Духавы аркестр гучыць праз гады

0
340

Духавы аркестр гучыць праз гады

Праглядаючы старыя фотаздымкі мы зноў знайшлі картку, якой бы хацелі падзяліцца з вамі, паважаныя чытачы.

Дзяржаўныя святы не абыходзяцца без ансамбля “Дружба” Петрыкаўскай дзіцячай школы мастацтваў. Кампазіцыі ў выкананні духавых інструментаў сталі своеасаблівай візітоўкай горада і дазваляюць не толькі адчуць асалоду ад музыкі гараджанам і гасцям горада любога ўзросту, але і аддацца ўспамінам маладосці людзям сталага веку.
Нехта абавязкова пазнае на фота сярод удзельнікаў духавога аркестра сваякоў. Яно і не дзіва, бо творчы калектыў за некалькі дзесяцігоддзяў аб’яднаў багата музычна адораных землякоў. Застаецца толькі здагадвацца, з якім гонарам глядзелі на музыкантаў іх блізкія, калі тыя праходзілі з гучным маршам па цэнтральнай вуліцы горада, ці, як на фотакартцы, віталі творчым падарункам тых, хто спяшаўся наведаць канцэртную праграму ў раённым Доме культуры.
А паглядзіце, якія модныя гэтыя хлопцы: адпрасаваныя каўнеры на шырокі манер, белыя сарочкі ці папулярныя ў той час стракатыя кашулі, падклёшаныя штаны, сонечныя акуляры ў шырокай аправе. Ды што гардэроб, на такіх спраўных, падцягнутых хлопцах любая вопратка будзе сядзець як след!
Нехта з удзельнікаў стаў сапраўдным музыкантам, скарыў не адну сцэну нашай краіны, а потым ужо і сам стаў педагогам і членам журы прэстыжных музычных фестываляў. А нехта застаўся на малой радзіме і шчыра працаваў на карысць Петрыкаўшчыны.
Здаецца, здымак рубяжа 70-80-х гадоў – выдатная выява нашай паўсядзённай гісторыі. Гэты артыкул з фотакарткай вы можаце знайсці на нашым сайце і ў сацыяльных сетках і падзяліцца ім з сябрамі і знаёмымі. Няхай добрыя настальгічныя пачуцці будуць аб’ядноўваць як мага больш землякоў!

Арцём ГУСЕЎ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о