Кожную раніцу будняга дня бацькі вядуць сваіх гарэз у дзіцячы сад. Вясёлая дзятва бяжыць з задавальненнем ва ўстанову. І невыпадкова, бо там ім добра і ўтульна, як дома. З дня ў дзень абслугоўваючы персанал стараецца парадаваць сваіх выхаванцаў цікавымі гульнямі, смачнымі абедамі, чысцінёй. Часам праца многіх работнікаў не кідаецца ў вочы, тым не менш, яна вельмі важная і патрэбная. Да такой “нябачнай працы” можна аднесці і дзейнасць памочніка выхавацеля, прасцей кажучы, няні.

Быць побач – і крыху наперадзеРукамі Алы Трухановіч, памочніка выхавацеля ДУ “Яслі-сад №3 горада Петрыкава”, выпеставана не адно пакаленне хлопчыкаў і дзяўчынак. На працягу трыццаці пяці гадоў жанчына прымае выхаванцаў, для якіх яна з раніцы да вечара сябар і памочнік.
Ала Георгіеўна нарадзілася і вырасла ў Петрыкаве. У свой час закончыла другую гарадскую школу і накіравалася ў абласны цэнтр набываць спецыяльнасць радыёмеханіка. Пасля заканчэння прафтэхвучылішча маладога спецыяліста працаўладкавалі на Гомельскі радыяцыйны завод. Там дзяўчына сустрэла свайго будучага мужа. Пасля вяселля маладая сям’я прыняла рашэнне пераехаць на Петрыкаўшчыну.

Быць побач – і крыху наперадзеУ 1986 годзе пачала сваю дзейнасць у якасці нянечкі.
– Калі пераехала на радзіму, прапанавалі працу нянечкі, – успамінае суразмоўца. – Думала, папрацую крыху, а далей знайду занятак па адукацыі. Але настолькі прыкіпела душой да маленькіх свавольнікаў, што так і засталася ў гэтай прафесіі назаўжды.
Гераіня расказвае пра сваю працу з задавальненнем, але не ўтойвае той факт, што праца патрабуе фізічных і эмацыянальных сіл.
– Шмат работы ў памочніка выхавацеля. Трэба дапамагчы правесці агульнаразвіваючыя заняткі, развучваць вершы, песні, удзельнічаць у ранішніках, сачыць за чысцінёй у групе, вымыць посуд, перамыць цацкі, апранаць дзетак на прагулку, – працягвае жанчына. – Дзяцей я вельмі люблю, але калі-нікалі праяўляю настойлівасць. Бывае, што хутчэй і лягчэй самой хуценька апрануць дзіця, завязаць шнуркі і павесці на прагулку, але я стараюся метадычна, паслядоўна прывучаць маленькіх да самастойнасці. І як узнагарода за маі намаганні – радасць дзіцяці, калі ў самога нешта атрымліваецца.

Няня памятае ўсіх сваіх выхаванцаў, цікавіцца іх жыццёвым лёсам, а з многімі падтрымлівае сувязь у сацыяльных сетках. На маё пытанне, ці бываюць у яе працы складанасці, шчыра адказала:

– У дзяцей па-рознаму праходзіць адаптацыя пасля залічэння ў яслі-сад. Адно адразу ідзе на кантакт, другое і плакаць пачынае. Бывае, малыя часам не ўмеюць трымаць у руках лыжку, баяцца садзіцца на гаршок. Знахожу падыход, зацікаўліваю, дзе пашкадую. Наогул, цікава назіраць, як маленькі чалавек вучыцца рабіць першыя крокі ў калектыўнае жыццё.
Словы падзякі гучаць у адрас работніка і ад загадчыка ўстановы Тамары Мікалаеўны Корж:

– Наша няня адносіцца да тых людзей, у якіх крыніца любові і дабрыні да дзяцей невычэрпная. Адказная, ведае сваю працу. Увесь дзень “на нагах” і пры гэтым заўсёды ветлівая і добразычлівая. Дзеці любяць яе, слухаюць, бацькі і калегі – паважаюць.
Маладым спецыялістам, якія прыходзяць да нас ва ўстанову, стаўлю ў прыклад працу Алы Георгіеўны.

Гледзячы на субяседніцу, разумееш, якая павінна быць сапраўдная нянечка – добрая, клапатлівая, акуратная, заўсёды гатовая працягнуць руку дапамогі, якая дорыць дзецям сваю любоў, а яны бягуць з усіх бакоў і заключаюць яе ў свае абдымкі.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о