Паездка ў вёску Піліпоны Ляскавіцкага сельскага Савета дазволіла мне ўбачыць ужо крыху забытую за гарадской мітуснёй першародную Палескую прыроду і пазнаёміцца з мудрым  і цікавым земляком. Аляксандр Браім адзін з чатырох жыхароў населенага пункта, пераступіў дзевяностагадовую мяжу і яго жыццёвы шлях – скарбніца гісторый з павучальным зместам. Скажу прама, ехала да героя, як да ахвяры фашызму, чалавека, які служыць прыкладам   для маладога пакалення, і рыхтавала сябе на больш  патрыятычны ўхіл размовы. Але з першай  хвіліны сустрэчы стала зразумелым: тэма для размовы будзе не адна і ход  яе вызначыць мой суразмоўца. Мяне сустракаў чалавек з вялікім кругаглядам і веданнем  падзей у свеце, асабістым меркаваннем, з бляскам у вачах, пачуццём гумару і сарказму – яго   завуаляваныя адказы на пытанні, сказаныя трапнымі народнымі выслоўямі,  патрабавалі асэнсавання  і  дакладна дэманстравалі яго думку.

Справа робіць чалавека  высакародным
Аляксандр Міхайлавіч жыве практычна на хутары: яго хата стаіць  на ўскрайку лесу, але ў гэтым ён бачыць толькі плюсы – свежае паветра, цішыня, павольны лад жыцця і пра пераезд у горад да дзяцей “не можа быць і размовы”, бо  “родная зямля дае жыватворныя сілы”.
Піліпоны – яго малая радзіма. Да вайны ў вёсцы была пачатковая школа, існаваў калгас “Перамога” пры Брынёўскім сельскім Савеце. Калі пачалася Вялікая Айчынная, хлопчык закончыў першы клас і той час пакінуў цяжкія ўспаміны. Галодныя, халодныя  гады ў лясных сховішчах,  бацькава інваліднасць – пасля Перамогі ў Берліне таму адарвала руку, доўгае пасляваеннае аднаўленне сямейнага паселішча – усё гэта горкім цяжарам засталося ў памяці  суразмоўцы. Гаворыць, дзякуе лёсу, што выжыў і здзейсніў мары ў жыцці. А марыў ён вучыцца далей, тым больш да пазнання навук меў добрыя здольнасці.
– Пасля вайны пайшоў у другі клас мясцовай школы, затым закончыў Брынёўскую васьмігодку і быў адразу па ўзросце прызваны ў Армію. Служыў у Арменіі, дзе атрымаў сведчанне кіроўцы і на машыне хуткай дапамогі ад’ездзіў тры гады. Напэўна, з тых часоў і з’явілася цяга да тэхнікі, – успамінае герой. – Адслужыўшы, вярнуўся дадому. Эканоміка пасля ваеннай навалы яшчэ не была адноўлена. Машын у гаспадарцы асабліва не было.  А на тыя, якія былі, патрэбна была больш вузкая спецыялізацыя і мяне раённая трактарная станцыя накіравала на вучобу ў Пінск, дзе я набыў спецыяльнасць трактарыста-машыніста шырокага профілю. З вучылішча выйшаў выдатнікам і працягнуў навучанне  ў індустрыяльна-педагагічным тэхнікуме па спецыяльнасці  “Тэхнік, механік, майстар вытворчага навучання”.
Атрыманая адукацыя дазволіла Аляксандру Міхайлавічу не толькі праявіць сябе ў якасці добрага механіка, а як і педагога, які навучаў дзяцей трактарнай справе ў Брынёўскай сярэдняй школе. Не адзін дзясятак хлопцаў сеў за руль сельгастэхнікі  ў раёне пасля прафесійных заняткаў педагога.
Гады жыцця, па словах майго новага знаёмага, паходзілі  і праходзяць насычана і яскрава.  Можа таму, што побач былі каханая і трое сыноў, якія  штодня нагадвалі, што шчасце побач. Сыны з сем’ямі і сёння частыя госці  ў хаце, а жонка ўжо пакінула гэты свет. Адметна, што ў нашага земляка заўсёды былі  захапленні, да якіх ён ставіўся сур’ёзна і з усёю адказнасцю.  Адно з ранейшых – выраб драўлянага посуду.  Больш для сябе, ну і для людзей, і ў падарунак. Жыхары  бліжэйшых  вёсак  і сёння памятаюць яго як добрага ўмельцу.
Здзівіў мяне доўгажыхар сваім апошнім хобі – вырошчваннем лімонаў і заняткамі аздараўленчай фізкультурай.  Першай справай захапіўся з дзясятак гадоў таму. Першы ўраджай, высаджан з зярнятка культуры, гаспадар чакаў дзесяць гадоў.  Зараз у яго гаспадарцы не адзін экзатычны куст. “Пах цудоўны і карысць ад ужывання”, – тлумачыць апавядальнік.  Другое захапленне  – для здароўя  і адказу ад лекаў: кожны ранак, лежачы ў ложку, пенсіянер выконвае комплекс фізічных практыкаванняў, рэкамендаваных спецыялістамі.
Александр Міхайлавіч, перагарнуўшы дзявяты дзясятак гадоў, аптыміст і бадзёры духам чалавек. Ён не згубіў інтарэс да жыцця і будуе планы на заўтрашні дзень.
– Любоў і павага да краю, да людзей – тое, чым я кіраваўся ў жыцці. А праца на зямлі заўсёды давала мне сілы і натхняла на здзяйсненні,– вызначыў вынік свайго жыцця мой апавядальнік.

Святлана Собалева,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о