Настаўнік працоўнага навучання Чалюшчавіцкай сярэдняй школы Уладзімір ПАНАСЮК стаў удзельнікам маштабнага музычнага тэлепраекта “X-Factor у Беларусі”.
Мы сустрэліся з земляком, каб з першых вуснаў даведацца пра ўражанні ад мерапрыемства.

– Эмоцыі і да гэтага часу перапаўняюць. Я, мусіць, адзіны з ліку ўдзельнікаў быў з вёскі і без музычнай адукацыі. Рызыкаваў, вядома, але ўсё ж, чаму б не паспрабаваць.
Уладзімір Аляксеевіч даведаўся пра кастынг на “X-Factor у Беларусі” па радыё, расказаў пра старт такога маштабнага конкурсу сваім дачкам. Яны і дапамаглі бацьку аформіць заяўку на кастынг. Уладзімір яшчэ першы час сумняваўся, такі конкурс маштабны, што рабіць там простаму настаўніку, але ўгаворы дачок былі мацней. Заяўку ўсё ж адправілі. Праз пэўны час – званок. Уладзіміра запрашаюць на праслухоўванне ў горад Мазыр.
– Патэлефанавалі мне 26 красавіка, а 28 трэба было быць ужо ў горадзе. На праслухоўванні выконваў некалькі песень. Там жа ўзялі ў мяне інтэрв’ю. Пасля – маўчанне. Мне толкам нічога не адказалі, прайшоў я далей ці не.
Пакінуў гэтую задуму. Так лета прайшло. Але вось мой юбілей 5 жніўня, адзначаю 50-годдзе і раптам званок. Такога прыемнага падарунку не чакаў. Мне паведамілі, што мой удзел ухвалілі і запрасілі ўжо ў Мінск 11 жніўня.
Тут хачу выказаць падзяку маёй сям’і за падтрымку, калектыву школы, дзе працую, а таксама даўняму сябру Віктару Гадуну – артысту з Капаткевічаў, які мне падказваў у некаторых вакальных момантах, дапамагаў выбраць рэпертуар, – падзяліўся герой.
Уладзімір Аляксеевіч вось ужо 18 гадоў працуе настаўнікам працоўнага навучання ў Чалюшчавіцкай сярэдняй школе. Тут жа, у Чалюшчавічах, ён нарадзіўся і вырас. Калі Уладзіміру было 5 гадоў, загінула яго маці і выхаваннем хлопчыка заняліся бацька, бабуля з дзядулем.

Дзякуй, бабуля!– Менавіта бабуля і навучыла мяне спяваць. Па вечарах мы збіраліся і спявалі розныя папулярныя тады песні. Затым выступаць саромеўся. Пакуль аднойчы мяне не папрасілі выступіць на канцэрце. Тады было папулярна ездзіць калектывамі ў іншыя ўстановы адукацыі і даваць канцэрты. Можна сказаць, што 2004 год стаў стартавым у маёй вакальнай дзейнасці.
Пасля заканчэння школы Уладзімір паступіў у адну з лепшых тады ВНУ СССР – Віцебскі ветэрынарны інстытут. Па словах героя, паступіць было не так складана, а вось вучыцца – у разы цяжэй.
– Я быў заўзятым футбалістам, гуляў у камандзе за інстытут. Гэта ў нейкай ступені палягчала мне вучобу. А затым па размеркаванні вярнуўся ў родны край і адпрацаваў 10 гадоў на ферме ветэрынарным урачом.
На пытанне, чаму з ветэрынара перакваліфікаваўся ў настаўніка, Уладзімір сцвярджае, што гэта лёс.
– У гэтай школе працоўнае навучанне вёў яшчэ мой бацька. А ўсюды, дзе быў бацька, там быў і я. Так што прафесію я ведаў, як свае пяць пальцаў. Дырэктар школы прапанаваў мне спачатку папрацаваць з дзецьмі, каб лепш зразумець, маё гэта ці не. Далей я скончыў акадэмію паслядыпломнай адукацыі. Мусіць, гэта мой лёс – працягнуць справу бацькі.
– Мы ўсе так перажывалі, – дадае жонка Наталля, якая была побач у час сустрэчы. – Я ўсё чакала, ну калі ён ужо патэлефануе.
– У Мінск мы паехалі толькі з дачкой Янай, – вяртаецца да тэмы конкурсу Уладзімір. – Вядучая мне тады шапнула, што галоўнае – пачаць размову з журы. Я крыху расказаў пра сябе, стараўся быць камунікабельным. Канешне, гэта не толькі конкурс спевакоў, гэта яшчэ і шоу. Упэўнены, гэта доля маладых. Але разбавіць кампанію можна.
– Прыемна, што жыхары Чалюшчавічаў аказалі каласальную падтрымку. Падаецца, што эфір глядзелі ўсе. Да гэтага часу падыходзяць людзі сказаць, што муж быў лепшы за ўсіх, – распавядае жонка Наталля.
Уладзімір з Наталляй выгадавалі дзвюх выдатных дочак. Старэйшая Яна працуе памочнікам урача ў цэнтральнай бальніцы горада Гомеля, малодшая Ангеліна педагогам у Цэнтры развіцця дзіцяці.
Цяпер Уладзімір адпачывае ад конкурсу, прымае віншаванні. І зусім не хвалюецца, што не трапіў у фінал.
– Згуляў, як футбаліст, у нічыю. З чатырох суддзяў двое далі мне станоўчы адказ. А Руслан Аляхно сказаў, што я падняў яму настрой. Спадзяюся, не яму аднаму.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о