Напярэдадні злёту перадавікоў мы пагутарылі з дырэктарам філіяла “Капаткевіцкая перасоўная механізаваная калона” РУП “Калінкавічывадбуд” Алегам Козінцам, які за добрасумленную працу і эфектыўную работу быў ганараваны званнем “Кіраўнік года – 2021”.

Галоўны прынцып – праца

– На сённяшні дзень у нас працуе 56 чалавек. Сярэдні заробак на канец года склаў 757 рублёў. Летась нашыя паказчыкі склалі 111 %, да паказчыкаў года пазамінулага. У грашовым эквіваленце гэта крыху больш за 2,1 міліёна рублёў. Адпаведна выручка на кожнага члена калектыва склала каля 41 тысячы рублёў, што складае 115 % рэальных грошай да года 2020-га. Але галоўнае, што аргані-зацыя мае аб’ёмы работы. Мяркуйце самі: у 2021-м заказ дзяржбюджэту склаў 53 %, а ў астатнім мы былі занятыя на іншых работах: гэта і водазабеспячэнне, і праца на лесасеках, і буйныя сельскагаспадарчыя работы. Так, да сяўбы для аграрыяў, мы падрыхтавалі каля 3,5-4 тысяч гектараў глебы, нібы моцнае сельгаспрадпрыемства. Шырокай была і геаграфія нашых камандзіровак: Нароўля, Мінск, Слуцк, Любань, – узгадаў Алег Георгіевіч.
Сёлета ж каля 90 % заказаў з бюджэту і тычацца выключна профілю арганізацыі – меліярацыі. Не менш прыемна, што праводзіцца праца будзе менавіта на Петрыкаўшчыне: адновяцца плошчы, гідразбудаванні, што годна служылі 50-60 гадоў, але хутка будуць патрабаваць рамонту. Працэс заканамерны і добра, што ажыццяўляецца ён своечасова. А для калектыву гэта яшчэ і зручна, бо працаваць давядзецца на месцы, без далёкіх камандзіровак.
Дырэктар адзначае, што працоўныя адносіны склаліся з калектывам даўно, тым больш, што даволі многа спецыялістаў маюць вялікі вопыт працы ў арганізацыі. Ды і сам Алег Георгіевіч працуе ў ПМК-67 ужо 38 гадоў.
“Галоўны наш прынцып – шчырая праца. Перашкод, каб выконваць задачы і адольваць аб’ёмы, няма, а кожны працаўнік на сваім месцы. Да сямі гадзін раніцы мы выпраўляемся на аб’екты, а сёмай вечара – вяртаемся з працы. Усё дакладна і зразумела”, – адзначыў мужчына.
У час размовы склалася ўражанне, што ПМК-67, нібы руплівы гаспадар, не цураецца любой работы, намагаецца зарабіць, не марнуючы час. Заканамерна, што і добрыя вынікі нашых меліяратараў не вымушаюць чакаць.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о