У дзень святкавання 500-годдзя горада Петрыкава на стадыёне фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Прыпяць” спартыўнага свята чакалі аматары футбола. Петрыкаўскі “Шахцёр” прымаў віцебскі клуб “Макслайн” у 22-ім туры першай лігі Нацыянальнага чэмпіянату Беларусі.

Матч гэты, здаецца, быў перапоўнены паралелямі. Адразу згадвалася сустрэча мінулага года, калі амбіцыйны “Шахцёр” атрымаў першае ў чэмпіянаце паражэнне ад тады яшчэ рагачоўскага “Макслайна” ў гасцявым матчы 9 мая. Памятаю, тады прымаючаму боку перамога была патрэбна больш, чым заўсёды – у Рагачове адкрываўся стадыён і паглядзець матч прыйшло некалькі тысяч чалавек. Так і на гэта раз, у Дзень горада на трыбунах сабралася больш заўзятараў, чым калі-небудзь і ўсе яны чакалі калі не перамогі, то хоць бы нічыёй і папаўнення рахунку ачкоў петрыкаўскай дружыны.

Спачатку ціснулі гаспадары. Небяспечны ўдар нізам запусціў мяч каля правай штангі. Яшчэ некалькі спроб штурму брамы “Макслайна” плёну не далі і гульня перасунулася на палову поля гаспадароў. І тут трэба зрабіць удакладненне з пункту гледжання ўласных пачуццяў: калі пачынаеш глядзець паўторы вострых момантаў на трансляцыі – яшчэ да ўдару заўважаеш чаканыя, на вялікі жаль, памылкі і ў галаву прыходзіць думка, што чым бы не скончылася гэтая атака, парвецца ў рэшце там, дзе тонка.

Так было і на гэты раз: спачатку нападаючы “Макслайна” без праблем атрымаў мяч і перамясціўся ўлева, дзе, маючы прастору, прабіў па варотах. Усё б нічога, бо мяч у створ брамы так і не паляцеў, але слабая апека ў зоне брамніка – дрэнная перспектыва на гульню. Вуглавы ў варот “калійшчыкаў” толькі павялічваў хваляванне: розыгрыш злева перад штрафной, закід на правы кут варот, падстаўленая галава вольнага ад абароны жоўта-чорных нападаючага – і мяч у сетцы. Лік не змяніўся, бо футбаліст гасцей знаходзіўся ў пазіцыі па-за гульнёй. Але ўстойлівая грубая памылка ў абароне “Шахцёра” з гульні ў гульню не дае спадзявацца на заканамерны станоўчы вынік.

Яшчэ, самае меншае, адзін штурм бракаваў тым жа недаглядам. Але “Макслайн” усё ніяк не мог прыстасавацца да трапнага завяршэння сваіх атак. Добра, што хоць “салевікі” не прамаруджвалі з актыўнасцю на полі. На 36-ай хвіліне навес з правага кута замкнуў галавой Станіслаў Стэфановіч, але снарад быў запушчаны значна вышэй перакладзіны. А потым той жа нападаючы прабіў са стужкі штрафной, трапіўшы ў штангу. Па сутнасці, госці рабілі падобныя памылкі прадстаўляючы прастору і не вельмі шчыльна апякаючы апанента бліз сваёй брамы – відавочная паралель.

Калі памятаеце, стратэгія гаспадароў у апошніх сустрэчах давала плён. Былі спадзяванні, што і на гэты раз замены абумовяць больш атакуючы футбол “салевікоў” у другой палове матча. “Шахцёр” пасля свістку, што абвяшчаў пачатак другога тайма, стаў у занадта высокую пазіцыю. Перахопам мяча, доўгай перадачай і імклівай атакай “Макслайн” абрэзаў апанентаў, пакінуўшы “калійшчыкаў” за спінамі сваіх форвардаў: выхад да варот, удар, гол на 46-й хвіліне. Нібы жахі памылак першага круга чэмпіянату вярталіся на поле…
І зноў свісток, перадача мяча абароне, закід на фланг і страта мяча. На гэты раз усё скончылася аўтам, але варыятыўнасць, відаць па ўсім, моцным бокам гаспадароў не назавеш.

Праз дзевяць хвілін мяч трапіў у варатара, але Станіслаў Стэфановіч канчаткова “дакруціў” магчымасць з левага фланга, аддаў перадачу да правага кута варот Андрэю Болвану, які скіраваў мяч у сетку – 1:1 на 65-ай хвіліне. Зноў роўны лік і адказаць на пытанне: хто на гэтым фінальным адрэзку будзе спрытней – складана. Але адно было зразумела дакладна: ні на хвіліну не варта было спакушацца на палёгку, што ў атацы, што ў абароне.

На 78-ай хвіліне ўсё ж не палёгка вырашыла вынік. Накід з вуглавога пераправіў мяч сваёй галавой нападаючы “Макслайна”. Класічны розыгрыш, які ў большасці выпадкаў не здолела б “выцягнуць” любая абарона – 1:2.
Шанец пазмагацца за нічыю яшчэ быў, добрых хвілін 15, улічваючы дадатковы час, меў у распараджэнні “Шахцёр”. Традыцыйна каманды ў такім становішчы нарошчваюць тэмп, у той час як, на маю думку, трэба наадварот крыху прыпыніцца і арганізаваць атаку найбольш якасна: аглядаючыся навокал, слухаючы таварышаў, апрацоўваючы мяч…

Але атрымалася наадварот, на апошніх хвілінах гаспадары збавілі тэмп, паслабілі ўвагу і далі саперніку быць “на мячы” перад варотамі ў час даволі павольнай атакі. Зноў паралель, што адыграла ў адваротны бок: як па нотах, адыгрываючы ад памылак саперніка, розніцу ў ліку павялічылі госці – 1:3, на 3-яй хвіліне дадатковага часу. І зноў прывіды былых хіб гульні наведалі “Шахцёр”: здаецца, і навучыліся годна заканчваць сустрэчы, не прапускаючы на апошніх хвілінах, але зрэшты далі слабіну.

Ведаю, нехта з чытачом будзе задавацца пытаннем: дык што, “калійшчыкі” ўсё ж не знайшлі свой футбол? Няўжо адносны поспех апошніх сустрэч – супа-дзенне абставін. Мне здаецца, што не. Справа тут у іншым: зараз пачалася серыя сустрэч з моцнымі клубамі, якія наўпрост не дазваляюць “салевікам” навязаць сваю манеру гульні. Шкада, што плённы вынік каманда пачала атрымліваць занадта позна, мінуўшы тых сапернікаў, з якімі можна працаваць на перамогу.

Так ці інакш, “Шахцёр” застаецца на 16-ым, перадапошнім месцы ў табліцы з 9-цю ачкамі. У бліжэйшага канкурэнта – “Слоніма” – 13-ць балаў, на апошнім радку “Асіповічы” з 5-цю ачкамі ў актыве.
Наступны матч петрыкаўская дружына правядзе ў Астраўцы, а потым будзе чакаць у госці клуб “Маладзечна”. Гульня адбудзецца 17 верасня ў 16 гадзін.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о