтынг выглядае наступным чынам: 3-е месца ў Аксаны Скрабец з першай гарадской школы, 2-е – у Вольгі Корж з другой гарадской школы, 1-е – у Аксаны Кавальчук з Курыціцкага дзіцячага садка.

У валейболе, самым масавым спартыўным спаборніцтве галіновай спартакіяды, бронзавы прызёр – зборная каманда Ляскавіцкай сярэдняй школы і Ляскавіцкага дзіцячага садка, срэбра ў зборнай каманда Чалюшчавіцкай і Лучыцкай сярэдніх школ, перамогу святкавала каманда Капцэвіцкай сярэдняй школы.

Па выніках галіновай спартакіяды ў агульнакамандным заліку прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: 3 месца ў зборнай каманды Ляскавіцкай сярэдняй школы і Ляскавіцкага дзіцячага садка, 2-е – у каманды гімназіі, бясспрэчны лідар агульнага заліку – зборная каманда Смятаніцкай і Курыціцкай сярэдніх школ. Між іншым, каманда-пераможца заносіцца на раённую Дошку гонару раённай арганізацыі галіновага прафсаюза.

У дзень працы землякам, што шчыра сябруюць са спортам, былі ўручаны нагрудныя знакі ДФАК. Старэйшае пакаленне памятае, як у Савецкім Саюзе самым моцным і хуткім выдавалі значкі “Гатовы да працы і абароны”. Для яго атрымання неабходна было выканаць шэраг нарматываў, якія перыядычна мяняліся. Але пры гэтым выконвалася асноўная мэта – людзі актыўна пачыналі займацца фізічнай культурай і спортам.

У Беларусі на змену праграме ГПА прыйшоў Дзяржаўны фізкультурна-аздараўленчы комплекс, праграма якога складаецца з 6 ступеняў, дыферэнцыраваных па розных узроставых групах ад 7 да 60 гадоў.

У 2021 годзе ў нашым раёне ў выкананні нарматываў комплекса прынялі ўдзел больш за чатыры сотні чалавек з устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў раёна. Нарматыў выканалі больш за сто ўдзельнікаў, якім у гэты святочны дзень і былі ўручаны заслужаныя ўзнагароды.

Завяршыліся святочныя першамайскія мерапрыемствы адкрыццём сезона фантанаў і канцэртам у амфітэатры, якія таксама падаравалі жыхарам і гасцям райцэнтра шэраг прыемных хвілін.

Галіна КАЗАК, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о